“Мы выканалі сталінскае заданне, пройдзен Сталінскі маршрут №2.”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 26 ліпеня ў розныя гады мінулага.
“Звязда” ў 1937 годзе цытуе Валерыя Чкалава, які падчас сустрэчы экіпажу самалёта АНТ-25 у Негарэлым сказаў: “Адно тое, што мы знаходзімся на Совецкай зямлі, напаўняе нашы сэрцы радасцю. Мы выканалі сталінскае заданне, пройдзен Сталінскі маршрут №2. Мы перамаглі таму, што за намі ўвесь многамільённы совецкі народ. Ні пурга, ні завеі, ні вятры і цыклоны не маглі нас звярнуць са сталінскага шляху, таму што мы зварочваць з гэтага шляху не маглі і не ўмеем. Мы гатовы да новых перамог, да новых шляхоў. Таварышу Сталіну — ура!”

“ЛіМ” у 1947 годзе паведамляе з рэспубліканскага сходу пісьменьнікаў Беларусі: “Ва ўмовах БССР адной з праяў паклонства перад заходняй культурай з’яўляецца хлуслівая тэорыя аб тым, што святло культуры пранікала ў Беларусь з Захада, праз польскую і літоўскую дзяржавы, праз рымска-каталіцкую рэлігію, а не з Усходу — з Расіі. Такім чынам, аб’яўляючы Скарыну заснавальнікам беларускага асветніцтва і культуры, мы скарачаем час гісторыі існавання сваёй культуры і парушаем гістарычную праўду, бо вытокі нашай культуры знаходзяцца ў такіх агульна-рускіх помніках, як “Слова аб палку Ігаравым” і інш.”.

“Хутка споўніцца два гады з дня трагічнага палёту амэрыканскіх паветраных плыўцоў Джона Джэрвіса і Алана Дрэнкела над Бярозаўскім раёнам... — нагадвае ў 1997 годзе “Народная воля”. — Пакуль дыпляматы пікіруюцца з міждзяржаўнай экспэртнай камісіяй, жыхары Бярозы з болем у сэрцы пахавалі рэшткі кошыку і шару, а каля насыпу паставілі вялізны камень. Апрача даты і абрысу крыжа на ім маецца ўсяго адно слова: “Прабачце...”