Радыё Свабода Аўтары: Валянціна Аксак, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка
АЎТАР І ТВОР
ЗЬНІЧ: “ЦАРСТВА НЯБЕСНАЕ Ў НАШЫМ СЭРЦЫ”
“За мурам” – трэцяя кніга вершаў паэта Зьніча. Раней пабачылі сьвет “Саната ростані” і “Рэха малітвы”, выдадзеныя яшчэ ў той час, калі аўтар жыў мірскім жыцьцём пад сваім сапраўдным імем-прозьвішчам Алег Бембель. Назва новага зборніка невыпадковая – ён пісаўся ў Жыровіцкім Сьвята-Усьпенскім манастыры, дзе Зьніч (пасьля пострыгу прыняўшы імя Мікалай) жыве больш за дзесяць гадоў. Скарыстаўшы з нагоды зьяўленьня новай кнігі, з паэтам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Брат Мікалай, паколькі кніга “За мурам” пісалася за манастырскай сьцяной, а друкавалася ў Слонімскай друкарні, то ў другіх кутках Беларусі яе пакуль ня бачылі. Пра што яна, якія яе асноўныя тэмы?”
Зьніч: “Бога-Чалавек і трагедыя блуднага сына, каханьне нябеснае і жарсьці зямныя – галоўныя й пабочныя тэмы кнігі. Зьмест вельмі выразна пазначаны на вокладцы. На першай старонцы – сэрца на фоне Сусьвету. Яно падзелена мурам на дзьве часткі. У верхняй частцы – Гасподзь Хрыстос, Багародзіца, сьвятыя. А ў ніжняй частцы сэрца – дух ліхі, дэман і ягоныя цёмныя ангелы. І вось стаіць душа чалавечая аголеная... Куды яна трапіць? Па адзін бок муру, ці па другі... На другой старонцы вокладкі – бела-чырвона-белая плашчаніца, якая накрывае Эўропу”.
Скобла: “Наклад кнігі – 1000 асобнікаў. Зразумела, што ня ўсе прыхільнікі вашай творчасьці змогуць прыехаць па яе ў Жыровічы. А дзе яе можна набыць па-за манастырскімі сьценамі?”
Зьніч: “Я быў прыемна зьдзіўлены... Але ад усяго накладу ў мяне засталася мікраскапічная жменька, усё астатняе неяк вокамгненна разышлося. І сябры прыяжджалі, і чытачы. Я быў рады ім спрыяць. Так вокамгненна і разышоўся ўвесь наклад. А дзе можна набыць? Ну, можа, у менскіх братчыкаў трохі засталося. Я маю на ўвазе Брацтва імя Канстанціна Астроскага. Братчыкі прыяжджалі да мяне й ладзілі прэзэнтацыю кнігі”.
Скобла: “Вы маеце музычную адукацыю – у свой час закончылі Беларускую кансэрваторыю. Ці не таму й кніга мае “музычны” падзагаловак: “саната вяртаньня”. А вяртаньне куды і да чаго маецца на ўвазе?”
Зьніч: “Вяртаньне блуднага сына. Пад ім разумеецца ўвесь наш грэшны чалавечы род і кожны ягоны прадстаўнік у прыватнасьці. Таму менавіта чалавечае сэрца на вокладцы й зьяўляецца сымбалем кнігі. Вяртаньне на шлях ісьціны адбываецца найперш у сэрцы. І толькі ад нашай вольнай волі залежыць – вяртаемся мы да Госпада, альбо вяртаемся на кругі свае – на шляхі блуднага сына”.
Скобла: “У адным зь вершаў вы зьвяртаецеся да выпускнікоў Слонімскай гімназіі №1: “Запомнім, дзецюкі й дзяўчаты, пароль – дзьве тысячы дваццаты”. А што азначае гэты пароль? Што мае адбыцца праз 13 гадоў?”
Зьніч: “Жыровіцкая абіцель пачалася, можна сказаць, з сядзібы баярына Аляксандра Солтана. У 1520 годзе адбыўся вялікі пажар, і драўляная царкоўка, у якой Жыровіцкі абраз зьберагаўся, згарэла. І думалі, што ікона таксама загінула. Але праз некаторы час дзеткі, якія вярталіся з манастырскай школкі, пабачылі яе на камяні. І вось 1520 год – гэта год зьяўленьня беларусам Багародзіцы. А ў 2020-м будзе 500-годзьдзе гэтай падзеі. Гэта будзе ўсясьветнае сьвята! І ў нас ёсьць задума аднавіць да гэтага часу сядзібу Солтана. Усёй грамадой, з дапамогай дзяржавы, бо самі гэткую справу мы не асілім. Засталося трынаццаць гадоў. Хацелася б пасьпець”.
Скобла: “Вы ў манастыры ўжо адзінаццаць гадоў...”
Зьніч: “Ужо дванаццаты пайшоў”.
Скобла: “А якое з манастырскіх паслушаньняў давалася найцяжэй?”
Зьніч: “Нейкае адно цяжка вылучыць. Можна тут згадаць словы старцаў, якія папярэджваюць новых насельнікаў манастыра: “У манастыры цяжка толькі першыя дзесяць гадоў, потым патроху лягчэе”. І я па сабе гэта адчуваю. Манастырскі рэжым стаў маім, хоць ён вельмі суровы, блізкі да вайсковага”.
Скобла: “Наведваючы вас у Жыровіцкім манастыры, я зайшоў у манастырскую кнігарню і, на вялікі жаль, сярод тысяч (!) розных выданьняў не знайшоў ніводнай беларускай кнігі. Як адгукаецца ваша душа на чытаньне духоўнай літаратуры па-расейску?”
Зьніч: “Ты, брат Міхась, відаць, кепска шукаў. Там на сьвечніцы ляжыць паэма невядомага інака “Стагодзьдзяў жырандоля” на беларускай мове. І яна вельмі добра разыходзіцца, не пасьпяваем дадрукоўваць. Так што ёсьць у нашай кнігарні беларускія выданьні. Дарэчы, цяпер рыхтуецца да друку фундамэнтальная “Гісторыя Жыровіцкай абіцелі” на трох мовах – беларускай, расейскай і ангельскай”.
Скобла: “Пагадзіцеся, паэт-манах – гэткае спалучэньне сустракаецца вельмі рэдка. А каго вы лічыце сваім папярэднікам, духоўным настаўнікам?”
Зьніч: “На гэтае пытаньне я калісьці спрабаваў адказаць у сваім вершы “Духоўны радавод: “Хто з сэрцайкам маім сугучны? З тых, хто ступалі па зямлі і ў вечнасьць к Богу адышлі? Шапэн, Бэтховэн, Фёдар Цютчаў...” Усіх і не пералічыць. Розныя асобы розных часоў і плямёнаў паўплывалі на маю душу. Але, вядома ж, адзіны Настаўнік – гэта Бога-Чалавек. Ну, і тыя, хто за Ім ішоў гэтыя дзьве тысячы гадоў”.
ЗЬНІЧ. ВЕРШЫ З КНІГІ “ЗА МУРАМ”
БЕЛАРУСАМ
...Мала вернікаў засьпее Збаўца, калі прыйдзе ў славе – другі раз... Ня дай Божа, каб і сярод нас Ён засьпеў адных Хрыста-прадаўцаў...
...Ён пакінуў нам сваю царкву (не аскепкі бесавых “канфэсій”), – Сам яе ўзначаліў – як ... воскресе!.. – й плашчаніцай ўкрыў нам галаву...
...Божа, зразумець дапамажы – нам і ўсім зямным заканадаўцам: мы – у часе й вечнасьці – са Збаўцам... мы – і на Фаворы... й на Крыжы...
СПОВЕДЗЬ
...Мне плацяць срэбнікі... а я кручу хвастом вакол Царквы Хрыстовай Праваслаўнай... Ля здрады той – далёкай і нядаўняй – імгненьні і вякі – пад Спасавым Крыжом...
...Пятля мне сьніцца... горла ўноч сьціскае... А жыць хачу... і чыстым быць хачу... І ўсё вакол Царквы кручу й кручу – наколькі даўжыня хваста мне дазваляе...
* * * ...Вораг распальвае недавер – каб з памяці грэшніка сьцерці: мы маем вечнае – тут і цяпер – Царства Нябеснае ў сэрцы...
* * * ...Шчыруйце ў сьвеце між сяброў – непадабенства й разнадумства... А над усім – ня гнеў і глупства – а Багаверная любоў...
...На сэрца пакладзем сабе й на плечы штодзённы подзьвіг чыстага дзіцяці – у сьвеце унаявіцца навечна закон – ня подласьці, а Божай благадаці...
* * * Царства Нябеснае ўнутры нас...
...Шчыравала птушка залатая, прагнула свабоды і сьвятла... А свабода нібы ўсё ня тая: ёй матуля клеткаю была...
...Выпырхнула птушка залатая на абшар дарослае ральлі... Ды і тут свабода ўсё ж ня тая: бліжнія ёй клеткаю былі...
...Даў Гасподзь каханьне птушцы гэтай... Незямное бліснула сьвятло... А свабода – недзе па-над сьветам: ёй сумленьне клеткаю было...
...Але стала – келіяй адхланьня, бо злучыла працу й сэрца жар: так, ня кідай бліжнім паслушаньні і прымі бяз страху Божы дар...
...А калі душа ўзьляцела к Богу – на абшар спрадвечнага сьвятла – зразумела – у раі – нябога: ёй бязбожнасьць клеткаю была...
ЛІТПРАЦЭС
ВОЛЬГА ГАПЕЕВА: “ХАЧУ ПЕРАКЛАДАЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПАЭТАЎ НА КІТАЙСКУЮ МОВУ, А КІТАЙСКІХ НА БЕЛАРУСКУЮ”
Ад першага ліпеня ў чэскім горадзе Брно цягам месяца праходзіў фэст беларускае літаратуры. Кожны вечар адзін з трыццацёх удзельнікаў фэсту чытаў свае творы, а на вялікім экране высьвечваліся іх пераклады на чэскую мову. Днямі пасьля свайго выступу перад чэскай аўдыторыяй з Брно вярнулася самая маладая беларуская ўдзельніца фэсту Вольга Гапеева. Зь ёю гаворыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадарыня Вольга, пасьля свайго выступу ў Брно ў эксклюзіўным інтэрвію для нашага радыё вы сказалі літаральна наступнае: “Чэхі зьдзіўленыя тым, што ў Беларусі столькі талентаў”. Скажыце, калі ласка, а чым вы асабіста падзіўлялі там чэхаў?”
Вольга Гапеева: “Я чытала свае вершы як зь першай кніжкі, так і з новай, якая пакуль яшчэ ня выйшла, і пасьля яшчэ чытала ўрыўкі з першага раману “Рэканструкцыя неба”, і невялічкі кавалак з новага раману, які яшчэ пакуль ня мае назвы. Так што атрымалася, што я чытала як вершы, так і прозу. Большасьць людзей потым падыходзіла і казала: вялікі дзякуй. Ім спадабалася”.
Аксак: “У свае дваццаць пяць гадоў вы ўжо аўтарка дзьвюх кніг паэзіі, двух раманаў, п’есы. Адначасна яшчэ і займаецеся навуковымі справамі – дасьледуеце гендэрныя праблемы. Як вам удаецца ўсё гэта спалучаць?”
Гапеева: “Вядома ж, гэта ня проста, але я спрабую”.
Аксак: “Апроч усяго згаданага вы апраўдваеце яшчэ й імідж выпускніцы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту – займаецеся перакладамі, што дазволіла некаторым людзям, якія ўважліва сочаць за вашай творчасьцю, гаварыць, што вы – актыўны прапагандыст беларускай літаратуры за мяжой”.
Гапеева: “Так, сапраўды, я займаюся яшчэ і перакладамі, таму што гэта мая першая адукацыя. Мая спэцыялізацыя – ангельская і нямецкая літаратуры. Я перакладала шмат з ангельскай, найперш клясычных аўтараў. Зь нямецкай перакладаю сучасных пісьменьнікаў, творы якіх мы адбіралі для зборнікаў “Лінія Фронту-1” і “Лінія Фронту-2”. Ну, і ў плянах у мяне нейкім чынам вывучыць кітайскую мову настолькі, каб данесьці беларускаму чытачу і кітайскаму адпаведна творы кітайскай і беларускай сучаснай літаратуры, таму што мне здаецца, што гэты пласт працы ў нас пакуль што яшчэ не падняты. Гэта што тычыцца менавіта сучаснай літаратуры, бо клясыка перакладалася, і яна нейкім чынам дасяжная для прачытаньня”.
Аксак: “Я ведаю, што ў вас ёсьць таксама пераклады з беларускай літаратуры на замежныя мовы. Я хацела б спытацца пра іх”.
Гапеева: “Так, ёсьць. І ў прыватнасьці, я перакладала на ангельскую творы Рыгора Барадуліна. Мы зь іншымі перакладчыкамі рабілі па-ангельску яго кнігу “Ксты”. Гэта была вельмі цяжкая праца. Я вам скажу, што перакладаць Барадуліна надзвычай складана, таму што яго паэзія – гэта тое, што мусіць быць прачытана на мове арыгіналу”.
Аксак: “А вось вы як аўтарка ці задаволеныя тым, як перакладаюцца на замежныя мовы вашы творы?”
Гапеева: “Што я магу сказаць пра пераклады на нямецкую мову, дык гэта тое, што быў цудоўны перакладчык, дакладней, перакладчыца Марціна Мрохен. Але, як на маю прыдзірлівую думку, ёсьць там месцы, якія я пераклала б трошкі інакш. Я ня бачу ў некаторых месцах патрэбы мяняць некаторыя фразы, іх можна было б перакласьці трошкі бліжэй да тэксту. Мне здаецца, што з такімі людзьмі, як я, каторыя ведаюць мовы, перакладчыкам цяжэй, таму што мы заўсёды можам прачытаць пераклад, суаднесьці з арыгіналам і папрасіць тое-сёе перарабіць. Напрыклад, у мяне ёсьць верш з такім наступным радком: “Я не магу казаць, як зручна, што “х” і “з” так побач на клявіятуры”. Там атрымліваецца гульня словаў “кахаць-казаць”, і я разумею, што ў нямецкай мове можна было захаваць гэтую гульню (“ligen-liben”), але чамусьці перакладчыца выбрала іншы варыянт”.
Аксак: “Ці згодныя вы з такім жартаўлівым выслоўем: чытаць пераклады паэзіі – гэта усё адно, што нюхаць ружу праз шкло?”
Гапеева: “Можна з гэтым пагадзіцца, але зь іншага боку, калі пагадзіцца з такім выслоўем, то тады адпадае ўвогуле неабходнасьць перакладу як зьявы і працы перакладчыка ў прыватнасьці. Калі гаварыць пра вершаваны, вядома ж, пераклад”.
Аксак: “І сэнс такіх фэстаў, які адбываўся ў Брно?”.
Гапеева: “Сэнст такіх фэстаў трошкі ў іншым... Яго арганізатары зрабілі ўсё магчымае для прадстаўленьня беларускай літаратуры і запрасілі ў Брно сапраўды цікавых таленавітых аўтараў. Мне здаецца, што гэта вельмі цяжкая праца – сабраць столькі людзей і столькі перакладаў зрабіць. Ім усім можна толькі падзякаваць”.
КРЫТЫКА
АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. ЗНОЎ ПРА АЛЕСЯ ЖУКА
Алесь Жук. Вечаровае сонца: Выбранае. Менск, Мастацкая літаратура, 2006
Я, можа, не зусім пра тое, што выйшла кніга выбраных твораў Алеся Жука, бо, калі азірнуцца, то мы ўбачым, што са зборнікамі выбраных твораў пісьменьніку больш-менш шанцавала: успомнім і “Паўстанак вяртаньня” (1981), і двухтомнік 1993–1994 гадоў. У новай кнізе зьмешчаныя творы, якія друкаваліся і ў “Паўстанку...”, і двухтомніку, і творы, якія ня трапілі ў кнігі ды перадрукоўваюцца з часопісу “Полымя” дзесяцігадовай даўнасьці.
Я адмыслова ня стаў чытаць прадмову да гэтае кнігі, напісаную акадэмікам Уладзімерам Гніламёдавым, бо, здаецца, ведаю Алесеву творчасьць нязгорш. І да таго ж, ужо даўнавата, бо недзе ў канцы 1970-х ці на пачатку 1980-х, дзяліўся сваімі думкамі пра ягоную прозу. Помніцца, той мой артыкул меў назву “Ад слуцкіх палёў”, бо Алесь – пісьменьнік наколькі беларускі й моваю, і пачуцьцямі да нашае агульнае Бацькаўшчыны, нагэтулькі й слуцкі. У ягоных творах я сустракаю знаёмыя назвы, якія саграваюць душу: Слуцак, Грэзак, Гразавок... І мне, пінчуку, знаёмыя мясьціны!
Алесь Жук – слуцкі пісьменьнік ня толькі таму, што ягоныя героі жывуць на Случчыне. Ня толькі таму, што яны размаўляюць на мове случакоў – той мове, якая, паводле сьцьверджаньня Антона Луцкевіча, легла ў аснову нашае літаратурнае мовы.
Мне даўно рупіць, і ўсё ніяк не дабяру часу напісаць нешта (эсэ не эсэ, артыкул не артыкул) пра Лявона Бушмара з аднайменнага твору случака Кузьмы Чорнага ды пра Ігната Чыгуна з аповесьці Алеся Жука “Чыгун”. Яны, героі Кузьмы Чорнага і Алеся Жука, жывуць у розных гістарычных умовах, але што Алесеў Ігнат Чыгун – бушмараўскі тып, думаю, ніхто ня стане спрачацца. У клясыка і ягонага пасьлядоўніка, вучня-земляка, бадай, аднолькавая тэндэнцыя. Мне цікавыя й гэтыя аўтарскія тэндэнцыі, і чым яны выкліканыя, але мне цікавы й сам бушмараўскі тып беларускага селяніна – мала сказаць працавітага, але надзеленага, кажучы словамі Янкі Брыля, дурною беларускаю працавітасьцю. Селяніна, які вымагае гэткай жа працавітасьці ад іншых, які хоча быць цалкам самастойным, сам сабе гаспадаром, незалежным ад уладаў, ад таго асяродзьдзя, у якім жыве. Селяніна, які ў аснове сваёй няшчасны, асуджаны калі не на жыцьцёвую трагэдыю, дык на вострую жыцьцёвую драму.
І калі Ігнат Чыгун – гэта бушмараўскі тып, дык Анэта з аповесьці “Халодная птушка” – асьмелюся сказаць – тып беларускае жанчыны, выведзены менавіта Алесем Жуком. Мне так і хочацца сказаць, што ў нашай эпічнай прозе вобраз беларускае жанчыны-працаўніцы, жанчыны, якая і сваю гаспадарку пыніць, і шчыра, сумленна – бо інакш ня ўмее – працуе на калгаснай паншчыне, і дзяцей гадуе, найлепш выведзены Алесем Жуком у “Халоднай птушцы” і Васілём Быкавым у “Знаку бяды”. Анэта і Сьцепаніда Багацька... Зноў жа, цікавая і, думаю, удзячная тэма для чытача і для крытыка.
Я памятаю, як у свой час амаль уся “читающая публика” Савецкага Саюза, у тым ліку Беларусі, з захапленьнем гаварыла аб “Разьвітаньні з Мацёрай” Валянціна Распуціна. І ўжо не памятаю, хто (няхай мне даруюць) сказаў: ды ў нас жа ёсьць свой зусім раўнацэнны твор, напісаны Алесем Жуком адначасова з “Разьвітаньнем з Мацёрай”, а мы, такія сьціплыя, маўчым пра сваё. Анэта Жука, Сьцепаніда Быкава і Ганна Распуціна: тры жанчыны на зыходзе жыцьця. Ці напісаў хто такую працу? Зрэшты, з кампаратывістыкай у нашым літаратуразнаўстве заўсёды былі праблемы. У “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі” і ў “Беларускай энцыкляпэдыі” нават артыкула такога няма...’
Людзі на зыходзе жыцьця. І жыцьцё гэтае, азіраюцца яны, было болей гаротнае, чым радаснае, прайшло ў цяжкой працы, у змаганьні з абставінамі за магчымасьць жыць у сьціплым дастатку, у сьціплым камфорце. Не такое жыцьцё ўяўлялася, задумвалася на самым пачатку.
Чытаючы “Сны пра маму” Алеся Жука, апавяданьне пра самага роднага пісьменьніку чалавека, міжволі згадваеш словы Канстанціна Случэўскага, вынесеныя Міхасём Стральцовым у эпіграф апавяданьня “На чацьвёртым годзе вайны”: «И капля волн полна трагедий, и неизбежности полна». Яшчэ адна наша маленькая “сямейная сага”, у якой, зноў-такі, не адно пра маці, пра бабулю і бацьку, але і пра іх час, пра іх пакаленьне.
Ня першы раз чытаючы гэтыя творы Алеся Жука, я прыйшоў да высновы, што так званага сацыялістычнага рэалізму ў Алеся Жука ў той, савецкі, час амаль не было. Болей было рэалізму сацыяльнага. А вядома, што чым больш сацыяльнага рэалізму, тым менш “сацыялістычнага”. Менавіта да рэалізму сацыяльнага, да жыцьцёвае праўды, да культуры мовы і выказваньня па прыкладзе сваіх старэйшых настаўнікаў і сяброў, чые імёны я ўжо назваў, імкнуўся Алесь у савецкі час. І таму яго творы чытаюцца і другім, і трэцім разам.