Аляксандар Мілінкевіч патрабуе спыніць разбурэньні ў Горадні

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня Аляксандар Мілінкевіч накіраваў ліст старшыню Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандру Антоненку. Рэканструкцыю старой забудовы Горадні, якую ажыцьцяўляюць улады, палітык называе “трагічнай памылкай” і выказвае спадзяваньне, што “разбурэньне Старога гораду будзе спыненае”.
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў падкрэсьлівае, што пакуль яшчэ ў Горадні застаецца шанец трапіць у сьпіс гарадоў культурнай і гістарычнай спадчыны ЮНЭСКО. І зазначае, што мае магчымасьці “прыцягнуць да працы найлепшых экспэртаў і рэстаўратараў Эўропы”.

Аляксандар Мілінкевіч піша, што ня хоча, каб спадар Антоненка ўвайшоў у гісторыю Горадні як “мэр-разбуральнік” і прапануе супрацоўніцтва. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзілі прыхільнікі руху “За свабоду”.

Аляксандар Мілінкевіч шэсьць гадоў (да 1996 году) быў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму і дбаў, апроч іншага, пра архітэктурныя помнікі.



Вось як выглядае флігель палацу ХVІІІ стагодзьдзя на вуліцы Горкага, які пачалі разбураць, каб пабудаваць на яго месцы царкву.

• Першы крок для гарадзенскага рэфэрэндуму • Горадня: моладзь пачала дзяжурыць каля дамоў, якія плянуецца зруйнаваць • Партыя БНФ — пра руйнаваньне гістарычных помнікаў у Горадні й Менску