“Алімпійскія гульні павінны адбывацца там, дзе ёсьць свабода”

Міхал Карневіч, Горадня Сёньня раніцай стала вядома, што чарговай сталіцай зімовай Алімпіяды ў 2014 годзе стане расейскі горад Сочы. Наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні з пытаньнем: ці могуць у Беларусі адбыцца Алімпійскія гульні?


Спадар: “Не, у нас ня будуць. Лукашэнка будуе замалыя стадыёны. Толькі ў Менску адзін стадыён на 50 тысяч гледачоў, а трэба ж, каб на сто тысяч былі. Так што не. А калі прыедуць турысты — дзе ім жыць? Няма ў нас гатэляў, дый наагул няма ніякага сэрвісу”.

Спадар: “Хто сюды паедзе? Каб пазастрэльвалі ўсіх? У Расеі можа быць, а ў нас — не...”

Спадарыня: “Наўрад ці. У нас, па-першае, ня той узровень жыцьця. Па-другое, няма дзе праводзіць такіх спаборніцтваў, асабліва зімовых гульняў. Дый летніх таксама: няма алімпійскіх басэйнаў, не на такой ноце ў нас спорт, каб тут маглі адбывацца Алімпійскія гульні”.

Хлопец: “У мяне наагул нават асацыяцыі не ўзьнікае: Алімпіяда й Беларусь. Нельга паставіць побач гэтае сусьветнае сьвята й нашу краіну. На жаль”.

Спадар: “Я думаю, што такога ня можа ў нас быць. Сытуацыя ў краіне антыдэмакратычная. Алімпійскія гульні павінны праводзіцца там, дзе ёсьць свабода”.

Спадар: “Зімовыя — дык дакладна не. У нас жа няма для гэтага ўмоваў. Дзеля гэтага патрэбная добрая зіма й горы, бо існуе шмат спартовых дысцыплінаў, якія патрабуюць гарналыжных трасаў. Дый летнія таксама ня змогуць атрымацца. Дзеля гэтага патрэбнае сапраўднае фінансаваньне й добра падрыхтаваная інфраструктура. Хаця асобныя нейкія спаборніцтвы ўсясьветнага ўзроўню ў Беларусі маглі б адбывацца”.

Студэнтка: “Я думаю, што ў Беларусі маглі б адбывацца куды больш цікавыя рэчы усясьветнага маштабу, зьвязаныя з культурай, музыкай. Чаму нідзе ня кажуць пра гэта, а толькі пра спорт, які калечыць розум людзей? Чаму гэтае пытаньне цяпер зьяўляецца першасным?”

Яе сяброўка: “Я лічу, што ў нас трэба разьвіваць нашую культуру, а гэта прыйдзе само сабою”.

Спадарыня: “Вядома, хацелася б, каб спаборніцтвы такога маштабу адбыліся ў нашай краіне, але гэта немагчыма. Беларусі трэба столькі грошай на гатэлі, стадыёны й іншую інфраструктуру... Дый ляндшафт краіны нашай не дазволіць гэтага зрабіць”.