Памежныя зоны скароцяць, але невядома калі

Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра рашэньне скараціць памеры памежных зонаў заявіў старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў Беларусі Ігар Рачкоўскі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Паводле галоўнага памежніка краіны, “у некаторых зонах знаходзяцца аб’екты культуры й адпачынку, куды патрапіць грамадзянам занадта складана”.

Скарачэньне памежных зонаў — частка праграмы рэфармаваньня памежнай службы, якая, аднак, яшчэ не прынятая цалкам. “Калі пачнецца скарачэньне памежных зонаў і да якіх памераў, мы і самі пакуль ня ведаем. Пакуль зацьверджаная толькі канцэпцыя рэфармаваньня. Астатняе — праца на шмат гадоў”, — патлумачылі Радыё Свабода ў прэсавай службе Дзяржкамітэту памежных войскаў.

Памежная зона — гэта паласа ўздоўж мяжы, уезд у якую без адпаведнага дазволу забаронены нават грамадзянам краіны. Звычайна гэтая паласа шырынёй да дзесяці й болей кілямэтраў.

Памежныя зоны прыкладна той жа шырыні ёсьць і на процілеглым баку беларускай мяжы — на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Аднак у краінах-сябрах Эўразьвязу грамадзянам праехаць у памежныя зоны значна лягчэй.

“Мая родная вёска знаходзіцца ў такой зоне. Памежнікі там часта езьдзяць, правяраюць дакумэнты. Але, каб трапіць туды, дазволу адмысловага ня трэба. Мая жонка-беларуска прыяжджае без усякага дазволу”, — апавёў “Свабодзе” польскі журналіст, які працуе ў Беларусі.