На Нямізе сабраліся сваякі загінулых

Севярын Квяткоўскі, Менск Восем гадоў таму, 30 траўня 1999 году, у цісканіне ў падзямельным пераходзе на станцыі мэтро "Няміга" загінулі 53 чалавекі – большасьць дзяўчаты. Моладзь, што прыйшла на сьвята піва да Палацу спорту, ратавалася ў пераходзе ад навальніцы. Пасьля расьсьледаваньня справы суд прызнаў, што вінаватых у трагедыі няма.


Сёньня на месцы трагедыі, каля ўваходу ў падземны пераход ля станцыі мэтро “Няміга”, сабраліся блізкія ахвяраў.

Памінаньне ахвяраў пачалося ў праваслаўным катэдральным саборы. Пасьля памінальнай службы блізкія загінулых рушылі хросным ходам да месца трагедыі. Малітва адбылася таксама каля помнага знаку трагедыі.







Маці загінулай дзяўчыны Насьці Алена Ўладзімераўна:

Алена Ўладзімераўна: “Я зусім адна засталася. У мяне была адзіная дачка. Мы з Маладэчна... Я заяву напісала, начальнік пытаецца – куды? Я кажу, што на Нямігу, служба будзе – 8 гадоў [трагедыі]. Адказвае – навошта заява, едзьце так. Раней мы імёны ўсіх дзяцей і бацькоў ведалі: кожны месяц 30 чысла мы заўжды прыяжджалі”.

Натальля Навакоўская – маці загінулай 16-ці гадовай Аляўціны. Спадарыня Навакоўская ўзначальвае грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар сацыяльнай дапамогі Няміга’99”:
Натальля Навакоўская: “Я ўражаная – нашая дзяржава не знайшла грошай на букет кветак!”.
Навакоўская: “Я ўражаная – нашая дзяржава не знайшла грошай на букет кветак! Прыйшоў гэты трагічны дзень. Усе ж памятаюць... Каб горад так адрэагаваў... па іх віне ўсё гэта адбылося”.

Крымінальную справу за службовую нядбайнасьць былі распачалі супраць міліцэйскіх чыноўнікаў Менгарвыканкаму Віктара Русака і Міхаіла Кандраціна. Справа была спыненая ў 2002 годзе 25 сакавіка судом Цэнтральнага раёну Менску. Судзьдзя Пятро Кіркоўскі патлумачыў рашэньне сканчэньнем тэрміну даўніны.

Далей cуаўтарка кнігі “Трагедыя на Нямізе: факты, сьведчаньні, камэнтары» праваабаронца Тацяна Равяка:

Равяка: “Вельмі дзіўная фармулёўка, яна тады нас вельмі ўразіла: “тэрміну даўніны” чаго? Людзі памерлі, і тэрмін іхнага жыцьця скончыўся? Там тлумачылася, што такія справы не аказалі значнага ўплыву, нязначныя, і таму іх можна спыняць за тэрмінам даўніны”.

Тацяна Равяка адзначае, што да міліцэйскага кіраўніцтва, адказнага за ахову парадку ў часе масавых мерапрыемстваў не было нават маральных спагнаньняў:
Тацяна Равяка: Равяка: “Калі людзі адчуваюць сваю калі не юрыдычную, віну, то хоць бы маральную віну за такія трагедыі”.
Равяка: “Усё-такі яны афіцэры, ёсьць панятак гонару афіцэрскага. Калі людзі адчуваюць сваю калі не юрыдычную, віну, то хоць бы маральную віну за такія трагедыі. Не, гэтага не адбылося”.

Навакоўская: “Калі ня будуць памятаць пра такі дзень, пра загінулых дзяцей, то і іхныя дзеці іх саміх ня будуць помніць. Ня будзе пачуцьця адказнасьці. Трэба ўсё-такі адказваць. Трэба хоць бы дэманстраваць нейкія знакі ўвагі”.

30 траўня – восьмыя ўгодкі трагедыі на Нямізе