“Польскія шпіёны арганізоўвалі соўгасы на сялянскіх землях”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 7 жніўня ў розныя гады мінулага.
“Nowe Zycie”, год 1927. Газэта паведамляе пра вынікі выбараў гміннай рады ў Жыдомлі: “Галасавалі 114 сябраў гміннага сходу са 120, што мелі права голасу. Балятаваліся тры сьпісы кандыдатаў. Сьпіс №1 хрысьціянскіх дэмакратаў атрымаў 31 голас — 3 мандаты. Сьпіс №2 беларускай “Грамады” атрымаў 72 галасы — 7 мандатаў... Сьпіс №3 асаднікаў атрымаў 11 галасоў — 2 мандаты... Усяго выбралі 12 дэпутатаў, у тым 5 каталікоў і 7 праваслаўных. Гміна налічвае 1.398 палякаў і 3.871 беларуса”.

“Віцебскі пролетарый” у 1937 годзе знаёміць зь лістом Усебеларускай нарады старшынь калгасаў Сталіну і Молатаву: “Польскія шпіёны арганізоўвалі соўгасы на сялянскіх землях, пазбаўлялі калгаснікаў прысядзібных участкаў, незаконна адабралі ў калгасаў належачыя ім лясы, забаранялі калгаснікам пасвіць жывёлу ў лесе і за невыкананне гэтага шкодніцкага распараджэння штрафавалі сялян... Мы вітаем рашэнне СНК СССР і ЦК ВКП(б) аб ліквідацыі 138 шкодніцка-арганізаваных соўгасаў і перадачы іх зямлі калгасам”.

“Колхозная правда” ў 1957 годзе надрукавала такую абвестку: “Грамадзяне, карыстайцеся паслугамі таксі! Легкавыя і грузавыя таксі — зручны від транспарту. Стаянкі таксі знаходзяцца ў наступных месцах гораду: Прывакзальная плошча, ГУМ, Круглая плошча, Юбілейная плошча, парк Чалюскінцаў, Акадэмія навук, 1-я Савецкая паліклініка, Аэрапорт, тэатр оперы і балету, кінотэатр “Перамога”... Кошт праезду у легкавых таксі — 1 руб. 50 кап. ці 2 руб. за 1 км. прабегу, незалежна ад колькасці пасажыраў”.