<B>Чарнобыльскі шлях 2007: мірнае шэсьце і затрыманьні</B>

Радыё Свабода У Менску дэмакратычныя сілы правялі традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”. Нягледзячы на ачапленьні ў цэнтры гораду, да шэсьця далучыліся тысячы чалавек. Пасьля жалобнага мітынгу некалькі дзясяткаў удзельнікаў былі затрыманыя.
Арганізатары хацелі правесьці шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да будынку Нацыянальнай бібліятэкі, аднак гарадзкія ўлады дазволілі збор ля Акадэміі навук і далейшае шэсьце па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай – там была ўшанаваная памяць ахвяраў катастрофы.

Паводле арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”, у акцыі ўзялі удзел каля 10 тысяч чалавек. Назіральнікі адзначаюць, што сярод удзельнікаў пераважалі маладыя людзі.

Пасьля мітынгу байцы спэцназу міліцыі ачапілі натоўп людзей ля “Макдональдзу” на вуліцы Багдановіча і пачалі брутальна іх зьбіваць і кідаць у аўтобусы. Некалькі дзясяткаў маладых людзей былі затрыманыя і завезеныя ў Цэнтральны РУУС. Там на іх не складалі пратаколы, а толькі бралі адбіткі пальцаў, фатаграфавалі і перапісвалі прозьвішчы.

Онлайн-рэпартаж

Фотарэпартажы