Браты Скрабцы хочуць ладзіць рок-фэстывалі й пікеты ў падтрымку Казуліна

Уладзімер Глод, Менск Адразу тры звароты ў Менскі гарвыканкам накіраваў сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец і ягоны брат Аляксандар.
У першых двух зваротах яны просяць даць дазвол правесьці 3 і 15 ліпеня ў парку імя Дружбы народаў рок-фэстываль. Гэтая акцыя, падкрэсьліваюць арганізатары фэсту, патрэбная, “каб прыцягнуць увагу грамадзтва да дрэнных умоваў, у якіх у Беларусі ўтрымліваюцца палітвязьні”.

А ад 15 ліпеня браты маюць намер штодня цягам двух месяцаў у тым жа парку ладзіць пікеты за неадкладнае вызваленьне былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна да іншых палітвязьняў.

На сёньняшні дзень адказаў са сталічнага гарвыканкаму браты, паводле іхных словаў, не атрымалі.