“Палкоўнік Уладзімер Замяталін адкрыта выказваўся пра “сувязі апазыцыянэра Лукашэнкі” з... Захадам”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 23 красавіка ў розныя гады.
“Звезда”

“Звезда” ў 1927 годзе тлумачыць: “У інстытут Леніна паступаюць ад асобных грамадзянаў і ўстановаў запыты адносна таго, які дзень — 22 ці 23 красавіка — лічыць правільнай датай нараджэньня Ўладзімера Ільліча Леніна. Уладзімер Ільліч нарадзіўся 10 красавіка 1870 году паводле старога стылю, ці 22-га паводле новага, таму што ў 19-м стагодзьдзі розьніца паміж гэтымі стылямі складала 12 дзён. У зьвязку з тым, што цяпер прыняты новы стыль, правільнай датай нараджэньня Ўладзімера Ільліча варта лічыць менавіта 22 красавіка”.

“ЛіМ”

У 1937 годзе “ЛіМ” да 5-годзьдзя пастановы ЦК ВКП(б) аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый піша: “Перад беларускай літаратурай усіх яе жанраў, акрамя задачы паказу станоўчых вобразаў барацьбітоў за новае грамадства, стаіць задача паказаць у мастацкай літаратуры двурушніцтва і шкодніцтва, бюракратычную благадушнасць і падхалімства. {Хіба ў нашым жыцці няма перажыткаў праклятага мінулага... з чым трэба весці барацьбу?..} Нам трэба паказаць у мастацкай літаратуры агідны твар тройчы прэзрэнных трацкістаў, правых, нацдэмаў, — усю погань, якая перашкаджае чалавецтву ісці да прагрэсу”.

“Народная воля”

У 1997 годзе “Народная воля” нагадвае: “Як не згадаць — калі ў свой час дэпутат Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адкрыта выкрываў і лупцаваў карупцыянэраў, толькі палкоўнік Уладзімер Замяталін адкрыта выказваўся пра “сувязі апазыцыянэра Лукашэнкі” з... Захадам. Аднак час бяжыць, разам зь ім мяняюцца й норавы. З выкрывальніка Ўладзімер Пятровіч ператварыўся ў абаронцу прэзыдэнцкага гонару. Хоць бы вось такім чынам — чужымі рукамі, ня ўласнымі думкамі”.