“Начныя досьледы”: ці варта вучыцца за мяжою?

Юлія Шарова, Менск Ці гарантуе дыплём унівэрсытэту эўрапейскай краіны працу ў Беларусі? Выпускнікі замежных ВНУ часта сутыкаюцца з тым, што іх адукацыю прызнаюць “недастатковай” і нават прапануюць давучыцца ў Беларусі, каб “падцягнуць” дыплём да беларускага ўзроўню. Ці ёсьць сэнс выпраўляцца ў замежжа па адукацыю?
Адзін з найбольш прывабных для беларусаў замежных унівэрсытэтаў – Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт, аддзяленьне беларусістыкі. Туды паступаюць, каб вучыцца завочна й атрымаць эўрапейскі дыплём. Аднак на радзіме ад гэтага дыплёму карысьці мала.

Пасьля Эўропы прапануюць “давучвацца”

Тацяна, якая вучылася ў гэтай ВНУ, апавядае пра выпадак са сваёй аднакурсьніцай. Дзяўчына скончыла ўнівэрсытэт у Вільні й паспрабавала ўладкавацца ў Менску настаўніцай беларускай мовы і літаратуры:

“У адной зь сярэдніх школаў Менску ёй сказалі, што яна ня можа працаваць, бо дыплём яны прыняць ня могуць. Хоць, з другога боку, іншыя аднакурсьнікі, скажам, з Маладэчна ці зь нейкіх малых гарадоў, спакойна працуюць з гэтымі дыплёмамі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Мая аднакурсьніца пайшла вырашаць гэтае пытаньне. Ёй сказалі, што сапраўды трэба пацьвярджаць гэты дыплём у Міністэрстве адукацыі. У міністэрстве сказалі: не, мы не прымаем гэта як вышэйшую адукацыю, і адзінае, што вам можам параіць, гэта прыняць яе як няпоўную вышэйшую адукацыю й прапанаваць на платнай аснове правучыцца тут яшчэ два гады, з трэцяга курсу”.

У выніку ўладальніца эўрапейскага дыплёму працуе ў прыватнай фірме, зусім не па спэцыяльнасьці. Зрэшты, уладкавацца на недзяржаўную працу было таксама ня проста: некаторыя працадаўцы зь недаверам паставіліся да літоўскага дыплёму. Таму Тацяна, кіруючыся прыкладам сваёй сяброўкі, лічыць: эўрапейскі дыплём добры толькі для працы ў Эўропе.

Прызнаньне дыплёмаў – праблема краінаў?

Праблема палягае ў тым, што Беларусь ня мае зь Літвой пагадненьня пра аўтаматычнае прызнаньне дыплёмаў, тлумачыць намесьнік міністра адукацыі Беларусі Тацяна Кавалёва. Такое пагадненьне ёсьць, напрыклад, з Расеяй і з Польшчай. Аднак пераважная колькасьць замежных дыплёмаў усё адно правяраецца адмысловай камісіяй Інстытуту вышэйшай школы:

“За мяжой, у той самай Расеі, шмат прыватных унівэрсытэтаў. Таму паўстаюць такія пытаньні. Трэба суаднесьці з клясыфікатарам спэцыяльнасьцяў, якія існуюць у Беларусі. Для гэтага трэба паглядзець, якія там навучальныя прадметы і гэтак далей. Можа быць “усё – ды ні пра што”, ніякай канкрэтнай прафэсіі. Альбо яна, можа быць, і ёсьць у іншай краіне, але ў нашым клясыфікатары папросту адсутнічае. Тады, вядома, вызначыць вельмі складана”.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт зарэгістраваны ў Літве, зь якой у Беларусі няма пагадненьня аб аўтаматычным прызнаньні дыплёмаў. Ці значыць гэта, што выпускнікі ЭГУ ня змогуць знайсьці працу ў Беларусі?

Заходнія бакаляўры і беларускія “спэцыялісты”

Першы прарэктар унівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў кажа, што беларуская сыстэма адукацыі й навуковых ступеняў па-ранейшаму істотна адрозьніваецца ад эўрапейскай. Адсюль і шмат якія супярэчнасьці. Так, у Эўропе бакаляўры могуць працаваць. У Беларусі ступені бакаляўра не прыжыліся й засталася савецкая кваліфікацыя “спэцыяліст” – яна патрабуе крыху большай падрыхтоўкі, чым ступень бакаляўра. На працу бяруць толькі “спэцыялістаў”. Але ж эўрапейскіх магістраў у Беларусі прызнаюць.

“Мы прапануем працягнуць адукацыю й атрымаць ступень магістра, – гаворыць Уладзімер Дунаеў. – З гэтай ступеньню можна ўладкавацца і ў Беларусі. Ёсьць яшчэ адна справа: Беларусь падпісала Лісабонскую канвэнцыю. Гэта канвэнцыя, якая патрабуе ад усіх падпісантаў, каб яны прызнавалі дадаткі да дыплёмаў. Гэта было вельмі важным крокам у кірунку інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую адукацыйную прастору”.

Міністэрства адукацыі Беларусі ня мае дакладнай статыстыкі, колькі беларускіх навучэнцаў атрымліваюць адукацыю за мяжой.

• Магчымасьці для бясплатнай адукацыі зьмяншаюцца, 20.03.2007 • Наколькі сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі адпавядае эўрапейскім стандартам?, 15.03.2007 • Што мае ведаць адукаваны чалавек ХХІ стагодзьдзя?, 15.03.2007