“Слаўны беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі рыхтуе новую доўгаграючую пласцінку”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 26 чэрвеня ў розныя гады мінулага.
“Заря Запада” ў 1927 годзе друкуе пастанову пленуму Віцебскага акруговага савету прафсаюзаў: “1. Выдаць 50 рублёў з сумаў Акрпрафсавету на пабудову самалёта “Наш адказ Чэмбэрлену”. 2. Адлічыць адзіначасна ў згаданы фонд сябрамі пленуму 1 прац. з заробку... 4. Пачаць неадкладна шырокую адпаведную кампанію сярод шырокіх масаў рабочых і службоўцаў за добраахвотныя адлічэньні й ахвяраваньні паводле падпісных аркушоў і г.д. грошай у гэты фонд, пра што ставіць пытаньні на чарговых сходах прадпрыемстваў і ўстановаў”.

“Звязда” ў 1937 годзе зьмясьціла наступную абвестку: “Інстытут масавага завочнага навучання партактыва пры ЦК КП(б)Б 27 чэрвеня ў 18 г. 30 мін. праз радыёстанцыю імя Комінтэрна перадае лекцыю, арганізаваную аддзелам партыйнай прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) на тэму: “Аб некаторых метадах варожай работы”. Лекцыю прачытае пракурор Саюза ССР т.Вышынскі. Слухайце арганізавана ў радыёпартаўдыторыях, парткабінетах і індывідуальна на даму”.

“Як мы нядаўна даведаліся, слаўны беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, які жыве ў Празе, рыхтуе новую доўгаграючую пласцінку, — паведамляе ў 1967 годзе на гэтым тыдні беластоцкая “Ніва”. — Гэтым разам Міхась Забэйда хоча наспяваць беларускія песні-рамансы на словы беларускіх паэтаў... Як вядома, такой пласцінкі яшчэ не было і патрэба ў ёй вялікая. Сардэчна вітаем каштоўную ініцыятыву і чакаем на пласцінку”.