Шанцы Дзьмітрыя Калдуна і ягоных супернікаў

Алена Струвэ Пасьля выступу беларускага сьпевака ў паўфінале многія журналісты пачалі называць Калдуна фаварытам “Эўрабачаньня 2007”. Паводле люксэмбурскага выданьня “Tageblatt”, акрамя беларуса, на лепшыя пазыцыі ў сёлетнім конкурсе прэтэндуюць швэдзкі гурт “The Ark” і сэрбская сьпявачка Марыя Шэрыфавіч.
Тым часам буйнешая брытанская букмэкэрская кантора William Hill настойвае на тым, што на Эўрабачаньні перамогу атрымае Ўкраіна – песьня Danzing Веркі Сярдзючкі.



Даволі высока ацэньваюць шанцы беларуса ў фінале і аўтарытэтныя экспэрты музычнага каналу ВВС. Песьня "Work Your Magic" нагадвае ім матывы баявікоў пра Джэмса Бонда, а імідж выканаўцы ў чымсьці – імідж самога агента. Паводле ацэнкі экспэртаў, сярод якіх пераможца “Эўрабачаньня-1986” Сандры Кім з Бэльгіі, "Дзіма Калдун –сымпатычны малады чалавек, добры сьпявак, які да таго ж выконвае добрую песьню”. Паводле аглядальнікаў, “фішкай нумару былі дзяўчаты з падтанцоўкі, апранутыя, як і Дзіма, у чорнае. Яны час ад часу “прыклейваліся” да сьценкі, якая рухалася”.

Журналісты адзначаюць выдатную плястычнасьць сьпевака і харэаграфію нумару. Паводле некаторых выданьняў, дачыненьне да пастаноўкі меў вядомы грэцкі балетмайстар і сябар Філіпа Кіркорава.

Экспэрты ВВС прагназуюць беларусу як найменей дзявятую пазыцыю ў фінале. Адну зь першых, паводле іхных ацэнак, зойме 22-гадовая сэрбская сьпявачка Марыя Шэрыфавіч, якая выступала ў паўфінале пад пятнаццатым нумарам. У размове з журналістамі Марыя адкрыта заяўляе пра сваю нетрадыцыйную арыентацыю. У шэрагу публікацыяў яе посьпех тлумачаць належнасьцю да пэўнага лобі. Фактар падтрымкі геяў у тэлегаласаваньні прынята лічыць вельмі істотным. Тым часам большасьць крытыкаў называюць яе выступ аб’ектыўна моцным, а фолк-баладу “Малітва” “касьмічна прыгожай”. Экспэрты ВВС адзначаюць цудоўны вакал Марыі і дадаюць, што гэта тыпова балканскі сьпеў.



Для параўнаньня: манэру выкананьня песьні "Work Your Magic” беларускім сьпеваком называюць дастаткова касмапалітычнай. Гэтак жа яе мог бы выканаць фін, швэд ці брытанец.



Наяўнасьць нацыянальнага калярыту адчувалася і ў часе выступу сьпевакоў зь іншых пяці балканскіх краінаў. Акрамя Сэрбіі ў фінал трапілі Славенія, Македонія і Баўгарыя. Баўгары Эліцэ Тодарава і Стоян Янкулаў уразілі ўсіх сваёй віртуознай гульнёй на народных барабанах –тарамбукі.

У часе паўфіналу не абышлося без скандалу. Кіраўнік ізраільскай камісіі “Эўрабачаньня” Ёў Гінаі падаў пратэст дырэкцыі конкурсу ў зьвязку з тым, што пад час трансьляцыі выступу гурту “Teapacks” адбыўся збой у карцінцы. Паводле Гінаі, гэтае тэхнічнае парушэньне ў паказе пазбавіла гурт шанцу на выхад у фінал. Кампазыцыя гурту “Націсьні на кнопку” раней спрабавалі зьняць з конкурсу за яе залішнюю палітызаванасьць.



• Якія шанцы ў беларускага выканаўцы на Эўрабачаньні?

• Дзьмітры Калдун выйшаў у фінал "Эўрабачаньня-2007"