У Менску пройдзе канфэрэнцыя “Камунізм – на міжнародны трыбунал”

Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў сядзібе партыі БНФ адбудзецца Міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Камунізм – на міжнародны трыбунал”. Яна праводзіцца паводле ініцыятывы аргкамітэту, створанага пад час грамадзкага трыбуналу над камунізмам, які адбыўся ў Вільні ў 2000 годзе. У часе канфэрэнцыі ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя зборнікаў навуковых прац, прысьвечаных тэме рэпрэсіяў у Беларусі.
Навуковае дасьледаваньне тэмы злачынстваў камуністычнага рэжыму ў Беларусі – галоўная задача канфэрэнцыі. Будуць прачытаныя больш за дзесяць дакладаў, якія прапануюць вядомыя навукоўцы і дасьледчыкі: Леанід Лыч, Уладзімер Конан, Эмануіл Іофэ й іншыя. Аналягічныя канфэрэнцыі заплянаваныя і пройдуць адначасна ў 20 краінах Эўропы. Гэта адбудзецца заўтра, 16 чэрвеня, а ў Беларусі – на дзень раней. Тлумачыць адзін з арганізатараў, дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў:

“Ні ў адной эўрапейскай краіне такая канфэрэнцыя не праводзіцца без падтрымкі дзяржавы”.


“Мы ня можам правесьці 16 чэрвеня, як ва ўсіх краінах, бо ні ў адной эўрапейскай краіне такая канфэрэнцыя не праводзіцца без падтрымкі дзяржавы. Мы праводзім толькі сіламі грамадзкасьці, і ў нас цяжкасьці з памяшканьнем. І толькі дзякуючы таму, што ўправа партыі БНФ прапанавала нам памяшканьне без патрабаваньня аплаты, адбудзецца гэтая канфэрэнцыя”.

На ёй будзе і прэзэнтацыя кнігі Ігара Кузьняцова “Засакрэчаная трагедыя савецкай гісторыі”, якая выйшла ў Расеі накладам 5 тысяч асобнікаў. Таксама прэзэнтуюцца тры выпускі зборніка “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі”. 200 асобнікаў выданьня надрукаваныя на сродкі аўтараў-дасьледчыкаў. Пра важнасьць гэтай падзеі гаворыць адзін з арганізатараў канфэрэнцыі Якаў Басін:

“ Калі мы будзем нешта хаваць, гэта дасьць падставу для таго, каб гэтая зьявы паўтараліся.”.


“На нашым досьведзе мы павінныя вучыцца жыць далей. Калі мы будзем нешта хаваць, гэта дасьць падставу для таго, каб гэтая зьявы паўтараліся. А сёньня нашая мінуўшчына дастаткова непрадказальная. І мы адкрываем яе новыя і новыя пласты, якія паказваюць, што ад таго мінулага трэба пазбаўляцца”.

Як паведамляюць арганізатары, навуковыя дасьледаваньні злачынстваў камунізму, прэзэнтаваныя падчас канфэрэнцыі ў краінах-удзельніцах, аргкамітэт перакладзе на ангельскую мову і выдасьць асобнай кнігай.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ахвярамі сталінскай палітыкі рэпрэсіяў сталі 600 тысяч жыхароў Беларусі. Аднак незалежныя дасьледчыкі заяўляюць, што ад карнай сыстэмы СССР наўпрост пацярпелі больш за мільён чалавек, не ўлічваючы іхныя сем’і. Гэта кожны пяты жыхар Беларусі.

30 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі групу беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Былі забітыя Янка Нёманскі, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін і іншыя. У ноч на 29 кастрычніка загінулі 22 беларускія літаратары. Усяго ж было рэпрэсавана 440 творцаў.

Беларуская грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з прапановай абвесьціць 2007 год – годам памяці ахвяраў палітрэпрэсіяў. Аднак вышэйшыя ўлады гэта зрабіць адмовіліся.


• "Камунізм -- на міжнародны трыбунал” – заклікаюць беларускія гісторыкі, 15.05.2007