Праваабаронцы вітаюць неабраньне Беларусі ў Раду па правах чалавека

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора Генэральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў не абрала Беларусь сябрам Рады па правах чалавека ААН. Паводле вынікаў галасаваньня, новымі чальцамі Рады ад Усходняй Эўропы сталі Славенія (у першым туры галасаваньня) і Босьнія і Герцагавіна (у другім).
Яшчэ за некалькі дзён да галасаваньня на два месцы ад усходнеэўрапейскай рэгіянальнай групы прэтэндавалі дзьве краіны – Славенія і Беларусь. І ў апошнюю хвіліну сваю кандыдатуру высунула Босьнія і Герцагавіна. Многія назіральнікі схільныя да меркаваньня, што гэта адбылося з падачы заходніх краінаў, занепакоеных пэрспэктывай абраньня Беларусі.

Паводле вынікаў галасаваньня, Беларусь была трэцяй. У першым туры за Славенію прагаласавалі 188 са 192 дзяржаваў-сяброў ААН. У другім туры Босьнія і Герцагавіна атрымала 112 галасоў, Беларусь – 72 пры неабходных 97 галасах.

Амбасадар ЗША ў ААН Залмай Халілджад у размове з журналістамі выказаў задавальненьне такімі вынікамі:

“Мы былі асабліва занепакоеныя магчымасьцю абраньня Беларусі, якую невыпадкова называюць апошняй дыктатурай у Эўропе”.

Напярэдадні галасаваньня шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, улучна з “Freedom House” і “Human Rights Watch”, заклікалі Генэральную асамблею ААН адхіліць заяўку Беларусі, бо ў краіне сыстэматычна парушаюцца правы чалавека, і яна пазьбягае супрацоўніцтва з ААН у пытаньні датрыманьня правоў чалавека.

Хілель Ноер, выканаўчы дырэктар групы “UN Watch”, якая займаецца маніторынгам дзейнасьці ААН, кажа: ягоная група даводзіла ўрадам, што краіны, дзе парушаюцца правы чалавека, не павінны ўваходзіць у Раду:

“Мы паведамілі ўрадам, што ўлады Беларусі адмаўляюцца супрацоўнічаць з дакладчыкам Рады ў правох чалавека ААН па Беларусі. Дык як можна прэтэндаваць на месца ў арганізацыі, зь якой вы адмаўляецеся супрацоўнічаць у самых простых запытаньнях?”

Аднак неабраньне Беларусі ў Раду – гэта толькі частковая перамога праваабаронцаў. Яны занепакоеныя, што сябрамі Рады сталі ўчора Эгіпет, Ангола і Катар – краіны, дзе таксама груба парушаюцца правы чалавека.

Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека была створаная летась для замены праваабарончай камісіі ААН. Тая камісія дыскрэдытавала сябе ўваходжаньнем у яе склад прадстаўнікоў дзяржаваў, сумнавядомых найгрубейшымі парушэньнямі правоў чалавека. Гэтыя прадстаўнікі часта аб’ядноўвалі свае сілы, робячы немагчымым расьсьледаваньне парушэньняў, дапушчаных у іх дзяржавах. Аднак, і новую Раду ўжо таксама пачалі крытыкваць, пасьля таго, як у сакавіку сёлета яна вырашыла спыніць назіраньне за сытуацыяй з правамі чалавека ў Іране і Ўзбэкістане.


Гл. таксама:

• Галасаваньне ў ААН — камэнтары афіцыйнага Менску, 18.05.2007 • Пахавальны звон па глябальных амбіцыях афіцыйнага Менску, 17.05.2007 • Ці патрапіць Беларусь у Раду ААН па правах чалавека?, 16.05.2007 • "Human Rights Watch" – супраць кандыдатуры Беларусі, 16.05.2007 • Босьнія складзе канкурэнцыю Беларусі, 16.05.2007 • Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да дзяржаваў – сяброў ААН, 15.05.2007 • Камітэт ПАРЭ: Беларусі ня месца ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека, 14.05.2007