Залесьсе: “Школы заўжды былі ў вёсцы цэнтрам духоўнасьці...”

Зьміцер Бартосік, Глыбоцкі раён, Віцебшчына Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 16 жніўня.
Школьніца зь вёскі Запрудзьдзе, шасьціклясьніца Валянціна Далідзёнак, пару месяцаў таму праславілася на ўвесь родны Глыбоцкі раён. Вядома, ня кожны ж дзень дзяўчынка выйграе ў лятарэю тры мільёны. І ня кожны дзень дзяржаўная лятарэя падманвае дзіця. Патлумачу сутнасьць справы. Удзельнічала дзяўчынка ў лятарэі “Ваше лото” детям”, з умоў якой лятарэйнымі квіткамі лічаць лісты вучняў з апісаньнем роднай школы. Грошы атрымліваюць ня самі дзеці, а школы. Ліст Валянціны стаў выйгрышным. Але прызу Запрудзкая школа так і не дачакалася. Гаворыць завуч.

Завуч: “Выцягваюць гэты наш канвэрт, дзе напісана: Далідзёнак Валя, вучаніца Запрудзкай базавай школы. Чарговыя тры мільёны каму? І выцягнулі нашу школу. А на наступны дзень аказалася, што мы ня можам прымаць удзелу ў гэтым конкурсе, бо ў іх ёсьць крытэры, каму можна дапамагаць. Яны могуць дапамагаць спартовым школам. Сярэднія школы, базавыя школы агульнага тыпу ня могуць удзельнічаць у гэтай акцыі. Высьветлілася толькі пасьля таго, як выцягнулі. А дагэтуль, цягам двух месяцаў, яны ня ведалі?”

Карэспандэнт: “Усё ж такі правільна я раблю, што не гуляю ў “Ваше лото”. Я здагадваўся...”

Завуч: “Правільна робіце. Такое адчуваньне, што ўсе, хто выйграе, – гэта падстаўныя людзі. Іх здымаюць для рэклямы”.

Карэспандэнт: “Грошы ў выпадку выйгрышу дасталіся б...”

Завуч: “Школе”.

Карэспандэнт: “Не дзяўчынцы?”

Завуч: “Не. Яна выйграла гэтыя грошы для нашай школы. Для звычайнай, сельскай, маленькай, беднай школы. Дзіцяці траўма і нам усім. Мы тут скакалі-бегалі. І тут нам – фіга”.

Карэспандэнт: “А якія праблемы ў звычайнай школы? Грошы на рамонт ёсьць, людзі працуюць”.

Завуч: “Няма грошай. Гаспадарка ў тыя гады хоць нечым дапамагала. Сёлета сказалі: нічым не дапаможам”.

Ці ня праўда, шаноўныя слухачы? Гэты эпізод з трыма мільёнамі рублёў вельмі ярка паказвае як матэрыяльны стан беларускай адукацыі, так і маральнае аблічча дзяржаўных “круп’е”.



Суседняя з Запрудзьдзем вёска Залесьсе – самае старое селішча Глыбоччыны. Згадка пра яе датуецца 1387-м годам. Зрэшты, яна й выглядае, параўнальна з сылікатным Запрудзьдзем, як Вільня мясцовага маштабу. На невялічкае Залесьсе – некалькі помнікаў гісторыі. Карчма, напаўразбураны драўляны касьцёл, зьнявечаная царква старавераў. Школа тут маецца таксама. Са сваімі праблемамі. Настаўнік гісторыі Рыгор Шарыпкін, высокі хударлявы маладзён, летась выкладаў у суседніх Лучайках. Але там школу закрылі.



Карэспандэнт: “Гэта аб’ектыўны працэс – закрыцьцё маленькіх школ?”

Рыгор: “Я так разважаю: пакуль мы нічога лепшага не маглі прыдумаць. Нам давялася ратаваць Залесскую сярэднюю школу. Бо найперш яна паўстала перад пагрозай закрыцьця. У Залесскай школе зусім не заставалася дзяцей. Таму пайшлі на такі крок – закрылі адразу дзьве школы”.

Карэспандэнт: “Усе гэтыя школы – беларускамоўныя?”

Рыгор: “Так, канечне. Таму й шкада. З закрыцьцём базавых школ у Капыльшчыне і ў Лучайцы пачынае загасаць культурнае і грамадзкае жыцьцё. Школы заўжды былі ў вёсцы цэнтрам усяго – і жыцьця, і адраджэньня, і духоўнасьці. Адразу зьмянілася атмасфэра ў тых вёсках. Рэчаіснасьць такая жорсткая”.

Карэспандэнт: “Закрываюць малыя школы. А куды разьмяркоўваюць людзей?”

Рыгор: “Пастараліся даць работу амаль усім – хоць якую-небудзь маленькую нагрузку. Па сутнасьці, ніхто не застаўся пакрыўджаным. Ніхто беспрацоўным не застаўся.

Водзячы мяне па старым Залесьсі, спадар Рыгор зь вялікім захапленьнем распавядаў пра краязнаўчы гурток, які стварыў у школе.

Рыгор: “Самае галоўнае, чаго я дасягнуў, – навучыў іх шанаваць спадчыну: дзе ні ідзяцё, – глядзіце пад ногі, што знаходзіце, – нясіце ў школу, у музэй. Потым чысьцім, рэстаўруем”.

Карэспандэнт: “Спадар Рыгор, а што гэта за пастамэнт такі дзіўны?”

Рыгор: “Пры Польшчы тут быў пастаўлены помнік маршалу Пілсудзкаму”.



Карэспандэнт: “У вёсцы?”

Рыгор: “У вёсцы. Потым, у савецкія часы, стаяў помнік Леніну, а потым ён – я ня ведаю, куды дзеўся. Састарэў дый разваліўся. Але якая моцная муроўка: стаіць ужо столькі дзесяцігодзьдзяў”.

Карэспандэнт: “Камандор сышоў... Сярод вашых археалягічных знаходак якой найбольш ганарыцеся?”

Рыгор: “Напэўна, гэта зуб маманта. А наагул кожная дробязь, знойдзеная на нашым гарадзішчы, сама па сабе ўжо адметнасьць. Таму мне нават кавалачак штрыхаванай ляпной керамікі – каштоўнасьць”.

Але пра адну праблему Залесскай школы спадар Шарыпкін чамусьці змоўчаў. Пра надзвычайнае здарэньне, што адбылося тут колькі месяцаў таму, распавяла мне іншая жыхарка вёскі. Прычым, суразмоўца мая са школай ніяк ня зьвязана.



Спадарыня: “У траўні месяцы заўчасна, трагічна, неяк зусім нечакана пайшоў з жыцьця чалавек, які меў права і мусіў доўга-доўга жыць. Ад яго залежала шмат людзей, дзяцей. Размова – пра дырэктара школы Канстанціна Кміту. Канстанцін Пятровіч пазбавіў сябе жыцьця.

Карэспандэнт: “А колькі яму было гадоў?”

Спадарыня: “Сорак”.

Карэспандэнт: “Ён што-небудзь пакінуў – якую цыдулку?”

Спадарыня: “Знайшлі работнікі пракуратуры: “Прашу прабачыць, зразумець і не асуджаць”. Вось такая была запіска. Спакойным почыркам”.

Карэспандэнт: “Што магло змусіць чалавека пайсьці на такі крок?”

Спадарыня: “Ну, відаць, у сэрцы гэтага чалавека склаліся падзеі так крытычна, што ён ня змог перажыць. А характар і гонар не дазвалялі зь некім падзяліцца. Усё ж пасада такая адказная. Думаў, што справіцца. А выйшла так: настолькі цжкае становішча атрымалася, што ня выкараскаўся чалавек. Плакалі ўсе на пахаваньні – вучні, суседзі, з усіх школ раёну папрыяжджалі. Настолькі шчырыя былі сьлёзы… Мы яшчэ па сёньня пад уплывам гэтых падзей. Таму што жывём побач, суседзі”.

Што магло вымусіць маладога здаровага мужчыну, дырэктара школы – не апошняга на сацыяльнай лесьвіцы чалавека, па сёньняшніх мерках, выбраць самазабойства? Пра гэта ўжо ніколі ня ўведаць. Але выказваюць здагадкі многія. Адзін чалавек, пажадаўшы застацца невядомым, даверыў свае думкі: не апошняю з прычын сталі, відаць, бясконцыя інспэктарскія праверкі з боку РаНА.

Калі раптам апынецеся ў тых краях, спытайце, дзе жыве Валянціна Павульская. Раю завітаць да яе ў госьці. Вы патрапіце ў дом вельмі гасьціннай, шчырай беларускі. У дом, дзе па сьценах вісяць карціны Язэпа Драздовіча і Пётры Сергіевіча, якіх гаспадыня добра ведала асабіста. Спадарыня Валянціна – дачка вядомага беларускага фальклярыста і выдаўца Янкі Пачопкі.



Валянціна: “Такое было ў свой час асяродзьдзе беларускае. Машара паэт дружыў з бацькам. Драздовіч быў. Асяродзьдзе беларускае было такіх шчырых простых беларусаў. Бо бацька мой сільна разумны быў, хоць і бацька. Ён і фальклярыст, ён і казкі пісаў, ён і вершы пісаў. “Ці помніш ты той сьветлы час, Пятроўкі дзіўныя дзянёчкі, Калі хадзілі мы ня раз Зьбіраць у поле васілёчкі”.

Карэспандэнт: “А Драздовіча ўспрымалі як дзівака?”

Валянціна: “Дзівосны чалавек быў. Сьпіць, а тады прачынаецца. Бацька кажа: “Ну, што ты там, Язэп, сёньня бачыў ува сьне?” І вось, як пачне ён расказваць. І пасьля ён усё гэта пачынае маляваць. “Ну што, дзядзька Язэп, тут намалявана?” “Гэта такія людзі на Месяцы”. “А гэта што зялёнае расьце?” “Гэта хрэн расьце”. Дзіўнаваты быў. Шмат чаго я цяпер пазнала пра яго. Стаялі ў нас на шафе ягоныя цэлыя чамаданы ўсякія. Археалягічныя раскопкі, альбомы да гэтых раскопак. Гэтая хата была ўпрыгожана ягонымі партрэтамі... зь Месяца: бабы гэтыя клюканосыя нейкія. Пасьля былі партрэты на дрэве. Выразаныя на дрэве”.

Але вернемся да іншай Валянціны, падманутай прызэркі, зь якой пачыналася наша падарожжа.



Карэспандэнт: “Вы вельмі радаваліся, калі…”

Валя: “Ну, канечне. Хацелася для школы выйграць гэтыя грошы”.

Карэспандэнт: “А ня крыўдна было, што Вам не дастанецца ні капейкі?”

Валя: “Не. Мы так жывём нармальна. Для школы трэба было. Інвэнтар купіць, палаткі”.

Карэспандэнт: “А Вы, я ведаю, займаецеся спортам”

Валя: “Грэка-рымская барацьба ў нас ёсьць, гурток”.

Карэспандэнт: “А чаму Вы выбралі менавіта гэты від спорту? Ён жа не такі жаночы”.

Валя: “Каб калі хто ўвечары падыдзе, дык магла сябе абараніць”.

Карэспандэнт: “А куды думаеце паступаць?”

Валя: “Я хачу ў пракуратуру, у міліцыю”.

Карэспандэнт: “Вельмі многа моладзі, і дзяўчат таксама, хочуць ісьці працаваць у міліцыю. А чаму гэта так папулярна стала?”

Валя: “Прэстыжная работа. Дапамагаць людзям добра”.

Карэспандэнт: “А дэманстрантаў разганяць?”

Валя: “Таксама. Каб ня было ніякага шуму, забастовак. Таксама добра”.

Дзьве Валянціны – суседкі. Адна нарадзілася ў даваеннай Польшчы, другая ў незалежнай Беларусі. Паміж імі дыстанцыя – семдзясят гадоў. Яны гавораць на розных мовах. Як быццам, жывуць у розных краінах. У міліцэйскую Акадэмію Валянціна маленькая будзе паступаць у 2012-м годзе.