Міхал Карневіч, Горадня Сёлета ў чэрвені споўніцца 100 год зь дня наданьня пісьменьніцы Элізе Ажэшцы званьня ганаровай грамадзянкі Горадні, а таксама 120 гадоў з таго часу, як яна скончыла напісаньне свайго найбольш вядомага рамана “Над Нёманам”. Менавіта да гэтых датаў прымеркаваная сумесная выстава гарадзенскай мастачкі Натальлі Лапкінай й фотамастачкі з Варшавы Эльжбэты Дзюк, якая называецца “Родная зямля Элізы Ажэшкі”.
Арганізавалі выставу сябры Таварыства гарадзенцаў і віленчукоў у Варшаве пад патранатам Генэральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Горадні.
На выставе прадстаўлена больш за 60 фотаздымкаў і малюнкаў Горадні й ваколіцаў, дзе працавала ці любіла гуляць пісьменьніца: Каложа, кляштар Брыгітак, Багатырэвічы, Мінавічы, фарны касьцёл, у якім яна брала шлюб...
Бачу, як зацікаўлена разглядае экспанаты госьця з Варшавы пані Ванда Рэнік, намесьніца старшыні Таварыства гарадзенцаў і віленчукоў у Варшаве. Яна нарадзілася ў Горадні й жыла тут да 1939 году на вуліцы Грандзіцкай, якая цяпер носіць імя М. Горкага.
Спадарыня Рэнік разважае пра Элізу Ажэшку:
“Я заўсёды падкрэсьліваю, што аб ёй трэба казаць ня толькі, як аб пісьменьніцы, але й як аб сапраўднай жанчыне, грамадзянцы. На жаль, мы мала ведаем аб яе жыцьці, а ў той час яна мела добрую адукацыю, не баялася выказваць сваіх думак, часта трапляла пад вострую крытыку за свае погляды. Гэтыя рысы яе вельмі імпануюць”.
Пані Ванду дапаўняе генэральны консул Рэспублікі Польшча Анджэй Крэнтоўскі. Ён кажа, што памяць пра Ажэшку жыве ў Горадні – нездарма сюды прыйшло так шмат людзей. Дарэчы, выстава цягам пяці месяцаў знаходзілася ў Лазенках, у Варшаве. Консул Крэнтоўскі нагадаў падзеі 1886 года, калі пісьменьніца ўзначальвала Камітэт дапамогі пагарэльцам. У той час гарадзенцы найбольш палюбілі пісьменьніцу за яе чалавечнасьць і самаадданасьць. І невыпадкова людзі ў 1906 годзе зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем надаць ёй ганаровае званьне.
А вось наведнікі абступілі аўтарку фатаграфій Эльжбету Дзюк. Яна прайшла па мясьцінах Ажэшкі ня толькі ў Горадні, але й навакольлі, дзе пісала свае раманы пісьменьніца, менавіта над Нёманам. Пытаюся ў спадарыні Эльжбеты, чаму яе так захапіла гэтая тэма?
“Я прыяжджала ў Горадню, каб фатаграфаваць гістарычныя помнікі, але калі пазнаёмілася з жыцьцём і творчасьцю Элізы Ажэшкі, якая тут жыла й тварыла, папросту закахалася ў яе асобу”.
Гаспадыня выставачнай залі Ірына Сільвановіч нагадала, што заля знаходзіцца на вуліцы Ажэшкі й гэта вельмі сымбалічна. Як і тое, што пісьменьніца пісала ня толькі па-польску, але й па-беларуску. Яна таксама ўзгадала, як гарадзенцы шанавалі асобу Элізы Ажэшкі:
“Калі яна хварэла й ляжала ў сваім доміку, які стаіць побач з дарогай, гарадзенцы сьцялілі салому на брук, каб ёй не перашкаджаў грукат колаў і яна магла спакойна папраўляцца”.
Адметна, што на адкрыцьці выставы не было нікога з боку афіцыйных гарадзенскіх уладаў.