У “Доме літаратара” Вера Рыч, Валянцін Тарас, Міхась Тычына

Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Міхась Тычына. Рэдактар: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 5 траўня).
ЛІТПРАЦЭС

ВЕРА РЫЧ: “ПАЎСТАГОДЗЬДЗЯ Я ЗАХАПЛЯЮСЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРАЙ І ПЕРАКЛАДАЮ ЯЕ НА АНГЕЛЬСКУЮ МОВУ”

Вера Рыч – карэнная ангелька, народжаная ў Лёндане, выпускніца Оксвардзкага ўнівэрсытэту з дыплёмам матэматыка. Але вось ужо пяцьдзесят гадоў яна прафэсійна перакладае на ангельскую мову беларускую літаратуру. Дзякуючы ёй па-ангельску загаварылі Максім Багдановіч і Ларыса Геніюш, Алесь Гарун і Якуб Колас, Рыгор Барадулін і яшчэ многія беларускія паэты. Нядаўна спадарыня Вера пабывала ў Менску. Там зь ёю 24 красавіка, якраз у дзень яе нараджэньня, сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Вера, найперш прыміце віншаваньні з днём нараджэньня, які вы сьвяткуеце ў першы дзень свайго цяперашняга прыезду ў Менск. Скажыце, гэта так выпадкова атрымалася, ці вы адмыслова прымеркавалі свой прыезд у Беларусь на ваш дзень нараджэньня?”

Вера Рыч: “Я была запрошаная на канфэрэнцыю ў Львоў. Гэта было некалькі дзён таму. І мне здалося, што адтуль было б добра прыехаць у Беларусь дакладна ў гэты дзень. Я хацела быць сёньня з вамі тут”.

Аксак: “З беларускае мовы вы перакладаеце пачынаючы з 1950-х. А як пачалася вашая любоў да Беларусі? Як так здарылася, што вы, выпускніца Оксвардзкага ўнівэрсытэту, захапіліся беларускаю літаратурай?»

Рыч: “То ёсьць вялікая справа. У 1953 годзе я знайшла ў Лёндане беларускую грэка-каталіцкую капліцу. Гэтая форма, гэты стыль малітвы быў дужа блізкі да майго сэрца. А сёлетняй вясной спаўняецца пяцьдзесят гадоў маёй працы над беларускай літаратурай, але дакладнае даты я не памятаю”.

Аксак: “Што найперш вы выдзяляеце ў беларускай літаратуры для ангельскага чытача?”

Рыч: “Паэзію Максіма Багдановіча”.

Аксак: “У 1971 годзе ў вашым перакладзе ў Лёндане выйшаў зборнік “Як вада, як агонь: Анталёгія беларускай паэзіі з 1828 году да сёньняшняга дня”, у якім апублікаваны творы 41 беларускага аўтара. Кажуць, што беларуская амбасада ў Лёндане ўмешвалася ў выхад гэтае анталёгіі, бо на яе вокладцы ангельскі мастак намаляваў гістарычны сымбаль Беларусі – Пагоню. Што гэта за гісторыя?”

Рыч: “Не, не амбасада, а Галоўліт у Маскве. Гэтую анталёгію выдавалі пад эгідай ЮНЭСКО. ЮНЭСКО заплаціла, але паліграфічная праца ішла ў адным лёнданскім выдавецтве, мастак якога захапляўся геральдыкай і хацеў зрабіць Пагоню. Я ведала, што з гэтым могуць узьнікнуць праблемы і прапанавала нэўтральны малюнак, напрыклад, валошкі. Ён адмовіўся і даў на вокладку Пагоню. Колькі месяцаў усё было добра, але потым быў Міжнародны кніжны кірмаш у Маскве, і гэтая анталёгія была на выставачным стэндзе ЮНЭСКО. Чалавек з Галоўліту ўбачыў там Пагоню, пасьля чаго там была вельмі ўважліва прачытаная гэтая анталёгія, каб знайсьці ў ёй штосьці на прадмет беларускага нацыяналізму. Але вы ведаеце, калі хтосьці штосьці шукае ў літаратуры, то штосьці і знойдзе. Восем гадоў ішлі пасьля гэтага спрэчкі, лісты... Урэшце ўсе пагадзіліся перадрукаваць вокладку на нэўтральную. Але ў які спосаб тое зроблена – сама вокладка блакітная, а тэкст на ёй бел-чырвона-белы!”

Аксак: “Дасьледчыкі пішуць, што вашы пераклады адметныя дакладнай перадачай зьместу і формы арыгіналу, што пацьвердзілі і пераклады анталёгіі “Верш на Свабоду”, якая выйшла ў 2002 годзе. Гэта вершы маладых і сталых беларускіх паэтаў, якія гучалі на нашым радыё ў адмысловай праграме цягам 2001 году. Што цяпер вы перакладаеце з беларускай літаратуры?”

Рыч: “Спадар Язэп Янушкевіч папрасіў мяне дапамагчы з перакладам “Пінскае шляхты”, які рыхтуецца да выданьня з нагоды 200-годзьдзя Дуніна-Марцінкевіча. Ён мае пераклад асноўнага тэксту, але я мушу зрабіць песьні. Пяцьдзесят гадоў я працую над перакладам “Новае зямлі” Коласа і хачу яе скончыць. Больш таго, я хачу яшчэ перакласьці “Тутэйшых” Янкі Купалы. Пераклад усіх вершаў Максіма Багдановіча хачу завяршыць. Працую таксама над некалькімі, яшчэ не друкаванымі тут, вершамі Рыгора Барадуліна. Я маю вялікі-вялікі запас матэрыялу для працы і мне хочацца ўсё давесьці да парадку. Летась я працавала над вершамі вельмі далікатнай і вельмі глыбокай паэткі Тацяны Сапач зь Вільні. Кніга амаль падрыхтаваная, я мушу ў ёй толькі колькі месцаў паправіць. Нядаўна я моцна хварэла і не магла працаваць, але цяпер чуюся лепш. Я не магу сказаць, што часу ў мяне наперадзе шмат і я хачу жыць да ста гадоў, але і за дзесяць гадоў я павінна шмат зрабіць для беларускай літаратуры”.

Аксак: “Вы – сьціплая ў самаацэнцы і сьціплыя гады сабе адмералі, а мы жадаем вам дажыць усё ж да стогадовага юбілею і парадаваць беларусаў новымі прыездамі сюды і новымі перакладамі твораў беларускіх пісьменьнікаў на ангельскую мову”.

АЎТАР І ТВОР

ВАЛЯНЦІН ТАРАС: “ХЛУСЬНІ ПРА ВАЙНУ СУПРАЦЬСТАІЦЬ ЛІТАРАТУРА”

Пра сытуацыю вакол помніка савецкаму салдату ў Таліне, пра фэномэн беларускай паэзіі падчас Другой усясьветнай вайны, пра паэтычны пераклад як набліжэньне праз аддаленьне з пісьменьнікам і перакладчыкам Валянцінам Тарасам гутарыць Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Валянцін, напэўна, нашы слухачы памятаюць, што вы пішаце мэмуары пад назвай “На высьпе ўспамінаў” – частка іх прагучала на хвалях нашага радыё. Як ідзе ваша праца далей, да якога часу вы дабраліся?”

Валянцін Тарас: “Так, я працягваю пісаць кнігу “На высьпе ўспамінаў”, у параўнаньні зь першым выданьнем яна вырасла амаль удвая. А да якога часу дабраўся… Кніга пабудаваная так, што там і даўнейшы час, і цяперашні. Я цяпер сьпяшаюся ўсё, што я пабачыў і зразумеў, зьмясьціць у гэтую кнігу”.

Скобла: “Напярэдадні 9 траўня ў эстонскай сталіцы Таліне быў дэмантаваны помнік савецкаму салдату, што выклікала нечуваныя для гэтай краіны пратэсты. Якое ваша стаўленьне да гэтай падзеі?”

Тарас: “Дваякае. Але я павінен удакладніць, што помнік не дэмантаваны, а перанесены ў іншае месца. А гэта розныя рэчы. Перанесены ён на вайсковыя могілкі, што цалкам натуральна. Але я думаю: ня трэба было эстонцам пакуль што гэта рабіць. Яны міжволі падыгралі ўрапатрыятычным, шавіністычным сілам у Расеі, якая сёньня хоча вярнуцца да імпэрыі, да манархіі. Тут эстонцы зрабілі вялікую памылку. Да таго ж, Эстонія, маленькая краіна, пасварылася з вялікім суседам. Пасварылася з гледзішча Расеі самым брутальным чынам. А з суседзямі сварыцца ня варта. Але я разумею і эстонцаў... І для мяне вельмі важна, што помнік не дэмантаваны, не разбураны, а перанесены на могілкі. Там яму самае належнае месца, а ня ў цэнтры Таліна. Гэта толькі ў Маскве на Чырвонай плошчы зробленыя могілкі”.

Скобла: “Беларуская літаратура пра вайну вядомая ў сьвеце. І найперш дзякуючы Васілю Быкаву. Але я хачу спытацца пра іншае. І перад вайной і пасьля вайны – мёртвы сэзон у беларускай паэзіі. Практычна, я не змагу згадаць ніводнага выдатнага верша, напісанага ў 1935–1950 гады. А падчас вайны – нечаканы рэнэсанс. Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў стварылі сапраўдныя шэдэўры. Чым вы гэта патлумачыце?”

Тарас: “Свабодай. Як гэта ні дзіўна, вайна разьняволіла людзей, зрабіла іх свабоднымі на пэўны час. Людзі зрабіліся самі сабой. Каго было баяцца? Ворага? Ворага не баяцца трэба, з ворагам трэба змагацца. Паэзія – вольная птаха, яна ў клетцы жыць ня можа. У клетцы яна сьпявае ледзь-ледзь. Як толькі клетку прыбіраюць, яна сьпявае на поўны голас”.

Скобла: “А назавіце вашы ўлюбёныя вершы пра вайну. Давайце складзем такую мініанталёгію ад Валянціна Тараса”.

Тарас: “Я такую анталёгію ўжо склаў, калі разам з Уладзімерам Мулявіным працаваў над праграмай “Праз усю вайну”. Там у мяне былі ваенныя паэты Сямён Гудзенка, Міхаіл Кульчыцкі, Аляксандар Твардоўскі, Рыгор Барадулін. Я лічу недаацэненым, выдатным паэтам Навума Кісьліка. Мы з паэтам Аляксандрам Дракахрустам нядаўна ўклалі і выдалі яго пасьмяротную кнігу. Ну, і вядома – Аркадзь Куляшоў. Гэта імёны, а якія творы незабыўныя... Верш Барыса Слуцкага “Помнік”. Памятаеце? “Дивизия лезла на гребень горы, и пал я тогда, и замолк до поры… Солдаты сыскали мой прах по весне, сказали, что снова я родине нужен». Помнікам мяне зрабілі, і вось вераб’і на мяне… Разумееце? Вельмі чалавечны верш пра вайну. Мне падабаўся і цяпер падабаецца паэма “Сьцяг брыгады” Куляшова, хоць яна цалкам савецкая па сваёй ідэалёгіі. Там жа апяваецца ахвярнасьць у імя чырвонага сьцягу. Але там ёсьць і праўда пачуцьця чалавека той вайны, там такая шчымлівая інтанацыя. Менавіта ў “Сьцягу брыгады” ўпершыню зьявіўся гэты вядомы куляшоўскі памер (“то доўгі радок, то куртаты” – як пісаў адзін крытык). Ён бярэ за душу. Ну, і ўся ваенная лірыка Аляксея Пысіна. Як ня ўспомніць яго знакамітае: “Ведайце, калі мяне ня стане – я ў сваю дывізію пайшоў”. Любы з нас, вэтэранаў, хто памірае сёньня, ідзе ў сваю дывізію ці ў свой атрад. Гэта верш назаўсёды”.

Скобла: “Вы пераклалі з беларускай мовы на расейскую цэлую бібліятэку – і з прозы, і з паэзіі. А ці перакладаеце сёньня?”

Тарас: “Не, сёньня амаль не перакладаю. Скажу шчыра – на пераклады мне не хапае часу. Але я пільна сачу за беларускай паэзіяй – і за маладымі паэтамі, і за сталымі сваімі таварышамі. Вось і нядаўна я атрымаў з рук Рыгора Барадуліна яго новую кнігу “Гуканьне паэзіі Ўсходу”. Прачытаў – залпам”.

Скобла: “Кнігу склалі вольныя пераклады Барадуліна з усходніх паэтаў Ду Фу, Лі Бо. А ня ўзьнікла жаданьне яшчэ раз іх перакласьці – з беларускай на расейскую?”

Тарас: “Не, перакладаць пераклады я ня буду. Я Барадуліна перакладаў многа, і магу ганарыцца, што часам удавалася. Мушу прызнацца, што перакладаць беларускія вершы на расейскую мову вельмі цяжка. У паэзіі, як нідзе, для таго, каб наблізіцца, трэба спачатку адысьціся. Напрыклад, у таго ж Барадуліна ёсьць верш “Лёс да кожнага прыходзіць босы, як Хрыстос…” Здаецца, перакласьці яго вельмі проста, дастаткова памяняць “лёс” на “рок”. Але гэта розныя рэчы. Думаў я, думаў… Памятаю, ішоў некуды і проста на дарозе прыйшло: “Судьба приходит к каждому босая, как Матерь Божья – Дева Пресвятая”. Таксама – давялося адысьціся, каб наблізіцца”.

ВАЛЯНЦІН ТАРАС. З КНІГІ “НА ВЫСЬПЕ ЎСПАМІНАЎ”

Вось ужо і шэсьцьдзесят другі дзень Перамогі. У двары Сувораўскай ваеннай вучэльні, непадалёк ад якой жыву, яшчэ ў сакавіку пачалі грымець аркестры, раздаваліся воклічы, крыкі “Ўра!” – сувораўцаў муштравалі для параду. Недзе рыхтуюцца да сьвяточнага шэсьця вэтэраны вайны. Не магу не зьдзіўляцца, адкуль бяруцца штогод гэтыя калёны вэтэранаў? Часам такое ўражаньне, што іх ня меншае, а большае!.. Насуперак закону прыроды. Гляджу на сябе самога: мне ўжо не па сілах прымаць удзел у гэтых шэсьцях, а я ж адзін з самых маладых удзельнікаў вайны, якому ўжо семдзесят сем. У лютым, на свае семдзесят сёмыя ўгодкі, прысьвяціў сабе самому вершык пра тое, як убачыў на сваім календары дзьве сямёркі, нібы дзьве нагі, што задраліся ад стомы дагары.

Удосыць нахадзіліся яны! Курчылі ім скуру халады. На пякельным прысаку вайны Засталіся іхнія сьляды. На сумежжы, на разломе дзьвюх эпох Тупалі па вострых камянёх, Доўга не стамляліся ані, Ды на пятах мазалі, што камяні.

Якія тут шэсьці! Ды, можа, гэта я адзін такі стомлены дзядок, а ўсе астатнія, якім па 80, 85, па 90, – усё яшчэ магутныя сталінскія грэнадзеры? Сумняваюся… Бо час разграміў апошнія палкі франтавікоў і рэшткі партызанаў, загнаў іх за калючы дрот гадоў. Гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ў Менску жылі чалавек трыццаць, калі ня болей, маіх суатраднікаў, былых партызанаў брыгады імя Чкалава, а цяпер засталіся два чалавекі: я і Лідзія Зьмітраўна Кізіла, былая разьведчыца нашага атраду, якой сёлета споўніцца 83 гады. На жаль, хадзіць яна амаль ня можа, розныя хваробы не дазваляюць. Дык адкуль бярэцца даўжэзная калёна вэтэранаў? Дзіўна! Як дзіўна вельмі многае з таго, што робіцца вакол кожнага чарговага сьвята Перамогі, – гвалт над гісторыяй вайны, нейкі амаль цалкам выдуманы сцэнар мінулага. Нібы не было трагічнага разгрому Чырвонай Арміі ў чэрвені-ліпені-жніўні 1941 году, а была магутная абарона “лініі Сталіна”. Нібы забыліся, што вайна пачалася 22 чэрвеня, а 28-га раніцай – праз тыдзень! – нямецкія войскі ўвайшлі ў Менск. Добра памятаю, як пад Менскам, у вёсачцы Мядзьвежына, куды наша сям’я ўцякла ад бамбёжкі і пажару, у якім згарэў і наш домік на Трамвайным завулку, я ўбачыў нямецкія танкі. Але думаў, што гэта нашы, савецкія танкі, і ўсе так падумалі, бо танкі тыя былі на маторнай частцы пакрытыя чырвонымі палотнішчамі. Здалёк не было відаць, што ў цэнтры тых палотнішчаў – у белым крузе – была выява свастыкі. Палотнішчы былі апазнавальнымі знакамі для нямецкай авіяцыі, каб лётчыкі не прынялі танкі за савецкія. А цяпер мне кажуць пра нейкую “лінію Сталіна”, якую гітлераўскія танкі ўмудрыліся нават не заўважыць.

Гэтай фальсыфікацыі і мане можна супрацьпаставіць толькі літаратуру! Тую літаратуру, якую называлі дэгераізатарскай, якую абвінавачвалі ў тым, што яна трымаецца “акопнай праўды”, то бок лякальнай, праўды асобных эпізодаў, праўды побыту вайны,пакінуўшы за бортам нейкую вышэйшую, стратэгічную праўду, так бы мовіць, праўду Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандаваньня. Ды якраз гэтая літаратура і дае новым пакаленьням сапраўдную карціну вайны, зьяўляецца жывым помнікам таму, што было, як было, чаму было гэтак, а не іначай. Маю на ўвазе ў расейскай ваеннай прозе перадусім творы Рыгора Бакланава, Вячаслава Кандрацьева, Віктара Астаф’ева. У нас гэта проза Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.

Гэтая проза набывае ў наш час новую сілу, новую пераканальнасьць, хоць яе і спрабуюць аспрэчыць найноўшыя фальсыфікатары, якія выдумляюць – менавіта выдумляюць – нейкую асаблівую гісторыю Айчыннай вайны ў Беларусі. І вось ужо мітычная “лінія Сталіна” падаецца, як гарніла Перамогі!

Яшчэ раз скажу: толькі сумленная літаратура, творы пра вайну, якія ўжо напісаныя ейнымі ўдзельнікамі, зноў і зноў супрацьстаяць усім старым і найноўшым “лініям Сталіна”. Трымаючыся лініі сапраўднага фронту, трымаючыся не рамантызаванай, упрыгожанай партызанкі, а той, якая была насамрэч.

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА

КРАІНА СПАЛЕНАГА СЭРЦА ДЗЯНІСА ХВАСТОЎСКАГА

Дзяніс Хвастоўскі. Лугназад. Паэзія. Выдавецтва “Логвінаў, 2006.

Яшчэ ня так даўно Дзяніса Хвастоўскага, смуглявага юнака з пранізьлівым позіркам разумных вачэй і нэрвовымі абрысамі твару, можа было сустрэць на цэнтральных вуліцах нашае сталіцы, дзе знаходзіцца ягоная 42-я школа, у мікрараёне “Паўднёвы Захад”, дзе ён жыў, на літаратурных імпрэзах, у якіх удзельнічаў і запомніўся моладзі чытаньнем свайго “Пыласоса”. Вось ён, гэты невялікі верш, у якім выявіўся характар Дзяніса, ягонае неардынарнае мысьленьне:

Проста ў хобат, узасос, Ты цалуеш пыласос. Толькі ў гэтай барацьбе Перасмокча ён цябе – Выме чорную душу, Як матор не заглушу. Я – стары рагаты лось. Ты мяне прапыласось!

Дзіцячае, па сутнасьці сваёй карнавальнае, мысьленьне, якое хавае ў гульні страх перад пачварным выяўленьнем тэхнакратычнае фантазіі, шукае паратунку ў старадаўняй міталягічнай сьвядомасьці: не палохай мяне, бо я сам цябе магу напалохаць! Пустыя дзіцячыя страхі ўрэшце праходзяць, але сьляды перажытага застаюцца і сублімуюцца ў вершах. Менавіта гэтая вясёлая страшылка, адна з нямногіх, засталася ў складзенай уласнаручна паэтам кніжцы “Краіна Спаленага Сэрца”, якая, у сваю чаргу, увайшла першай часткай у сабраны і выдадзены паэтам Віктарам Жыбулем зборнік вершаў пад дзіўнай назвай “Лугназад”. Усё астатняе (“поўны заплечнік уласных рукапісаў”) Дзяніс Хвастоўскі ў канцы 1998 году зьнішчыў, беручы за ўзор ці не самога Гогаля і не дужа спадзеючыся на суцяшальны вэрдыкт булгакаўскага Воланда: “Рукапісы не гараць!” Яшчэ як гараць! Хто-хто, а беларускія пісьменьнікі пра гэта добра ведаюць!

Дзяніс Хвастоўскі (гады жыцьця – 1976-2001) рана пачаў пісаць вершы, у 12 гадоў, як Аркадзь Куляшоў. Па сутнасьці, ня зьведаў так званага вучнёўскага пэрыяду. Сьляды перайманьня клясыкаў у ягоных раньніх вершаваных вопытах нават гэрмэнэўтыка зь ейным магутным дасьледчым апаратам зь цяжкасьцю адшукае. Нешта ад Шарля Бадлера, нешта ад Данііла Хармса, нешта ад Кандрата Крапівы, нешта ад Барыса Грабеншчыкова – гарадзкі падлеткавы фальклёр постсавецкае эпохі: пародыі, розыгрышы, страшылкі, дацкія (да пэўнае даты) вершы-прысьвячэньні. Высокае і нізкае, духоўнае і фізычнае, касьмічнае і зямное лёгка зьмяняюцца, а ў выніку нараджаецца верш, напісаны ў 16 гадоў, калі каханьне здаганяе хлопца, як сонечны ўдар, і сьцяміць, што здарылася, расставіць усё на сваё месца, можа толькі паэт, надзелены Божым дарам:

Каханыя трымаюцца вуснамі, каб з верхавіны ня ўпасьці. Хто тое ня лічыць распустаю, – кажа, што гэта шчасьце.

Зоркі зьлятаюцца хуткасна, жадаючы цалавацца. Хто не падумае – жудасна, будзе амаль любавацца.

Хлопец заручаны з зоркаю, Сустрэнуцца разам яны за горкай, высокаю горкаю, дзе толькі прасьцяг ільняны.

Адказаць на пытаньні – “Дзе ж вы, сінія вусны дзяржавы?..” (пад гэтай назвай у кнізе зьмешчаныя вершы раньняга пэрыяду), “Чым цікавыя ірляндзкія шчуры?..” – здольны толькі той, хто “мусіць спасьцігнуць прыгажосьць глыбінёй”. Альбо той, хто можа “сыграць нактурн... на флейце вадасьцёкавых трубаў” (як малады Ўладзімер Маякоўскі). І, несумненна, дваццаціаднагадовы Дзяніс Хвастоўскі:

То гудзе не трансфарматар, То ня шчыт мікрараённы. Гэта ён, скрыпач-аматар, Моцна ў грунт укаранёны, Ўзяў гумовую пальчатку, А ў пальчатку – смык, як пугу, І з канчатку да пачатку Даў высокую напругу. Віртуозны выканаўца Мае што сказаць народу: Часта будзе дакранацца Электрычны смык да дроту. На вузлах меднавалосых Яркі выб’ецца агеньчык, Калі ён у доўгіх косах Спатыкнецца, бы грабеньчык. У каналах андэграўндных, Ува ўсёй электрасетцы Ток акордаў адыграных Запульсуе, затрасецца, Пацячэ ў кватэры цугам Ды крывавымі вуглямі Ў такт сярэднявечным фугам Заіскрыцца ў кожнай лямпе.

Увесь сэнс хрэстаматыйнага верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” ў радках: “І тчэ, забыўшыся, рука заміж пэрсідзкага узору цьвяток радзімы васілька”. Увесь сэнс верша Дзяніса Хвастоўскага “Швачка” ў ягоным фінале: “Нават павук – каб і тое – ня скеміў, як бы згары ні сачыў, што за вузлы на сваёй мікрасхеме хітра кладзеш ты ўначы”. На надмагільлі Шарля Бадлера зьмешчаная выява альбатроса: адно ягонае крыло імкне ў неба, а другое валачэцца па зямлі. У верш Дзяніса Хвастоўскага залятае арол з Ляпляндыі: “адным крылом ён мора зморшчыў, другім – нябёсы пазьмятаў у кут касьмічны самы скрайні...”.

Але ў паэта, які хутка адмовіўся ад творчасьці як гульні і які рана зразумеў творчасьць як служэньне свайму краю, які напружана шукаў выхад з ізаляцыі беларускага слова і які ў сваіх снах-фантасмагорыях люляў мару пра эўрапейскую краіну, дзе штогод адзначаюць сьвята Лугназад, прысьвечанае богу ўсіх мастацтваў Лугу, у такога паэта няма нічога больш дарагога, акрым Беларусі. Да яе Дзяніс Хвастоўскі адносіўся з рэлігійным трымценьнем і піэтэтам.

Адкуль гэта ў гарадзкога хлопца, які марыў стаць гісторыкам, а стаў паэтам? Які так рана зразумеў, што “даруе Бог, ня дорыць сьвет”? Які пачуў аднойчы — “клічуць зоры да сябе”? Відаць, беларускасьць і беларушчына ня ходзяць толькі па тых сьцежках, якія мы вызначылі адвеку.

“Вокны завешаны. Я завершаны”, – напісаў Дзяніс Хвастоўскі. Ягонае зямное жыцьцё скончана – пачалося жыцьцё ягонага вершаванага слова.