“Цяпер на гэтай мове гаворыць маё сэрца”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Зьвярнуўшыся да беларускіх газэт ад 6 чэрвеня розных гадоў, Беларуская Свабода нагадвае вам пра падзеі мінулага.
На старонках “Вольнай Беларусі” на гэтым тыдні 1917 году Зьмітрок Бядуля піша з нагоды сьмерці Максіма Багдановіча: “Плач, бедная маці Беларусь... Лій сьлёзы — нядоля агарнула цябе... Ты страціла аднаго з найлепшых сыноў тваіх... Ляці, шэрая зязюля, з родных загонаў Беларусі ў далёкую Ялту! Закувай на адзінокай магіле найлепшаго, найшчырэйшаго сына Беларусі... Кажы яму, што гаротная Беларусь ніколі яго не забудзе... {На скрыжалях адраджэньня роднаго краю яго імя будзе з’яць у небі Беларусі сьветлай зоркай навекі!}”

“Вечерний Минск” у 1977 годзе ў сувязі з публікацыяй праекту Канстытуцыі СССР друкуе водгук выдатніка савецкага гандлю Д.Шэйбак: “На нашых вачах сьціраюцца адрозьненьні паміж асноўнымі сацыяльнымі групамі нашага грамадзтва, усё шчыльней набліжаюцца нацыі і народнасьці нашай насамрэч агульнанароднай дзяржавы... маці дзякуючы мудрай ленінскай замежнай палітыцы нашай Камуністычнай партыі, яе Цэнтральнаму Камітэту на чале зь Леанідам Ільлічом Брэжневым, спакойныя за будучыню ўласных дзяцей”.

“Свабода” ў 1997 годзе зьмяшчае ліст навучэнкі СШ №27 Дар’і Афанасенкі: “Мову навучання я выбірала сама восем год назад. Хаця ў маёй сям’і па-беларуску ніхто не размаўляў, я выбрала мову майго народа. Тады мне, зусім яшчэ малой, спадабалася мова, на якой дырэктар школы прачытаў мне верш. Цяпер на гэтай мове гаворыць маё сэрца. Тыдзень назад дырэктар сказаў, што наш клас будзе расфарміраваны, бо ён маленькі і не будзе фінансавацца. А ў чым я вінаватая?”