Беларусы Бэльгіі і Францыі пратэстуюць супраць масавых арыштаў

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня беларусы з Бэльгіі і Францыі спрабавалі перадаць супрацоўнікам беларускай амбасады ў Брусэлі пэтыцыю з пратэстам супраць масавых арыштаў маладых актывістаў беларускай апазыцыі.
У адрасаванай беларускаму амбасадару ў Бэльгіі пэтыцыі выказваецца “рашучы пратэст супраць нематываваных арыштаў і незаконнага пазбаўленьня волі актывістаў беларускіх моладзевых арганізацый, што зьяўляецца грубым парушэньнем правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на свабоду палітычных перакананьняў і свабоду сумленьня, якія гарантаваныя Канстытуцыяй”.

Беларусы заклікалі “давесьці да ведама асобаў, адказных за рэпрэсіі супраць народу Беларусі, рашучы пратэст беларусаў замежжа супраць гвалтоўнага, нічым не абгрунтаванага перасьледу грамадзянаў Беларусі, а таксама паспрыяць як мага больш хуткаму вызваленьню палітзьняволеных”.

У пасольстве, аднак, прыняць дакумэнт асабіста адмовіліся.

“Колькі мы ні ўгаворвалі іх, і паліцыянты бэльгійскія таксама пераконвалі, што гэта няправільна, але тыя наадрэз адмовіліся ўзяць пэтыцыю асабіста. Сказалі, каб пакінуць у паштовай скрынцы”, – кажа Зьміцер Піменаў, старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня.

Паводле ягоных словаў, сябры Задзіночаньня маюць намер паскардзіцца на паводзіны беларускіх дыпляматаў у МЗС Бэльгіі.

Пратэстоўцы чакаюць амбасадара

Зьміцер Піменаў перадае пэтыцыю