<B>Расейскую мову выцясьняюць з рэспублік былога СССР</B>

Сяргей Абламейка, Прага Зімой сёлета прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвясьціў 2007 год Годам расейскай мовы. Расейскія ўлады заплянавалі мноства афіцыйных мерапрыемстваў ды імпрэзаў у Расеі і за мяжой для папулярызацыі расейскай мовы. Тым ня менш, паводле ацэнак экспэртаў, сфэра ўжываньня расейскай мовы ў краінах былога СССР няўхільна звужаецца.
На адкрыцьці Году расейскай мовы ў Парыжы раней сёлета наведнікаў імпрэзы сустракаў плякат “Расейская мова – першая мова камунікацыі ў космасе”. Арганізатары нагадвалі французам, што расейская – адна з шасьці афіцыйных моваў ААН. Тым ня менш, у многіх рэспубліках былога СССР, дзе расейская мова раней была шырока распаўсюджаная, сфэра яе ўплыву не без удзелу ўладаў пачала звужацца. Гаворыць намесьнік дырэктара Інстытуту расейскай мовы Расейскай Акадэміі Навук Леанід Крысін:

“Сапраўды, колькасьць людзей, якія ведаюць расейскую мову, паступова падае. Гэта, па-першае. Па-другое, малодшае пакаленьне ня ведае расейскую мову на такім узроўні, як яе ведала старэйшае пакаленьне за савецкім часам. І па-трэцяе, колькасьць школаў з выкладаньнем на расейскай мове драматычна зьменшылася. Агулам, у сфэры адукацыі школы, дзе выкладалі па-расейску, страцілі тыя пазыцыя, што былі пры савецкай уладзе”.

Толькі пяць з былых савецкіх рэспублік цяпер маюць расейскую мову ў якасьці афіцыйнай побач са сваёй нацыянальнай мовай. Гэта Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан ды Ўзбэкістан.Але нават у гэтых краінах праблема расейскай мовы застаецца. У Беларусі палітычная апазыцыя абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў русыфікацыі краіны і заклікае вярнуцца да беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

У Туркмэністане актыўна перашкаджаюць расейскай мове. Зачынены расейскія школы, што існавалі ў некаторых рэгіёнах, у 2002 годзе зачынілі таксама аддзяленьне расейскай філялёгіі ў дзяржаўным унівэрсытэце Туркмэністану. Цяпер усё навучаньне ў краіне вядзецца на туркмэнскай мове, таму расейскамоўныя абітурыенты часта ня могуць атрымаць паўнацэннай адукацыі.

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што нават у самой Расеі праблема расейскай мовы застаецца. У якасьці прыкладу прыводзяць каўкаскія аўтаномныя рэспублікі.

У Беларусі ў 1993 годзе, да прыходу ва ўладу Аляксандра Лукашэнкі, на беларускай мове навучаліся 76% першаклясьнікаў, у 2006 годзе – 18%. Усяго па краіне ў 2006 годзе на беларускай мове навучаліся 21.5% школьнікаў. Падчас перапісу 1999 году беларусамі назвалі сябе 81% насельніцтва. Беларускую мову назвалі роднай 73.7% жыхароў Беларусі, расейскую – 24.1%. У 1995 годзе ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум, на падставе рашэньня якога расейская мова атрымала статус дзяржаўнай мовы, роўны зь беларускай. Паводле афіцыйных дадзеных за гэта выказаліся 83.3% ад тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні.