Васіль Палякоў: “Я веру ў працу”

Радыё Свабода Васіль Палякоў – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.
Я веру ў працу, у яе стваральную сілу. Веру ў тое, што калі чалавек сумленна працуе, мэтанакіравана робіць сваю справу, то ўрэшце ён пабудуе нейкую вежу. Калі ён кожны дзень кладзе цагліну ў гэтую вежу, то напрыканцы жыцьця ён будзе знаходзіцца на вяршыні гэтай вежы і будзе назіраць за тым, што робіцца наўкол яго, і будзе ведаць, што ягонае жыцьцё мела пэўны сэнс, і ён пражыў гэтае жыцьцё недарма.

У мяне некалькі такіх вежаў. Па-першае, гэта вежа асабістая, вежа маёй сям’і. Толькі ад мяне залежыць, як будзе складвацца маё жыцьцё й іхняе жыцьцё. Працуючы ў грамадзкім накірунку, у сфэры адукацыі, я ў першую чаргу думаю пра сям’ю, каб мая праца не адбівалася на стане маіх родных, каб яны адчувалі сябе ўтульна й былі задаволены мной і маёй працай.

Другая вежа – гэта вежа грамадзкая, палітычная. Я ўжо даволі доўга – каля дзесяці гадоў – займаюся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. І тут, я лічу, таксама неабходна мэтанакіравана рабіць сваю справу, таму што ёсьць пэўныя праблемы ў нашым грамадзтве. У першую чаргу гэта адсутнасьць свабоды й дэмакратыі. Таму, каб нешта зьмяніць, неабходна кожны дзень рабіць пэўны ўнёсак, рабіць пэўныя крокі ў гэтым накірунку.

Трэцяя вежа – гэта ўзаемаадносіны зь іншымі людзьмі. Чалавек тады можа заслугоўваць павагі, лічыць сябе Чалавекам зь вялікай літары, калі ён ня робіць шкоды астатнім. Ня проста сваім родным, але астатнім людзям, якія знаходзяцца вакол яго.

Таму я веру ў працу. І толькі праца, праца па ўсіх накірунках можа прынесьці чалавеку нейкі плён.

***

Васіль Палякоў – пэдагог, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.