Ці патрэбны Беларусі расейскі крэдыт?

Алесь Дашчынскі, Менск Расея выставіла Беларусі новыя ўмовы для атрыманьня дзяржаўнага расейскага крэдыту. Яна настойвае, каб Беларусь памяняла бюджэтную палітыку так, каб гэты крэдыт быў апошнім. Пра гэта паведамілі расейскія мэдыі.
У беларускім урадзе адмовіліся камэнтаваць інфармацыю, якую падае расейская прэса. А паводле расейскіх крыніцаў, афіцыйны Менск просіць ужо не паўтара, а два мільярды даляраў.

Міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут адмовіўся ад размовы на гэтую тэму.

Прэсавы сакратар ураду Аляксандар Цімашэнка сказаў:

“Афіцыйнай інфармацыі і афіцыйных выказваньняў на гэты конт няма. А інфармацыя са спасылкай на нейкія крыніцы... Гэта крыніцы. Гэта ня ёсьць афіцыйнай інфармацыяй. Падчас перамоваў інфармацыя выходзіць толькі тады, калі нехта з бакоў хоча пралабіяваць нейкія свае рэчы”.

Працэс атрыманьня расейскага крэдыту вельмі зацягнуўся. Упершыню афіцыйны Менск загаварыў пра яго яшчэ ў лютым. Сродкі плянавалася накіраваць на фінансаваньне выдаткаў бюджэту, выкліканых падвышэньнем цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

Канчатковая сума і ўмовы крэдыту залежаць ад расейскага боку. Аднак пытаньне дагэтуль ня вырашанае.

Тацяна Старчанка: “Чаму ўвесь сьвет жыве ў доўг? А чаму Беларусь ня можа? Крэдыт нам не перашкодзіць”.
Пасьля нядаўняй сустрэчы зь беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў заявіў, што магчымасьць крэдытаваньня Беларусі “разглядаецца”, але гэта “патрабуе пэўнага часу і ўважлівага стаўленьня”.

Намесьніца міністра эканомікі Беларусі Тацяна Старчанка сказала, што ідзе апрацоўка пытаньня. Яна падкрэсьліла, што расейскі крэдыт патрэбны Беларусі:

“Ну, а чаму не? Чаму ўвесь сьвет жыве ў доўг? А чаму Беларусь ня можа? Мы ніколі ня бралі ніякіх крэдытаў. Крэдыт нам не перашкодзіць. Што ў нас, задачаў няма?”

На пытаньне, чаму Беларусь не бярэ крэдыту ў Міжнародным валютным фондзе, Тацяна Старчанка сказала:

“Нам МВФ не даваў. Як гэта ня бралі? Мы б бралі. МВФ нам не даваў”.

Нагадаем, што беларускі ўрад у свой час ня выканаў рэкамэндацыяў МВФ, таму і не атрымаў крэдыту стэнд-бай.

Станіслаў Багданкевіч: “Калі крэдыт патрэбны для аплаты газу, дык гэта крэдыт не дзяржавы, а крэдыт юрыдычнай асобы.
Паводле Станіслава Багданкевіча, гэты крэдыт быў больш выгадны для Беларусі:

“Ад Міжнароднага валютнага фонду мы маглі б атрымаць вельмі танны крэдыт, да прыкладу, пад 5 працэнтаў — а не плаціць 12 працэнтаў камусьці. Але, можа, ёсьць такая думка, што Расея дасьць нам бясплатны крэдыт. Можа, такая наіўная думка ў нашых кіраўнікоў? Калі крэдыт за кошт бюджэту, гэта можа быць і льготны расейскі крэдыт. Палітычны крэдыт”.

Паводле Станіслава Багданкевіча, афіцыйныя зьвесткі Міністэрства фінансаў паказваюць, што ў Беларусі няма дэфіцыту бюджэту:

“Крэдыт дзяржава атрымлівае тады, калі ў яе дэфіцыт бюджэту. У Беларусі няма дэфіцыту бюджэту, сёньня прафіцыт — 1,5 – 2 трыльёны беларускіх рублёў. Гэта значыць, прыбыткі перавышаюць выдаткі. Якая можа быць патрэба ў атрыманьні такога крэдыту? Калі там крэдыт патрэбны для аплаты газу, дык гэта крэдыт не дзяржавы, а крэдыт юрыдычнай асобы, “Белтрансгазу”.

• Расейскі крэдыт — узамен за акцыі “Белтрансгазу”, 23.04.2007