Віталь Зыблюк: “Пэрспэктыва ў музыкаў ёсьць, але не ў Беларусі”

Юрась Бушлякоў, Прага Госьць “Начной Свабоды” – музыка, гітарыст гурту "Парасон", журналіст і перакладчык Віталь Зыблюк.
Бушлякоў: “Сёньня – Дзень салідарнасьці. Ці бралі вы калі ўдзел у акцыях на дзень салідарнасьці?”

Зыблюк: “У прыватнасьці, мы бралі ўдзел у якасьці гурта "Парасон" – у мінулым годзе, калі быў "Джынсавы фэст". Пасьля гэтага канцэрту ў нашага вакаліста пачаліся вялікія праблемы, яго выгналі з працы, і зараз патрабуюць вярнуць 8 мільёнаў... Апроч гэтага я сам аднойчы ўдома запаліў сьвечкі ўвечары ва ўсіх вокнах... Ведаеце, салідарнасьць – такое пытаньне, ці трэба браць разавы ўдзел, ці трэба пра гэта памятаць заўсёды. Вялікая колькасьць людзей пра гэта памятае, але ня ўсе могуць у нейкі канкрэтны час запаліць сьвечку... Я заўсёды пра гэта памятаю”.

“Кожны беларус найперш салідарны сам з сабой”

Бушлякоў: “Ці назвалі б вы беларусаў салідарнымі людзьмі?”

Зыблюк: “Кожны беларус найперш салідарны сам з сабой. Беларусы – такая нацыя... Вельмі добра гэта падаў Іван Мележ, намаляваўшы вобраз сапраўднага беларуса Васіля – каб у суседзяў згарэлі пуні і г.д. На жаль, мы такія людзі. Але ёсьць частка актыўных людзей, і менавіта на іх трымаецца тое, што зараз ёсьць. І ў прынцыпе, так заўсёды і было. Ня можа ўвесь народ быць салідарны. Людзей найперш турбуе сваё, побытавае, тое што на кухні, у лядоўні, а ня тое, што адбываецца за вокнамі. Але ёсьць шчырыя, адданыя людзі, якія працуюць на будучыню, якія гатовыя аддаць сябе, каб нешта было. Такія людзі заўсёды былі ў гісторыі Беларусі, ёсьць яны і цяпер”.

Бушлякоў: “Гурт "Парасон" летась перамог на фэстывалі "Басовішча". Што дае такая перамога – прызнаньне, грошы, магчымасьць у добрых умовах запісаць дыск?”

“Удзельнічаць у “Басовішчы” было марай дзяцінства”

Зыблюк: “Калі казаць прама, то гэта дало нам грошы – 1 800 злотых, гэта недзе 600 даляраў, і апроч гэтага 50 гадзінаў запісу ў студыі – гэтага прыкладна хапае, каб запісаць альбом. Што дае ў пэрспэктыве – думаю, што нічога. Шмат якія маладыя музыкі, якія едуць на "Басовішча", думаюць: вось, мы станем знакамітымі, раскруцімся і г.д. Але не: гэта проста фэстываль, проста конкурс, на жаль, адзіны такога маштабу ў Беларусі. Нельга перабольшваць ягоны маштаб, але нельга і зьмяншаць. Ён адзіны, таму адзіны дае такую магчымасьць”.

Бушлякоў: “Таму вы і вырашылі ўдзельнічаць у “Басовішчы”?”

Зыблюк: “Ня толькі таму – па-першае, цікава паспаборнічаць – хто мацнейшы, хто слабейшы і г.д. Па-другое, гэта была мара дзяцінства: калісьці ў 1999 годзе я прыяжджаў на Басовішча 15-гадовым хлапуком, і мне было цікава на сцэне пастаяць. Плюс гэта ўсё ж такі нейкая пэрспэктыва: зараз мы завязаліся з адным палякам, які дапамагае нам раскручвацца, зрабіў нам турнэ па Польшчы. Нейкая пэрспэктыва ёсьць, але не ў Беларусі”.

“Як стаць вядомым, не падпяваючы ўладам? Ніяк”

Бушлякоў: “Як стаць вядомым у Беларусі, ня граючы поп-музыку, сьпяваючы па-беларуску, не падпяваючы ўладам?”

Зыблюк: “Думаю, ніяк. Беларусы, апроч усяго іншага, яшчэ такая дужа кансэрватыўная нацыя, і яна дужа ня любіць экспэрымэнтаў - ні музыкі, ні слухачы. “N.R.M.” знакамітыя ў Беларусі – ну, 3, 5 тысяч іх ведаюць, слухаюць... Гэта не знакамітасьць. Гэта такая местачковая лякальнасьць. А каб стаць знакамітым патрэбна, каб твой твар вісеў на ўсіх бігбордах. Каб нават бабуля, прадаючы семкі, ведала тваё імя. Гэта не з-за таго музыкі кепска граюць, а з-за таго, што проста кансэрватыўны народ, закансэрваваны, які проста нічога не цікавіць”.

Бушлякоў: “Што значыць быць удзельнікам БМА?”

Зыблюк: “БМА стварыў Віталь Супрановіч, гэта, па сутнасьці, адзіная структура, якая займаецца раскруткай маладых і ня толькі маладых гуртоў, выданьнем дыскаў - цяпер больш за 200 розных альбомаў і складанак выдадзена, касэтаў, фільмаў, праведзена такая колькасьць канцэртаў, што нікому ня сьнілася ў Беларусі нават з тых, хто возяць “Дып Пёрпл”, Дарафееву і г.д. БМА аб''ядноўвае вялікую колькасьць людзей, якія дапамагаюць рабіць канцэрты - збольшага гэта валанцёрства, бо цяжка зарабіць на невядомых музыках, а беларускія музыкі а прыёры ня могуць быць вядомымі... Але дыскі выдаюцца, прадаюцца – невялікімі тыражамі, але тысячны тыраж кожнага беларускага выканаўцы прадаецца”.

АПЫТАНЬНЕ: каго зь беларускіх музыкаў вы запрасілі б на свой дзень народзінаў?



Бушлякоў: “А каго б вы запрасілі на свой дзень народзінаў?”

Зыблюк: “Відаць, нікога, я б адпачыў ад усяго... А калі запрашаў бы – то “Ляпіса Трубецкога”. Гэта такі гурт, пад які можна адрывацца. Дзень нараджэньня патрабуе асаблівай атмасфэры. Ня будзеш запрашаць на яго які-небудзь сумны гурт "Ліцьвіны", бо я ня вытрымаў бы такога дня нараджэньня, пры ўсёй павазе да гэтага гурта”.

“Мой любімы гітарыст – Джон Ленан”

Бушлякоў: “Чым адрозьніваюцца гітарысты ад іншых музыкаў?”

Зыблюк: “Сапраўды, адрозьніваюцца і вакалісты, і басісты, і бубначы – я іграў ня толькі ў "Парасоне", але і ў іншых гуртах, зь іншымі музыкамі... Ведаеце, бубнач – гэта такі чалавек, які звычайна мае машыну, альбо імкнецца яе мець, які менш за ўсіх п''е, як правіла, ня п''е зусім, і такі замкнёны на сваёй кар''еры... Басісты – гэта ўсе дзікія "тармазы" і філёзафы ў душы, можа, псэўдафілёзафы... У іх свая такая аўра. Гітарысты і вакалісты – гэта такія жэўжыкі, як я – вось я ўсё балбачу і балбачу...”

Бушлякоў: “Які гітарыст для вас найбольш знакавы, зь якім вы салідарны?”

Зыблюк: “З Джонам Ленанам. Гэта мой любімы гітарыст. Усе чакаюць ад гітарыста адказу – Сатрыяні ці яшчэ які “спартсмэн музыкі”... А я не люблю такіх тэхнічных гітарыстаў. Вось джон Ленан для мяне – узор, прыклад музыкі, які можа душой граць... Таксама Сіда Барэта можна назваць, стваральніка “Пінк Флойд” – чалавек, які "абсалютна" ня ўмеў іграць на гітары, але мог зрабіць такую музыку, якую ніхто ня ўмее добра іграць... З новых адзначу Мэцью Бэламі, гэта гітарыст гурта "Muse", чалавек які можа іграць і сьпяваць адначасова, і пры гэтым рабіць гэта якасна. Можа, шмат хто мяне асудзіць за маіх куміраў...”

“Пераклаў фільм Кустурыцы, цяпер перакладаю Павіча”

Бушлякоў: “Вы перакладаеце з сэрбскай і харвацкай моваў... Калі зьявіцца беларускі Міларад Павіч?”

Зыблюк: “Вы трапілі ў дзясятку – якраз цяпер я перакладаю Павіча. Гэта будзе п''еса, працоўная назва перакладу – "Вечнасьць і на дзень болей". Гэта цікавая п''еса, якую можна чытаць 6 разоў, з розных бакоў, па-рознаму мяняючы герояў, пэрсанажаў – Павіч такі пісьменьнік... Я пераклаў больш за палову, думаю, што сваімі высілкамі альбо празь нейкае выданьне кшталту "Архэ" гэта зьявіцца, бо з Павічам наўрад ці ільга дамовіцца па аўтарскіх правах...”

Бушлякоў: “Вы перакладаеце ня толькі літаратуру?”

Зыблюк: “Ня толькі. Зараз пераклаў і амаль адрэдагаваў фільм Кустурыцы "Чорная котка, белы кот". Кустурыцы яшчэ не было па-беларуску – думаю, гэта будзе папулярна. Прычым плянуецца яго выдаць цалкам легальна, вялікім тыражом – тысяч 30... Ён будзе прадавацца ў крамах, чакаю, што да канца году зьявіцца”.