“Імя Вашай Экселенцыі будзе ўспамінацца самымі далёкімі пакаленьнямі беларусоў з пашанай і ўдзячнасьцю”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 4 траўня ў розныя гады мінулага.
“Гоман” у 1917 годзе друкуе ліст фэльдмаршалу фон Гіндэнбургу:

“Роўна год таму назад Ваша Экселенцыя прызнала ў межах Ob Ost у офіцыйных зносінах і ў школі тые-ж правы за беларускай мовай, як і за мовамі іншых нацыональнасьцей Краю. Прэдстаўнікі організованых беларусоў дзякуюць за гэта ад імі ўцісканаго сталецьцямі дзевяцімільоннаго беларускаго народу... Імя Вашай Экселенцыі будзе ўспамінацца самымі далёкімі пакаленьнямі беларусоў з пашанай і ўдзячнасьцю. Ад імя організованых Беларусоў: Вацлаў Ластоўскі, Язэп Салавей, Вільня, 28 лютаго 1917 г.”.

“Gwiazda mlodziezy” на гэтым тыдні 1927 году піша пра перапіс у СССР:

“У 1897 г. на тэрыторыі былой Расеі (цяперашняга СССР) жыло 104 мільёны чалавек. У 1914 г. 135 з паловай мільёны, а ў 1920 г. — толькі 131 з паловай. І вось цягам 6 з паловай гадоў, г.зн. ад 1920 да 1927 г., колькасьць павялічылася на 15 з паловай мільёнаў чалавек... Вялікія зьмены можна аднатаваць у полавым складзе насельніцтва: у 1897 г. на 1000 мужчынаў мы мелі 1041 жанчыну, сёньня на 1000 мужчынаў маецца 1112 кабет”.

“Віцебскі пролетарый” у 1937 годзе апавядае пра дэманстрацыю 1 траўня:

“Вяліка і бязмежна гатоўнасць працоўных быць вартымі абаронцамі сваёй краіны. У першамайскіх калонах гэта пачуццё гарачага советскага патрыятызма складвалася ў атрадах узброеных пролетарыяў... Гэта пачуццё складваецца ў плакатах і лозунгах, транспарантах, мадэлях самалётаў, танкаў і т.д. Маладыя рабочыя і работніцы фабрыкі “КІМ”, авалодваючы парашутным спортам, высока ўзнялі лозунг: “Дадзім краіне 150 тысяч лётчыкаў”.