Дударскі Фэст — 2007 +

Іна Студзінская, Менск У Беларусі хутка пашыраецца грамадзкі рух па вяртаньні аднаго з самых старажытных і містычных беларускіх інструмэнтаў — дуды (беларускай валынкі). Сёньня ў канцэртнай залі “Менск” адкрыўся “Дударскі фэст – 2007”. У фэстывалі бяруць удзел амаль два дзясяткі каманд, у тым ліку госьці зь Літвы і Польшчы.
Слухаць:



Насамрэч гэта – чацьвёрты дударскі фэст. Першыя два адбыліся ў 1992 і 93 гадах, іх праводзілі старыя майстры – Уладзімэр Пузыня, Алесь Жура, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось. А потым 13 гадоў быў перапынак. Старэйшае пакаленьне дудароў паказала майстар-клясу і пачало займацца дасьледчыцкай дзейнасьцю. Але вырасла новая генэрацыя: у парках, кутках Менску стыхійна ўтвараюцца цэлыя спаборніцтвы беларускіх дудароў (у Купалаўскім сквэры, за Нацыянальанй бібліятэкай зьбіраецца моладзь і танчыць пад дуды). Таму летась з посьпехам правялі трэці фэст.

Пра ўдзельнікаў сёлетняга фэсту распавядае адзін з арганізатараў Зьміцер Сасноўскі:

“У гэтым фэстывалі удзельнічаюць “Келіх Кола”, “Ліцьвінскі хмель”, “Testamentum terrae”, якія выкарыстоўваюць беларускія дуды. Польшча шырока прадстаўлена. Ёсьць гарадзкі гурт “Дудзяжы Велькапольскі”, аўтэнтычныя дудары зь вёсак, якія спэцыялізуюцца на граньні на вясельлях. “Пэрлінкай” нашага фэсту будзе вядомы дудар з Баўгарыі, японец па паходжаньні Ютака Кабанэ, які будзе граць на фэсьце на некалькіх відах баўгарскіх дудаў”.

На фэстывальнай сцэне гучыць музыка розных кірункаў – ад традыцыйнага фальклёру, мужчынскіх стьпеваў пад дуду – да рок-музыкі з дудамі. Дуды таксама самыя розныя: галісійскія, шатляндзкія, швэдзкія, латыскія. І хаця чамусьці лічыцца, што дуда – гэта традыцыйны шатляндзкі інстумэнт, Зьміцер Сасноўскі перакананы:

“Этнографы ў 19-м стагодзьдзі, апісваючы традыцыйны беларускі побыт, казалі, што ніводнае беларускае сьвята не абыдзецца бяз гэтага музычнага інструмэнту. Спэцыфіка беларускай дуды ў тым, што яна выкарыстоўвалася ў традыцыйных абрадах: каляды, валачобніцкі абрад, радзіны, вясельле. Беларуская дуда адрозьніваецца практыкай выкарыстаньня, канструкцыяй, танальнасьцю і, адпаведна, рэпэртуарам. Беларусь была заўсёды дударскім краем, яна і зараз вяртае сабе гэтае імя. І таму ва Ўсходняй Эўропе мы першыя, хто пачынае праводзіць міжнародныя фэстывалі дуды”.

Ціквавая акалічнасьць: традыцыйна лічыцца, што дуда – гэта мужчынскі інструмэнт. Але на “Дударскім фэсьце” сапраўдны фурор учынілі жанчыны – удзельніцы польскага гурту “Дудзяжы Велькапольскі” і беларуска Аксана Касьцян, якая скончыла музычную вучэльню па клясе флейты, але потым захапілася дудой:

“Я вучылася пад кіраўніцтвам Зьміцера Сасноўскага. Я граю ў гурце “Стары Ольса” таксама. І быў такі экспэрымэнт пастаўлены: дзяўчыне стала цікава, што такое дуда, як гэта робіцца – паколькі гэта традыцыйна мужчынскі інструмэнт. Вырашылі даць мне лёгенькі інструмэнт, які падобны больш на дзявочую дуду, і вось бачыце, што атрымалася.

Карэспандэнтка: “У вас латыская дуда. А чаму?”

Аксана: “Яе зрабіў ў Рызе ў 1992 годзе майстар Марыс Янсанс паводле прататыпу латыскіх дудаў”.

Фэст працягнецца яшчэ тры дні. Гурт “Стары Ольса” выканае сярэднявечныя эўрапейскія танцы і старадаўнія беларускія песьні. Рок-гурт “Litvintroll” выступіць у акустыцы з сапраўднай шатляндзкай дудой. “Келіх кола” прадставіць публіцы беларускі і латгальскі фальклёр 30-х гадоў — спалучэньне беларускіх дудаў зь нямецкім акардэёнам. Магілёўскі гурт «За парогам» пакажа галісійскую дуду. Гурт «Ліцьвінскі хмель» і «Testamentum terrae» (Менск) выступяць на фэсьце з праграмай, дзе будзе прадстаўлена і беларуская, і эўрапейская дударскія традыцыі.

У фэсьце будзе ўдзельнічаць адзін з самых паважаных беларускіх майстроў дуды — Алесь Лось, які са сваёй капэляй выканае дударскую музыку розных рэгіёнаў Беларусі.


Зьміцер Сасноўскі


Беларускі гурт “Litvintroll”


Гурт з Познані “Дудзяжы Велькапольскі”


Аксана Касьцян


Гурт “Келіх Кола”