Радаўніца ў сем’ях зьніклых

Алег Грузьдзіловіч, Менск Ульляна Захаранка адмаўляецца думаць, што малодшага сына Юр’я няма сярод жывых, таму памінальнай сьвечкі за яго не запальвае. Сёлета на Радаўніцу яна ўпершыню за многія гады не пайшла на могілкі, дзе пахаваныя яе муж і старэйшы сын Уладзімер.
“Вось ляжу. Усе паехалі на могілкі, а я ляжу. Ціск упаў, сэрца слабое, не магу ні хадзіць, ні што рабіць у хаце. Клікалі, дык адказала, што яшчэ павалюся ды там памру. Таму сёньня пабуду дома, а калі адпусьціць, то можа паціху сама прыйду”.

Ульляна Рыгораўна жыве ў мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне. Кажа, што на Радаўніцу да магілаў праходзіць шмат людзей — сваякоў, знаёмых, проста тых, хто ведае пра гора сям’і Захаранкаў і спачувае.

“У Валодзі і ў Юры было шмат сяброў, і калі я на Радаўніцу на могілкі прыходжу, то бачу, як шмат іх сяброў прыходзіць. Мы са сваячаніцай тады іх частуем. А як будзе цяпер, ня ведаю”.

Маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Вольга з раніцы наведала магілы бацькоў і сваякоў. Пачуўшы пра хваробу Ўльляны Захаранкі, Вольга Завадзкая ўспомніла нядаўняе наведваньне Васілевічаў.

“Мы там былі. Так, яна хварэе, схуднела. Але ўсё роўна яна малайчына. Заўсёды прычасаная, прыбраная, пажартуе з намі заўсёды. Малайчына”.

Пра сябе Вольга Завадзкая кажа коратка: нічога новага. Справу яе зьніклага сына спынілі й фактычна не расьсьледуюць.

“Цішыня. Ужо нават ніякага ліставаньня не вядзецца. Толькі вось грамадзтва згадвае — дзякуй, што не забываюць гэтай тэмы. Дай Бог, калі-небудзь усё стане вядома”.

Зьміцер Завадзкі зьнік у ліпені 2000 года. За яго выкраданьне і забойства асудзілі былога спэцназаўца Ігнатовіча з суўдзельнікамі, але суд гэтак і не адказаў на пытаньне, дзе знаходзіцца цела журналіста. Няма адказу і на пытаньне, хто замовіў выкраданьне.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда на Радаўніцу могілак не наведвае. Кажа, тут ніхто зь яе сваякоў не пахаваны. У тое, што яе муж Віктар нежывы, Зінаіда ня верыць.

Тэлефоны сям’і Красоўскіх не адказвалі. Вядома, што Ірына Красоўская стала жыве ў ЗША, але часта наведвае Беларусь. Яе бачылі на апазыцыйным мітынгу на Дзень Волі.

Вядучаму. Беларуская апазыцыя, праваабаронцы і шмат хто ў сьвеце мяркуюць, што выкраданьні палітыкаў Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага — справа беларускага “эскадрону сьмерці”, таемнага аддзелу брыгады спэцназу на чале са Зьмітром Паўлічэнкам. Сярод падазраваных у датычнасьці да зьнікненьняў называюць таксама былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Сівакова, былога генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Краіны Эўразьвязу і ЗША забаранілі ўезд гэтым асобам на сваю тэрыторыю. Справаздачы эўрапейскіх структураў адзначаюць, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не спрыяе аб’ектыўнаму расьсьледаваньню справаў зьніклых.