А. Мілінкевіч заклікаў КДБ спыніць перасьлед студэнтаў за іншадумства

Радыё Свабода Адзін зь лідэраў дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч накіраваў зварот да старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпана Сухарэнкі і старшыняў абласных упраўленьняў КДБ з патрабаваньнем спыніць перасьлед за іншадумства студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой па праграмах для рэпрэсаванай моладзі.
У звароце падкрэсьліваецца, што “ў апошні час з боку супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі пашырылася практыка перасьледу і ціску на навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага. Супрацоўнікі камітэту запрашаюць студэнтаў-каліноўцаў на размовы на прыватных кватэрах, сустракаюць іх на чыгуначных вакзалах, калі стыпэндыяты праграмы вяртаюцца ў Беларусь на вакацыі, наведваюць студэнтаў і іх бацькоў на ўласных кватэрах і па месцы працы. Нярэдка супрацоўнікі камітэту спрабуюць схіліць удзельнікаў праграмы імя К.Каліноўскага да так званага «супрацоўніцтва»”.

Аляксандар Мілінкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі падчас кантактаў з навучэнцамі праграмы імя К. Каліноўскага неаднаразова выкарыстоўвалі захады, якія парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Мілінкевіч заклікае супрацоўнікаў КДБ надалей устрымацца ад практыкі палітычна матываванага перасьледу грамадзкіх актывістаў і спыніць ціск, запалохваньне і спробы вэрбоўкі студэнтаў-стыпэндыятаў праграмы імя К.Каліноўскага.

• Студэнтаў-каліноўцаў пачалі выклікаць у КДБ, 13.07.2007