ТБМ ушанавала памяць Янкі Брыля

Альгерд Невяроўскі, Менск Да 90-годзьдзя Янкі Брыля на ініцыятыву Таварыства беларускай мовы “Белпошта” надрукавала адмысловую паштовую капэрту. Крыху раней само ТБМ выдала каляндар з яго партрэтам. Цяпер Таварыства ініцыюе збор подпісаў грамадзянаў, каб надаць імя памерлага летась выдатнага пісьменьніка адной з вуліцаў Менска і ўсталяваць памятную шыльду на доме, дзе ён жыў.
Янка Брыль памёр 25 ліпеня летась, не дажыўшы дзесяці дзён да свайго 89-годзьдзя. Пахаваньне адбылося сьціпла, практычна без удзелу дзяржавы. І да 90-годзьдзя народнага пісьменьніка Таварыства беларускай мовы вырашыла наладзіць шэраг акцыяў дзеля ўшанаваньня ягонай памяці. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

“Мы яшчэ летась вырашылі зрабіць усё магчымае, каб годна ўшанаваць памяць Брыля. З нашай прапановы ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры была адкрыта выстава, прысьвечаная Брылю. Дамовіліся таксама, што ў верасьні адбудзецца імпрэза альбо ў Міры, альбо ў Карэлічах, у яго на радзіме. ТБМ выдала каляндарык з партрэтам Янкі Брыля. Зьвярнуліся да ўладаў Карэлічаў, каб там назвалі ў гонар яго вуліцу і школу. А таксама быў зварот да мэра Менску назваць імем Брыля вуліцу ў сталіцы. Мы папрасілі Міністэрства сувязі выдаць капэрту. Пасьля доўгіх перамоваў капэрта выйшла. Вельмі прыгожая. У ёй увасобленая асноўная ідэя рамана Брыля “Птушкі і гнёзды”. Яе наклад 30.000 асобнікаў, і ён разасланы па ўсіх асноўных паштамтах Беларусі”.



Капэрта з партрэтам Янкі Брыля і малюнкам буслоў над гняздом, прадаецца толькі ў афіцыйных установах сувязі таму, што выйшла без маркі. Паводле Алега Трусава, чыноўнікі не захацелі выпускаць капэрту з маркай, бо, маўляў, у Брыля сёлета ня круглая дата.

Трусаў гаворыць, што цяперашнія ўлады ніколі асабліва не шанавалі пісьменьніка, які заўсёды выступаў за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Дагэтуль няма адказу з Менгарвыканкаму на просьбу ТБМ надаць адной з вуліцаў Менску імя Янкі Брыля. Таму, -- падкрэсьлівае Трусаў, -- цяпер Таварыства беларускай мовы ініцыюе грамадзкую акцыю:

“Паколькі ад мэра Менску няма ніякіх адказаў, то мы зьбіраемся пачаць збор подпісаў грамадзянаў. Пачнём напрыканцы жніўня, каб вуліца імя Брыля ў Менску ўсё ж была”.

Алег Трусаў перакананы, што калі подпісаў будзе некалькі дзесяткаў тысяч, вуліца імя Янкі Брыля зьявіцца ў Менску ўжо да канца гэтага году.