“Такія беларусы нам патрэбныя...” (да 80-гадовага юбілею Вітаўта Кіпеля)

Тацяна Поклад, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”.
30 траўня знанаму беларускаму грамадзкаму дзеячу і навукоўцу з ЗША Вітаўту Кіпелю споўнілася 80 гадоў. Гэта сьвята ня толькі для самога юбіляра і яго блізкіх, але і для ўсёй сьвядомай беларускай супольнасьці ва ўсім сьвеце. Пра Вітаўта Кіпеля гавораць маладыя беларусы з ЗША і Эўропы, і сам Вітаўт Кіпель разважае пра сябе, пра Беларусь і пра беларускую моладзь за мяжой.

Слухаць:

Частка першая



Частка другая



Знанага дзеяча беларускае эміграцыі, дырэктара Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (www.binim.org), ведаюць ва ўсім сьвеце.

Стужынская: “Трэба, каб больш было такіх беларусаў, як Вітаўт Кіпель”.

"Менавіта такой працы не хапае"

Вольга Стужынская з Брусэлю амаль у чатыры разы маладзейшая за Вітаўта Кіпеля, – як і Мікалай Цімашэнка, лідэр моладзі Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (www.zbma.net).

Цімашэнка: “Гэта вельмі цікавы чалавек, мне найбольш запомніліся яго палымяныя выступы з нашых самых першых сустрэчаў. Ён сапраўдны нацыяналіст, у найлепшым сэнсе, адчуваецца, як любіць ён бацькаўшчыну і што ў яго баліць за яе сэрца”.

Вольга Стужынская, кіраўніца эўрапейскага офісу "За дэмакратычную Беларусь" (www.democraticbelarus.eu), кажа пра дзейнасьць Вітаўта Кіпеля:

Стужынская: “Тое, што робіць Вітаўт Кіпель, асабліва дзеля прэзэнтацыі Беларусі ў сьвеце – менавіта вось такой працы ў сфэры беларушчыны не хапае: адкрыць Беларусь для міжнароднай супольнасьці. Я бачу сапраўды вялізарны ўнёсак сп. Кіпеля ў гэта“.

Праца і сакрэт

Вітаўт Кіпель нарадзіўся ў Менску, але ў 1944-м разам з бацькамі змушаны быў пакінуць Беларусь – спачатку гэта была Заходняя Эўропа, дзе ён вучыўся і атрымаў першую доктарскую ступень, пасьля – ЗША. Доктар геалогіі, вучоны-бібліёграф, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ад 1982 году, ганаровы сябра беларускага ПЭН-цэнтру.

Амаль усё жыцьцё, яшчэ ад часоў гімназіі, і ў вучобе і ў навуковай і грамадзкай працы, – разам са сьветлай памяці Зорай Кіпель. Разам, пасьля некалькіх гадоў працы па першай спэцыяльнасьці, вучыліся – ужо ў Нью-Джэрсі – каб атрымаць другую вышэйшую адукацыю, ужо гуманітарную.

Ад шасьцідзесятых гадоў разам пачалі працаваць у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы: Вітаўт загадчыкам навуковага адзьдзела і рэдактарам бюлетэня “Новыя тэхнічныя кнігі”, а Зора – спачатку каталягізатарам літаратуры, а з 1981 па 1991 гг. – намесьнікам загадчыка славянскага аддзела, дзе дзякуючы Кіпелям зьявіўся беларускі аддзел.

Разам яны распрацоўвалі беларускую бібліяграфію, даведнікі, хрэстаматыі. Разам склалі бібліяграфічны даведнік “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, хрэстаматыю “Беларуская дзяржаўнасьць” на ангельскай мове. Склалі таксама некалькі бібліяграфіяў па грамадазнаўству, гісторыі літаратуры (Скарынінская бібліяграфія, у якой каля трох тысяч назваў, складзена таксама з дапамогай Кіпеляў).

І да таго – кнігавыдавецкая дзейнасьць па зьбіраньні і выданьні літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў, і ангельска-беларускі слоўнік. Вітаўт Кіпель зьяўляецца адным з выдаўцоў часопіса “Запісы БІНІМ”, супрацоўнічае ў газэце “Баларус”, займаецца кнігавыдавецкай дзейнасьцю, якую ажыцьцяўляе Баларускі інстытут навукі і мастацтва па зьбіранні і выданьні літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў.

А таксама Вітаўт Кіпель больш за 30 гадоў выступаў на хвалях нашага радыё як Вітаўт Зубкоўскі ў сваіх перадачах, якія ён рыхтаваў у бюро Радыё Свабодa ў Нью-Ёрку. Ён, фактычна, і распачаў тэму беларускага замежжа на Радыё Свабода.

У чым сакрэт такой працавітасьці?

Кіпель: “Я ня ведаю, ці ёсьць які сакрэт, я – нармальны чалавек. Калі і ёсьць сакрэт, то ў тым, што нарадзіўся я ў Менску і Менск, відаць, мае нешта такое, што застаецца на ўсё жыцьцё. Гэтая мая беларускасьць, безумоўна, прыйшла з Менску... Але, калі б я мог абіраць, то абраў бы Вільню”.

Кожны год у Беларусь

Ужо болей як 15 апошніх гадоў, ад таго часу, як гэта толькі стала магчымым, Вітаўт Кіпель штогод прыяжджае на радзіму.

Кіпель: “Кожны год. Першы раз быў у 1991 годзе у травені. Тады яшчэ быў СССР, мы й рызыкавалі... І нават ехалі праз Маскву. Мая жонка тады так бунтавалася: “Праз Маскву мы не паедзем!” Дык я кажу, дык інакш мы ня маем кудой заехаць! А пазьней ужо сталася магчымым наўпрост у Менск ехаць”.

І дзякуючы таксама і гэтай далучанасьці да Бацькаўшчыны, кажа Вольга Стужынская з Бэльгіі, Вітаўт Кіпель – чалавек для моладзі цікавы і сучасны.

Стужынская: “Таму што бывае вельмі часта так, што людзі, якія зьехалі, нават тыя, хто зьехаў усяго некалькі гадоў таму, не наведваюць Беларусь, і яны так і засталіся ў мінулым са сваімі ўяўленьнямі пра Беларусь. І я лічу, што спадар Вітаўт вельмі правільна робіць, вельмі так гэта па-сапраўднаму, – тое, што ён езьдзіць у Беларусь кожны год”.

Дзеці

“У мяне заўсёды перад вачыма прыклад сына і дачкі спадара Вітаўта, – працягвае Мікалай Цімашэнка з Амэрыкі, – разам са спадарыняй Зорай яны выхавалі іх беларусамі. Гэта сапраўдны подзьвіг – так выхаваць дзяцей тут, у Амэрыцы. І вось іх бачыш тут, маладых, якія шмат чаго дасягнулі жыцьці...

Вось спадар Кіпель не прыгожымі словамі павучае, а мы бачым гэты прыклад: яго сын, яго дачка, якія захавалі сваю беларускасьць, дасягнулі найлепшага, і ён сам, што толькі можна было дзеля Беларусі зрабіць, зрабіў і робіць, аддае сваю душу, і тое, як ён выхаваў дзяцей, гэта для моладзі самы найлепшы прыклад”.

Сам Вітаўт Кіпель кажа, што гэта не яго найперш заслуга:

Кіпель: “Гэта заслуга маці, у першую чаргу – маці. Калі маці сочыць за выхаваньнем дзіцяці і дае яму гэтыя асновы беларускасьці – першыя словы, калыханку, – гэта застаецца на ўсё жыцьцё.

У маім выпадку я памятаю такое. Недзе ў Нагінску, далёка-далёка, у тайзе, я прыйшоў дахаты з вуліцы і пачаў маме расказваць, што там здарылася. Гэта былі 1934-35 гады. Мама пасадзіла мяне і кажа: “У цябе ёсьць мама?” – “Ёсьць”. – “Май на ўвазе, да мамы ты будзеш гаварыць толькі так, як да цябе гаворыць мама”.

Я тады й ня цяміў усяго гэтага. Але я зразумеў, што я да яе заўсёды павінен казаць па-беларуску, – яна да мяне заўсёды гаварыла па-беларуску. І тое самае на эміграцыі – бабкі і маці, яны выхоўваюць. Я цяпер бачу, я з унукамі сам, мне ня так лёгка ўдаецца навучыць іх чытаць, як гэта ўдавалася Зоры ці бабкам. Так што мая пашана беларускім маткам, якія змогуць падрыхтаваць пакаленьне да дзейнасьці ў галіне беларускасьці”.

Вітаўт Кіпель мае трох унукаў – гэта ўжо другое пакаленьне народжаных у Амэрыцы.

Кіпель: “О, я стараюся іх навучыць алфавіту, і чытаць па-беларуску, але гэта даецца мне цяжка. Але неяк даем рады – сын дапамагае. Можа, два мужчыны зробяць тое, што адна жанчына рабіла”.

"Гляджу аптымістычна на беларускую справу"

Вітаўт Кіпель, натуральна, уважліва сочыць за ўсім, што адбываецца на Бацькаўшчыне. Ён параўновае часы, калі яго сям''я вярнулася ў Менск з ссылкі ў часе Другой усясьветнай вайны, і сучасную Беларусь.

Кіпель: “Я вельмі аптымістычна настроены, і нават гляджу на ўсю беларускую справу аптымістычна. Ведаеце, чаму? Я гадаваўся па-за Беларусьсю (бо сям''я была ў ссылцы), і калі я вярнуўся ў Беларусь у часе вайны – у нацыянальным руху былі адзінкі, сьцяг быў невядомы, гімн – невядомы. А цяпер беларусаў – мільёны. І сьцяг ведамы, і гімн ведамы, і наагул, беларуская справа ведамая. І ва ўсім сьвеце ведамая. Трэба глядзець рэальна: беларуская справа набірае сілу”.

А тым часам усё больш маладых беларусаў зьяжджае за мяжу. У гэтай зьяве, вядома, ня ўсё адназначна. З аднаго боку – звычайныя сучасныя глябальныя працэсы, права чалавека абіраць сабе месца для жыцьця, працы і вучобы. Зь іншага – актыўная і адукаваная моладзь Беларусь пакідае вымушана, з-за рэпрэсіяў і перасьледу рэжыму. Вітаўт Кіпель, які дасьледваў тэму беларускай эміграцыі ў ЗША, кажа:

Кіпель: “Тое, што зьяжджае сьведамы элемэнт, і такі дынамічны, – гэта нядобра. Сьведамы элемэнт зьяжджаў і раней, пасьля вайны шмат зьехала. Але, тыя хто зьяжджаюць, калі будуць трымацца беларускай ідэі і тут, то яны паспрыяюць беларускаму – калі не адраджэньню, то вынасу беларускай справы на сусьветны шырэйшы форум.

Трагічна я на гэта не гляджу. Бясспрэчна, лепей, каб яны жылі і вучыліся на Бацькаўшчыне, але калі на Бацькаўшчыне ўмовы такія, што яны не атрымаюць асьветы, то лепей хай вучацца на Захадзе”.

"Жывая легенда", "просты і сапраўдны", "зубр"...

Вітаўт Кіпель – гэта легендарная велічная асоба ці звычайны жывы чалавек?

Цімашэнка: "Мне здаецца, болей як такая жывая легенда. Прынамсі, я яго так успрымаю, з глыбокай павагай на яго гляджу, і ён мне здаецца такім непрыступным чалавекам, які ўмее трымаць дыстанцыю паміж сабой і іншымі, які ведае, чаго ён варты. І сапраўды, ён заслугоўвае глыбокай павагі за сваю дзейнасьць. Так такі чалавек, мне ўяўляецца, і павінен сябе паводзіць".

Лідэр моладзі Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Мікалай Цімашэнка ня стаў сьмяяцца над такім пытаньнем, а вось іншыя мае суразмоўцы заўсьміхаліся. Вольга Стужынская жыве ў Бэльгіі:

Стужынская: "Я не пагаджуся, хаця, можа і Мікалаю там у Амэрыцы лепш бачна. Для мяне такія людзі, як спадар Кіпель – не легенды, а простыя, жывыя, сьвядомыя, сапраўдныя беларусы, каторыя цудоўна прадстаўляюць нашую краіну за мяжой. Хацелася б, каб такіх людзей было больш. Я, жывучы за мяжой, бачу, што ня так шмат за межамі Беларусі людзей, якія так добра маглі б прадстаўляць нашую краіну".

Я пагаварыла і з Ганнай Сурмач, шматгадовай колішняй кіраўніцай Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", якая пасьля была аўтарам і вядучай перадачаў "Беларускае замежжа":

Сурмач: "Я са спадарствам Зорай і Вітаўтам Кіпелем знаёмая шмат гадоў. І мяне трошкі зьдзіўляе такое меркаваньне (сьмяецца).

Я думаю, што так гэтаму маладаму чалавеку здаецца, калі ён глядзіць на такога сапраўды вялікага чалавека, як Вітаўт Кіпель. Я магу сказаць, што мала ў сваім жыцьці сустракала людзей, якія былі б настолькі адкрытыя да іншых людзей, і Кіпель заўсёды гатовы на кантакты як з маладымі, так і са старэйшымі. Ён заўсёды дзяліўся інфармацыяй, якую яны з Зораю толькі знаходзілі, зь ім заўсёды адчуваеш сябе лёгка і свабодна.

Вітаўт Кіпель – вельмі адкрыты і кантактны чалавек і шмат кантактуе з моладзьдзю. Ён з таго пакаленьня эміграцыі, якое клапоціцца пра нашчадкаў зробленнага імі цягам свайго жыцьця, так што спадар Вітаўт сапраўды зь цёплынёй ставіцца да моладзі. Да моладзі, зацікаўленай беларускай справай, ён заўсёды з усёй шчырасьцю, адкрытасьцю і павагай ставіцца, імкенцца перадаць усё, што ён ведае, дапамагчы.

Так што я думаю, усе гэтыя словы пра "жывую легенду" і "велічную непрыступнасьць" (сьмяецца) – бывае што і такім чынам выказваецца павага да велічы асобы Вітаўта Кіпеля, бо ён сапраўды такі, што нават толькі і зьнешне выклікае павагу, а калі пачынае гаварыць... Ды яшчэ калі памятаць пра ўсё зробленнае ім, то зразумела, які гэта насамрэч незвычайны чалавек.

Я, памятаю, у сваёй перадачы, прысьвечанай яго 75-годзьдзю, казала, што Ларыса Геніюш называла такіх людзей, як Вітаўт і Зора Кіпелі "зубрамі" – зубрамі беларускай культуры, зубрамі беларускай нацыянальнай справы.

Але з тым, што Вітаўт Кіпель – непрыступны, я не пагаджуся! Я раю моладзі кантактаваць зь Вітаўтам Кіпелем, яны самі ва ўсім пераканаюцца".

"Я раней думаў, што БІНІМ – гэта сотні чалавек"

Маладыя беларусы замежжа, удзельнікі гэтай перадачы, далучаюцца да віншаваньняў Вітаўту Кіпелю. Мікалай Цімашэнка, лідэр згуртаваньня беларускай моладзі ў Амэрыцы распавёў, што моладзь будзе адзначаць яго юбілей:

Цімашэнка: “Мы будзем адзначаць яго юбілей, будзе сустрэча Вітаўта Кіпеля з моладзьдзю. Цяпер так сталася, што тут вельмі шмат моладзі з гістарычнай адукацыяй, нам будзе пра што паразмаўляць і параіцца.

Я шчасьлівы, што маю гонар яго павіншаваць асабіста. Ведаеце, калі я вучыўся на гістфаку ў БДУ, то я чуў і ведаў пра БІНІМ і думаў, што гэта – вялікая ўстанова, дзе дзясяткі ці сотні беларусаў займаюцца змагарнай працай па захаваньню нашай спадчыны. І калі я даведаўся, што гэта праца нешматлікіх энтузіястаў, і найперш, спадара Кіпеля, – я быў уражаны, як шмат можа зрабіць для Беларусі нават адзін чалавек, які перакананы ў неабходнасьці сваёй працы”.

І яшчэ віншаваньне – з Эўропы, з Бэльгіі, – ад Вольгі Стужынскай, кіраўніцы офісу “За дэмакратычную Беларусь”:

Стужынская: “Я ад ўсяго сэрца хачу сп. Вітаўта павіншаваць і падзякаваць яму за тое, што ён застаецца сапраўдным беларусам і нават у такім узросьце мае і час, і ахвоту, і здароўе заўсёды наведваць Беларусь. Зычу яму ўсяго самага найлепшага, здароўя, самых вялікіх радасьцяў у жыцьці і доўгага жыцьця!”

“Сёлета, як звычайна, паеду ў Беларусь"

А якое пытаньне хацеў бы пачуць Вітаўт Кіпель, пра што хацеў бы сказаць абавязкова?

Кіпель: “Апошнія 17-18 гадоў увесь час думаецца, – летам паехаць у Беларусь, нешта даведацца, пазнаёміцца, пабачыцца, нешта набыць. У такім узросьце людзі няшмат езьдзяць, але для мяне гэта абавязкова. Я ежджу кожны год. Так што вось гэта – можна пытацца, можна не пытацца, але ёсьць такое, што хацелася, каб людзі заўсёды пыталіся: “Ці плянуеце паехаць у Беларусь?” – “Так, пляную!”

І будзе нейкая адмысловая нагода для гэтага – падобна як летась, калі ў Менску адбывалася прэзэнтацыя ангельска-беларускага слоўніка?

Кіпель: “Сёлета я думаю паехаць без асаблівай нагоды, затое буду мець нагоду палавіць рыбу, пабачыцца зь людзьмі, папросту наведаць Бацькаўшчыну”.

Пасьля размовы

І ўжо пасьля таго, як перадача прагучала, праз пару дзён Мікалай Цімашэнка распавёў, што наважыўся бліжэй паразмаўляць зь Вітаўтам Кіпелем і пераканаўся, што сапраўды: "жывая легенда" – просты ў дачыненьнях і адкрыты чалавек.

Гл. таксама:

Прыватны дзёньнік: Вітаўт Кіпель 25.09.2006

Энцыкляпэдыя беларускай дыяспары – новы праект беларускіх навукоўцаў з замежжа і бацькаўшчыны 19.12.2005

Да 75-годзьдзя Вітаўта і Зоры Кіпеляў 18.06.2002