У Наваградку адкрыўся музэй габрэйскага супраціву

Сяргей Астраўцоў, Наваградак У Наваградку 24 ліпеня адкрыўся музэй габрэйскага супраціву. Ён знаходзіцца на вул.Менскай, дзе ў гады вайны немцы стварылі гета. 26 верасьня 1943 году 250 вязьняў ажыцьцявілі ўцёкі цераз падземны тунэль, які яны капалі некалькі месяцаў.
Адзін з тых, каму ўдалося тады ўратавацца, быў Джэк Коган, які стаў галоўным натхняльнікам стварэньня музэю і выступіў на яго адкрыцьці. Зь беларускага боку ініцыятаркай была Тамара Вяршыцкая — дырэктарка Наваградзкага краязнаўчага музэю. Уцекачы потым змагаліся ў габрэйскім партызанскім атрадзе Бельскага, якому прысьвечаная частка экспазыцыі.

На адкрыцьцё музэю ў Наваградак прыехалі прадстаўнікі габрэйскай абшчыны з Англіі, Францыі, ЗША, Ізраілю і некаторых іншых краінаў.

Жыхары Наваградку перад адноўленай схемай гета

Прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, якая займаецца вывучэньнем Халакосту Джэры Готэл (зьлева) побач з Джэкам Каганам, які цяпер жыве ў Англіі

У музэі адноўленая частка барака, у якім жылі вязьні гета

Гарадзенскі гісторык і археоляг Сяргей Піваварчык правёў раскопкі на тэрыторыі былога наваградзкага гета і выявіў сьляды колішняга падземнага ходу, ён паказвае рукой на пазначаны брукаванай сьцяжынай напрамак тунэлю