Эрнэст Сабіла: “Гэта воля Божая, што падымаецца дух нацыі…”

Сяргей Астраўцоў, Горадня У панядзелак увечары гарадзенцы сустракаліся з былым вязьнем ГУЛАГу пратэстанцкім сьвятаром Эрнэстам Сабілам. Ён выступіў у дыскусіі “Царква Беларусі ў часы ганеньняў: рэжым сталінскі і сёньняшні”. Сустрэчу ў рамках “Гарадзенскіх дзён памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў” наладзіў мясцовы Рух “За Свабоду”. Паслухаць прыйшоў нават працаўнік ідэалягічнай службы.
Сустрэча са сьвятаром Беларускай эвангельскай царквы Эрнэстам Сабілам адбылася ў памяшканьні Таварыства беларускай школы. Прыйшла моладзь, ёсьць некалькі старэйшых людзей, бачу сівыя галовы.

Сабіла: “Я быў са сваёй абшчынай зарэгістраваны на кватэры, гады прайшлі, цяпер гэта стала беззаконьнем. Чаму гэта стала беззаконьнем, што зьмянілася? Настрой у бацькі зьмяніўся, і бацька зьмяніўся. Быў Шушкевіч, стаў Лукашэнка…”

Дмухоўскі: “Чаму ксёндз цяпер ня можа будаваць касьцёл? Чаму людзі павінны былі галадаць, каб дамагчыся сваіх правоў?”

Ідэёляг: “Чалавек, які хоча зрабіць насуперак чагосьці, падбухторыў іх на гэтую галадоўку”.

Дмухоўскі: “Гэта іхні пастар”.

Ідэёляг: “Якая розьніца? Гэта ня Бог, гэта пастар”.

Карэспандэнт: “Адзін з удзельнікаў пацікавіўся: чаму гарадзенскі ксёндз мусіў галадаць зь вернікамі, каб ім дазволілі будаваць касьцёл. Вось такая дыскусія ўзьнікла пры ўдзеле ідэоляга Андрэя Ярашэвіча”.

Эрнэст Сабіла (зьлева) выступае перад гарадзенцамі

Пасьля завяршэньня сустрэчы пастар Сабіла падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Я бачыў вочы слухачоў, і цераз вочы чалавек расказвае, што ў яго на душы. І я бачыў шчырую ўвагу, і таму ў маім сэрцы была радасьць. Я сёньня знайшоў іх — неабыякавых да стану грамадзтва. І гэта мне радасна, бо раней я ня бачыў побач з сабой аднадумцаў. Сёньня іх дзясяткі, сотні, тысячы. Гэта ад Бога, гэта не мая агітацыя, гэта воля Божая, што падымаецца дух нацыі”.

Карэспандэнт: “На сустрэчы з Эрнэстам Сабілам быў Мікола Маркевіч. Калі закрылі “Пагоню” і вас з Паўлам Мажэйкам засудзілі “за паклёп на прэзыдэнта”, ты адбываў пакараньне ў Асіповічах і цябе падтрымліваў Эрнэст Сабіла. Скажы: а якое тваё адчуваньне — ці сапраўды сёньня ў пэўным сэнсе працягваецца тая палітыка і некаторыя канфэсіі, цэрквы ўціскаюцца?”

Маркевіч: “Само жыцьцё, сам прыклад Эрнэста Сабілы — узор таго, як ідзе гэтае прыцясьненьне, наколькі шырока яно практыкуецца ў нашым жыцьці. Размова ідзе не пра гісторыю, размова ідзе пра сёньняшні дзень, калі царкву, якую ён прадстаўляе, заканадаўча забаранілі і яе вернікам даюць аграмадныя штрафы. Мы сёньня ведаем, як ідзе змаганьне за каталіцкі храм у Менску. Мы зьяўляемся сьведкамі, як ідзе змаганьне каталіцкай абшчыны і айца Аляксандра Шэмета ў Горадні за будаўніцтва касьцёлу. Гэта сьведчыць пра тое, што дыскрымінацыя людзей паводле канфэсійнай прыналежнасьці працягваецца, што беларусаў хочуць пазбавіць душы дзеля таго, каб імі маніпуляваць”.

Праваабаронцы зазначаюць, што правы вернікаў парушаюцца і сёньня, іх арыштоўваюць, штрафуюць. За апошні год (зь лета мінулага году) з краіны таксама выслалі больш за 25 замежных сьвятароў і манашак.


• Рэпрэсаваныя падзяліліся вопытам з моладзьдзю, 29.05.2007