Радыё Свабода Валянцін Бойка – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.
Слухаць:
Калі б нехта спытаў у мяне: “Спадар Бойка, ува што вы сапраўды верыце?” – я бы сарамліва прамаўчаў. Бо сказаць тое, што думаю – гэта верны спосаб дастаць у мызу як ад праціўнікаў, так і ад сваіх аднадумцаў. Гэта рыса дасталася мне ад дзядулі, які, дарэчы, верыў у камунізм. І верыў шчыра. За што і меў на абаранкі ці не на кожным партсходзе. Бо ён не трываў (і цяпер не трывае) хлусьні, нізкапаклонства і кар’ерызму, што было і, на жаль, застаецца для нашага грамадства нормаю.
Але верыў ён ня толькі ў камунізм, прывід якога станавіўся ўсё больш прывідным. Нягледзячы на дакорлівы позірк Леніна з партбілета, мой дзед нават прымудрыўся ўпотай ахрысьціць сваіх дзяцей. На той час гэта быў сьмелы ўчынак.
Так вера ў Бога аказалася ня менш моцнай за веру ў сьветлую будучыню. Асабіста ў мяне дачыненьні зь нябёснай канцылярыяй пакуль ня склаліся. Хаця рэлігіі я не адмаўляю. Мае аднакурсьніцы ці не аднагалосна крычалі, што гэта грэх. Але ці ня большы грэх біць нагамі ў грудзі і крычаць пра сваю рэлігійнасьць, нават ня ведаючы Бібліі?
Змалку я болей вучыўся ня верыць. Спачатку ляснула мая вера ў Дзеда Мароза. Пасьля прыйшла чарга бусла, які носіць дзяцей. Я навучыўся ня верыць дарослым, якія першыя гадоў дзесяць твайго жыцьця вучаць ня хлусіць, а наступныя дзесяць – зусім адваротнаму. Ня верыць газэтам, бо папера трывае любую хлусьню. Ня верыць школе, якая ня вучыць, а робіць зь цябе сыравіну для далейшага штампаваньня пустагалова-ляяльнага грамадзяніна, чый ворган мысьленьня – страўнік.
Я навучыўся ня верыць тэлебачаньню, бо адзінае акенца праўды ў ім – гэта прагноз надвор’я. Ня верыць рэкляме, ня верыць палітыкам, ня верыць дзяўчатам, ня верыць нікому. “Ў народ і край свой толькі веру / І веру ў самаго сябе” – пісаў незабыўны Купала.
Няхай зганяць мяне браты-адраджэнцы, гатовыя танчыць “Лявоніху” на барыкадах, але ў свой народ я таксама ня веру. Калі ж даводзіцца адмаўляцца ад уласных прынцыпаў і лісьліва пасьміхацца ў вочы ілжы, то перастаеш верыць і самому сабе.
А верыць хочацца. Калі ня верыць цалкам, то, прынамсі, часам “паверваць”. Верыць у перамогу здаровага глузду над калгасным хамствам. Бо калгас – гэта ня спосаб гаспадараньня. Гэта лад жыцьця і мысьленьня. Верыць калі не ў справядлівасьць (бо ў кожнага яна свая), то хаця б у непазьбежныя законы гісторыі. Зло, цемрашальства, ваяўнічае невуцтва і сьляпая нянавісьць часам бяруць верх. Але рана ці позна ў сьвеце аднаўляецца раўнавага.
Хочацца верыць, што ты, украінец, зможаш гаварыць роднай беларускай мовай і навакольны сьвет ня будзе ляпіць на цябе бірку фанатыка або вар’ята. А твае дзеці і ўнукі з маленства будуць вучыцца менавіта верыць. Верыць у тое, што іхнія бацькі змогуць забясьпечыць ім добрую будучыню, а сабе – спакойную і заможную старасьць. Што будзе расьці хлеб, наліваючыся золатам на ніве без гістэрыі вакол ураджаю. Што мы вылезем, нарэшце, з акопаў, у якія нас загналі яшчэ ў 17 годзе, і пабачым, што наўкола ня толькі ворагі, але і сябры. Што не загаснуць зоркі ў небе. Ці ня так, шаноўны Іван Дамінікавіч? Магчыма, вы зараз чуеце гэтыя словы.
Закіньце за нас слоўца перад Звышнім. Калі ласка. Бо ня хочацца верыць тым, хто кажа, што Ён не разумее па-беларуску. Няўжо Ён не паслухае паэта?
Валянцін Бойка – выпускнік Мазырскага ўнівэрсітэту, сёлетні фіналіст конкурсу маладых літаратараў, прысьвечанага стагодзьдзю “Нашай Нівы”, украінец з этнічнага паходжаньня і беларус паводле сьветаўспрыняцьця.
Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!
Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: ПС 44 Vinohradska 1, Praha 110 00
E-Mail: svaboda@rferl.org
Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 2 66 39 52