“Лінія Сталіна”: “Ніхто не хацеў абараняць савецкую ўладу”

Зьміцер Бартосік, Менскі раён Дзякуючы “гістарычна-культурнаму комплексу” каля Заслаўя імя Ёсіфа Сталіна ўжо два гады на слыху ў беларусаў і гасьцей нашай краіны.
“Лінія Сталіна” стала абавязковым аб’ектам для наведваньня юных бээрэсэмаўцаў. Сярод маршрутаў, рэкамэндаваных для школьнікаў, яна займае першае месца. Вялізарны бюст “правадыра і настаўніка” пастаўлены на высокім пагорку й палохае ўсіх, хто едзе ў бок Вільні.

Незаангажаваныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што гэты “гістарычна-культурны комплекс” ня мае дачыненьня ні да гісторыі, ні да культуры. Што ў чэрвені 1941-га на гэтай “лініі” не магло быць баёў, бо старыя ўмацавальныя раёны былі зьнішчаныя самім Сталіным у 1939-м. Што нават сама гэтая назва, “Лінія Сталіна”, узятая ў Гёбэльса.

Нягледзячы на ўсе рацыі гісторыкаў, на самой лініі створана ўсё, каб у наведніка складалася ўражаньне, што ён, наведнік, прысутнічае на месцы Барадзінскага поля.

Дык ці быў тут бой крывавы? З гэтым пытаньнем я вырашыў праехацца па вёсках, якія знаходзяцца побач зь лініяй абароны, у надзеі, што ў Лашанах, Гарошках і Шчарбінах яшчэ ёсьць жывыя сьведкі тых далёкіх падзеяў.

І я ня быў расчараваны паездкай. Далібог, гэта цікавей за саму “Лінію Сталіна”.

Спадарыня Ганна, інтэлігентнага выгляду кабета, жыве ў Менску. На радзіму, у Гарошкі, прыяжджае на выходныя. Вайну памятае выдатна. Яна згадала забітага немца.



Ганна: “Стралялі. Аднаго немца забілі. Масток быў. Забілі аднаго. Але яны самі пахавалі — ды пайшлі. Немцы, як ішлі, так і пайшлі. Баёў моцных тут не было”.

Разгаварыўшы бабу Ганну, я вывудзіў у яе гісторыю пра сапраўдны подзьвіг.

Ганна: “Калі пачыналася вайна, зьбілі самалёт тут нямецкі. І там лётчык адзін быў. І тут яго схавалі, у склепе яго схавалі, гэтага немца. Тут прыяжджаюць на матацыкле. “Дзе лётчык?” — “Пайшоў туды”. Яны за ім. Яны яго не знайшлі. А пасьля прыяжджаюць немцы. Гэтага немца аддалі, і за гэта сталі паважаць”.

Карэспандэнт: “Нашы кабеты выратавалі яго ад савецкіх войскаў?”

Ганна: “Глебчыха ўмела па-нямецку гаварыць. Ляшок таксама мог па-нямецку”.

Карэспандэнт: “А гэтая жанчына, якая лётчыка выратавала...”

Ганна: “Яны яго схавалі ў пограбе”.

Карэспандэнт: “Што ёй рухала?”

Ганна: “Што рухала? Чалавек жа. І немец чалавек”.

Карэспандэнт: “Як прозьвішча гэтай жанчыны, якая ратавала лётчыка?”

Ганна: “Глебка. Гэта самы першы дзень вайны”.

Карэспандэнт: “А самалёт не бамбаваў?”

Ганна: “Не. Напэўна, разьведчык. Можа, фатаграфаваў, ці што. Мы ўсю вайну разьбіралі яго на часткі. Хадзілі туды. Дэталькі розныя”.

Чаму ўчынак беларускай кабеты не афішаваўся, думаю, тлумачыць ня трэба. Але дзякуючы яму вёска Гарошкі была ў акупантаў на асаблівым рахунку. Ні немцы, ні паліцаі яе лішні раз не турбавалі. Сюды наведваліся іншыя госьці.



Ганна: “Амаль што ўвесь час немцы някепска ставіліся, калі шчыра казаць. Партызаны горш. Ім есьці трэба. За адну ноч яны ўганялі васямнаццаць кароў. Насупраць нас, у Ігналіхі, забралі карову, дык яна ўпала на лёдзе. Старая, можа, хітрая карова. І яны прйшлі, узламалі дзьверы і нашу забралі. У нас чацьвёра дзяцей. Ім трэба васямнаццаць кароў. А што, сямнаццаці мала? Ім трэба было жэрці, гуляць і піць”.

Карэспандэнт: “Ну, яны ваявалі хоць неяк?”

Ганна: “А хто ведае, чым яны займаліся. Ваенная тайна”.

Сяргей Альхімовіч жыве ў самым пачатку вёскі Шчарбіны. У 1941-м яму было сем гадоў. Пра пачатак вайны распавядае так, як быццам гэта было ўчора.





Сяргей: “Выходзім на дарогу, стаяць танкі. Я да мамы — што гэта такое? Яна кажа: “Сынок, немцы”. Дзядзька мне кажа: “Сяргей, бяжы ў Путнікі. Там дот стаіць. Скажы салдатам, што немцы ў Шчарбінах. Я пабег. Дот, дротам абцягнуты. Сядзіць часавы каля дота. Сьпіць. Я яго штурхануў. “Што такое?” — “Чаго ты сьпіш? Немцы ў Шчарбінах”.

Ён у гэты дот забег. Чалавек шэсьць іх там было. Выходзяць з дота і, як цяляты, адзін за другім папёрлі ўніз. А мне ж сем гадоў, ужо цяміў. Дай, думаю, зайду у дот, патронаў набяру. Заходжу ў дот — ні храна. Ні адзінага патрона. Ляжаць пальчаткі, ляжыць бінокль. Я ў кішэню і пайшоў. Дадому прыходжу. Дай, думаю, у Лашаны забягу. Пайшоў — і там ніводнага салдата. Я не разумею, як гэты было і як яны пабудавалі “Лінію Сталіна”? Што яна ахоўвала?”.

Карэспандэнт: “Часавы ў доце спаў?”

Сяргей: “Спаў”.

Вось табе і поле Кулікова. Калі б не маленькі Сярожа, дык зусім праспалі б немцаў. Іншая жыхарка Шчарбінаў, Тацяна Сідараўна, у пачатку вайны была дарослай дзяўчынай, якая ў Шчарбіны выйшла замуж. Дзевяностагадовая згорбленая старая сядзела на ганку і грэлася на сонейку.





Карэспандэнт:: “Вы ня памятаеце, у сорак першым годзе там былі баі?”

Тацяна: “Не, дзіцятка. Там нічога не было. Кусты, лес і ўсё. Я, сынок, помню. Нічога там не было. Нічога”.

Карэспандэнт: “А калі тут немцы зьявіліся?”

Тацяна: “Яны спалілі нас, немцы. У сорак трэцім”.

Карэспандэнт: “За што?”

Тацяна: “Праз партызанаў, сынок. Партызаны ў іншай вёсцы сабраліся ў адну хату. Выпівалі. А адна жанчына ішла. Яна зайшла і кажа: “Што вы, бадзягі, п’яцё? А немцы Шчарбінаў грабяць”. Яны, сынок, не рабавалі. Яны прывезьлі соль. На санях некалькі немцаў. Соль вазілі. Хто дасьць мяса, хто малака. Да мяне прыйшлі, я кудзелю прала. А тут партызаны заехалі. Іх многа было, дванаццаць падвод. І падняўся бой. Пяць партызанаў забілі і пяць немцаў. Хто куды ўцякалі. Ой, страшна было. Палавіну вёскі спалілі”.

Карэспандэнт: “А каго больш баяліся?”

Тацяна: “Партызаны болей бралі, чым немцы. Немцы толькі соль вазілі памяняць. А гэтыя, як прыйдуць, дык — “Што блядзюга старая, ня хочаш нічога даць?” Вось так было.

Пазаймелі дзевак, каторыя халасьцякі. Паабкрадуць сукенкі, спадніцы. Сяброўкам дадуць. А тая ня ведае, адкуль гэта бралася. Пойдзе на танцы, а там гаспадыня пазнае сваю адзежу. “Ах, ты такая!” Зьдзіралі зь дзевак гэтыя сукенкі ды праз вокны ўцякалі. Во, якія былі партызаны. А немцы са станцыі ехалі. Калі б вы хацелі, заселі ў засаду і там бы пабілі ў лесе. А то ў вёсцы, у хатах”.

Ад свайго апошняга суразмоўцы, васьмідзесяцігадовага жыхара Шчарбінаў Віктара Калантая я, шчыра кажучы, хацеў пачуць хоць нешта ў абарону той лініі. Але пачуў тое, што пачуў.





Віктар: “Я табе клянуся. Богам! Нічога не было. Ніякіх супраціўленьняў. Ну, навошта людзям муру вешаць на вушы? Усё бачыў, усё ведаў. Тухта гэта. Зрабілі для моладзі. Хлусьня поўная. Гэтая лінія ні разу ня стрэліла. Гэта ўсё тухта, братка. Вялікая тухта. Ніхто не хацеў абараняць савецкую ўладу. Ніхто! Сволачы гэтыя ўшлі ўсе. А на трэція суткі мы пачулі, што за Мінскам і Бог ведае дзе. Нічога тут, сынок. Богам клянуся. Ніхто тут не абараняў”.

А проста за два крокі ад Шчарбінаў стаяць кавалькады машын. Едуць сем’і зь дзецьмі падзівіцца на акопы і танкі. Едуць экскурсіі юных піянэраў. Едуць салдаты тэрміновай службы прыняць прысягу.

Шкада, што ім не пачуць апошняга пытаньня спадара Калантая, адказу на якое яму не дадуць ні гісторыкі, ні тым больш стваральнікі міту пра “Лінію Сталіна”.

Віктар: “Чаму так было? Дзе была гэтая дзяржава? Чаму так атрымалася, што ніхто нас не абараніў? Ніхто ня стрэліў?”