"Мультымільянэрам наадварот" зрабіўся жыхар Віцебску Барыс Хамайда"

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 13 красавіка ў розныя гады мінулага.
На гэтым тыдні 1927 году гарадзенская "Gwiazda Mlodziezy" пад загалоўкам "Што павінны ведаць аб Вялікадні?" піша: "Другая традыцыя Велікодных сьвятаў — гэта звычай дзяліцца яйкамі. Аказваецца, што й гэты звычай быў запазычаны хрысьціянскай рэлігіяй з далёкіх паганскіх часоў. Яйка — гэта агульна распаўсюджаны сымбаль вясны. Усё жывое нараджаецца зь яйка. Таму яно здаўна лічылася й сымбалем сьвята вясны — сымбалем жыцьця, памнажэньня, сымбалем прыроды, якая абуджаецца ад зімовага сну".

"Дружна выйдзе на суботнік калектыў шчацінна-шчотачнай фабрыкі, — з гонарам абвяшчае ў 1977 годзе "Вечерний Минск". — Штаб правядзеньня сьвята працы, які ўзначальвае дырэктар прадпрыемства Н.М.Волкаў, давёў да кожнага вытворчага ўчастка канкрэтнае заданьне. У дзень суботніка калектыў фабрыкі выпусьціць прадукцыі на 13,5 тысяч рублёў. На зэканомленай сыравіне будуць працаваць наборны і валасяны цэхі. Усе падрыхтоўчыя работы да "чырвонай суботы" на фабрыцы ўжо завершаны".

На гэтым тыдні 1997 году "Витебский курьер" адзначае: "Мультымільянэрам наадварот" зрабіўся жыхар Віцебску Барыс Хамайда. Сума штрафаў, атрыманых ім паводле рашэньняў судоў за паўмесяца, склала 27 мільёнаў рублёў... Калі гэтыя радкі будуць надрукаваны, да папярэдніх штрафаў Хамайды дадасца новы. А магчыма, Барыса пасадзяць у турму сутак на пяць. І гэта — слушна. Яго наагул штрафаваць няма сэнсу, таму што асабістая маёмасьць патрыёта Беларусі складаецца з вопраткі і абутку, якія ён праз увесь час носіць, кепкі ды авоські для газэтаў і сухога абеду. Таму лепш яго садзіць".