Менгарвыканкам упарадкуе спадарожнікавыя талеркі і кандыцыянэры

Радыё Свабода Па даручэньні мэра Менску Міхаіла Паўлава Менгарвыканкам рыхтуе рашэньне, у якім будзе выразна прапісаны мэханізм разьмяшчэньня ў горадзе спадарожнікавых талерак і кандыцыянэраў на фасадах будынкаў.
Пра гэта паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, галоўны архітэктар горада Віктар Нікіцін.

Паводле Віктара Нікіціна, апошнім часам працэс устаноўкі кандыцыянэраў і спадарожнікавых талерак стаў некіруемым.

В.Нікіцін сказаў, што на фасадах будынкаў з 10,5 тысяч антэн толькі 40 усталявана па ўзгадненьні з мясцовымі адміністрацыямі. Таксама ў Менску налічваецца 2,5 тысяч кандыцыянэраў, большасьць зь якіх устаноўлена без распрацоўкі праектна-каштарыснай дакумэнтацыі, што стварае аварыйную сытуацыю.

Паводле новага рашэньня менскіх уладаў, мясцовыя адміністрацыі абавязаны правесьці рэвізію ўсіх спадарожнікавых антэн і кандыцыянэраў.

Віктар Нікіцін сказаў, што Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях прыраўноўвае ўсе зьмены фасаду да факту самавольнага будаўніцтва.

• Улады змагаюцца са спадарожнікавымі талеркамі, 16.05.2007

• Уладальніка спадарожнікавай антэны могуць аштрафаваць”, 23.04.2007