Ці верне Замяталін былую славу “Беларусьфільму”?

Іна Студзінская, Менск Сёньня на паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў Беларусі разглядалі сытуацыю ў кінэматаграфіі. Пастанавілі за два гады правесьці поўную рэканструкцыю кінастудыі “Беларусьфільм” — але не спыняць вытворчасьці фільмаў.
Летась на разьвіцьцё беларускага кінэматографу выдаткавалі 8,2 мільярда бюджэтных грошай. А “Беларусьфільм” выпусьціў рэкордна малую за 80 гадоў колькасьць мастацкіх фільмаў — усяго два: “Сувязны” і “Пяшчотная зіма”.

Кіраўнік дзяржавы асабіста даў 22 канкрэтныя даручэньні ў галіне кінэматаграфіі, прызначыўшы палкоўніка Ўладзімера Замяталіна генэральным дырэктарам “Беларусьфільму”.

Новы кіраўнік “Беларусьфільму” паставіў задачу: вярнуць беларускаму кіно былую славу. Сёлета здымуць восем мастацкіх фільмаў, у наступным годзе — дзесяць. Назаву толькі некаторыя: “Шчыт Айчыны”, “Радзіма альбо сьмерць”, “Дняпроўскі рубеж”, “Крапавы барэт”.

Пакуль кінастудыя прыбытку не прыносіць, таму кіраўнік дзяржавы паабяцаў даваць з прэзыдэнцкага фонду дадатковыя сродкі. Сёлета на здыманьне фільмаў “Вясёлы салдат” і “На сьпіне ў чорнага ката” ўжо выдаткавана 1 мільён даляраў.
”Колькі грошай ні ўкладай у “Беларусьфільм”, кадры застаюцца старыя.”
Кінакрытык Максім Жбанкоў лічыць, што дадатковыя грошы — гэта добра, але:

“Да грошай патрэбныя яшчэ і сьвежыя ідэі, нармальная генэрацыя эўрапейскага ўзроўню аўтараў, адсутнасьць ідэалягічнага прэсінгу і цэнзуры. Таму колькі грошай ні ўкладай у “Беларусьфільм”, кадры застаюцца старыя. І ня лепшыя людзі — тыя, прабачце за цынізм, хто ня здолелі прадацца кудысьці яшчэ (перадусім, у Маскву).

Насамрэч, патрэбная комплексная рэанімацыя “Беларусьфільму”, якая, на мой погляд, у межах існай сыстэмы прынцыпова немагчымая”.

Дарэчы, многія вядомыя майстры беларускага кіно — Нікіфараў, Рубінчык, Нячаеў, Кудзіненка, іншыя — зьехалі працаваць у Маскву. Не было пэрспэктываў — часам у працы на вялізнай кінастудыі было два-тры фільмы, таму многія прафэсіяналы звольніліся.

Цяпер новае кіраўніцтва спрабуе прыцягнуць моладзь. Сорак два беларусы навучаюцца ў кінэматаграфічных ВНУ ў Маскве і Пецярбургу, і ў жніўні спадар Замяталін заплянаваў сустрэчу зь імі, на якой апавядзе пра пэрспэктывы і закліча моладзь працаваць на радзіме.
“Мы будзем мець міліцэйскае мастацтва, мастацтва зь лямпасамі.”
Сёлета плянуецца на разьвіцьцё беларускага кінэматографу даць 11 з паловай мільярдаў. Для мадэрнізацыі абсталяваньня “Беларусьфільм” атрымаў бюджэтны крэдыт на 800 мільёнаў рублёў.

З 1 верасьня пачнецца комплексная рэканструкцыя кінастудыі з удзелам літоўскага інвэстара, бо 37 аб’ектаў знаходзяцца ў аварыйным стане.

А пакуль на “Беларусьфільме” здымаюць фільмы расейскія майстры, для якіх гэта танная здымачная пляцоўка — рэжысэры Георгі Патока, айцец і сын Тадароўскія.

Рэжысэр Уладзімер Халіп мяркуе, што толькі на нацыянальнай глебе, на грунце беларускай літаратуры можа стварыць сапраўднае беларускае кіно. “Беларусьфільм” можна адрадзіць не прэзыдэнцкімі ўказамі й не намаганьнямі палкоўніка Замяталіна, а толькі: “...стварыўшы людзям свабоду. Свабоду творчасьці, свабоду падрыхтоўкі творчых кадраў, зь якіх не ідэолягаў трэба рабіць, а мастакоў. І тады незалежна ад таго, будуць вялікія грошы ці малыя, “Беларусьфільм” адродзіцца, і будзе беларускае кіно.

А цяпер мы будзем мець экранізацыю твораў, бяздарных, убогіх, прымітыўных гэтага новага Саюзу пісьменьнікаў, на чале якога генэрал Чаргінец. Мы і будзем мець міліцэйскае мастацтва, мастацтва зь лямпасамі”.