“Прэмірована мая карова, я кахаць цябе цяпер гатова!”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 21 жніўня ў розныя гады мінулага.
“Беларуская вёска”, год 1927. Газэта паведамляе: “Сяляне Сененскага раёну, Віцебскай акругі, сабралі ў фонд на пабудову эскадрыльлі “Наш адказ Чэмберлену” 300 рублёў 91 капейку. Грошы ўжо адасланы. Выклікаюць сялян Бешанковіцкага раёну, Аршанскай акругі, Гарадзецкага і Чашніцкага раёнаў, Віцебскай акругі. Жажэлкоўскі Камітэт Узаемадапамогі ўнёс у фонд на пабудову эскадрыльлі “Наш адказ Чэмберлену” 3 рублі... Мы, сяляне мястэчка Пясочнае Капыльскага раёну, уносім 5 руб. 75 кап. на пабудову “Наш адказ Чэмберлену”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году перадрукоўвае фэльетон радыё “Вызваленьне”: “Савецкі пісьменьнік ніяк не абыйдзецца без каровы... Карова — носьбіт і сацыялістычнага багацьця, і новых сацыялістычных адносін да працы, да новага быту і, безумоўна, — крыніца сацыялістычнага рэалізму!.. Кароўніца! Гэта ж гучыць горда!.. Нездарма-ж адзін зь беларускіх паэтаў гаворыць вуснамі калгасьніцы-кароўніцы: “Прэмірована мая карова, Я кахаць цябе цяпер гатова!” Колькі тут сацыялістычнага рэалізму, марксысцка-ленінскага сэнсу і, як самі бачыце, — высокага сацыялістычнага майстэрства”.

”Свободные новости”, 1997 год. Генадзь Бураўкін піша: “Ігнараваньнем юбілею Брыля кіраўніцтва краіны паказала ня тое каб сваю палітычную ангажаванасьць, а элемэнтарную чалавечую нявыхаванасьць. Прэзыдэнт жа ва ўнукі Брылю годзен. Аляксандар Рыгоравіч у школе чытаў творы Брыля, атрымліваў нейкія адзнакі — і каб не павіншаваць такога пісьменьніка з 80-годзьдзем! Гэта, скажам прама, хамства!”