Радыё Свабода, Страсбур Сёньня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы праходзяць слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі . Напярэдадні прайшла прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў асамблеі, на якой прысутнічала карэспандэнтка украінскай службы нашага радыё Натальля Вікуліна.
Рэнэ ван дэр Ліндэн, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што першае, што павінна адбыцца – гэта рух зь беларускага боку. Пасьля яго візыту быў дакладны сыгнал з боку Рады Эўропы, што яна гатовая, што яна шукае шляхі ўзаемаразуменьня, каб Беларусь наблізілася да стандартаў Рады Эўропы. "Трэба, каб Беларусь паказала, што яна робіць гэта, цяпер настала чарга Беларусі", - заявіў Рэнэ ван дэр Ліндэн.
Андрэс Хэркель, старшыня падкамітэту ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сказаў, што дыялёг павінен адбывацца паміж дэмакратычна арыентаванымі бакамі. "Не было б добрым пачаткам, калі б такі дыялёг пачынаўся інакш", - сказаў ён.
Спадар Хэркель таксама сказаў, што дыялёг зь якімі б то ні было эўрапейскімі арганізацыямі Беларусь можа пачаць толькі пасьля таго, як вызваліць палітычных вязьняў.
На прэсавай канфэрэнцыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выступіў таксама Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў, што ПАРЭ ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і што яе ацэнкі – аб''ектыўныя і дастаткова дакладныя. Мілінкевіч падкрэсьліў важнасьць таго, каб Рада Эўропы надавала ўвагу адукацыйным праграмам у Беларусі, каб у Беларусі ведалі пра эўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці.
І Аляксандар Мілінкевіч, і Анатоль Лябедзька заклікалі правесьці спэцыяльную канфэрэнцыю па Беларусі. Лябедзька таксама заклікаў вызваліць Андрэя Клімава і Аляксандра Казуліна.