“Адзіны чалавек з пачуцьцём гумару – гэта Рыгор Барадулін"

Іна Студзінская, Менск Журналісты і рэдактары амэрыканскай газэты “USA Today” склалі сьпіс з 25 самых запамінальных цытатаў і выказваньняў прэзыдэнтаў, дзяржаўных мужоў і грамадзкіх дзеячаў Злучаных Штатаў Амэрыкі. Некаторыя выразы сапраўды сталі крылатымі, іншыя забыліся. Выказваньні некаторых расейскіх палітыкаў, кшталту “мачыць у сартыры”, “Мухі асобна, катлеты асобна”, “Хацелі, як лепш, атрымалася, як заўсёды” таксама сталі анэкдотамі і нагодамі для кпінаў сатырыкаў, гумарыстаў. А як з пачуцьцём гутару ў беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў?
Беларускія палітыкі таксама часьцяком выказваюцца трапна і на першы погляд сьмешна. На пачатку 90-х, калі па тэлебачаньні і радыё вяліся прамыя рэпартажы з пасяджэньняў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, народ запісваў “пэрлы” за тагачасным сьпікерам парлямэнту Мікалаем Дземянцеем. Мікалай Іванавіч сказаў аднойчы сакрамэнтальную фразу на “трасянцы”: “Хто как хаціт, тот так і гаварыт”. І пайшло: “Включыце шастой мікрафон, там в заднем праходзе чалавек уже давно стаіт”. “Сядзьце, дэпутат Крыжаноўскі, а то сейчас назаву вашу фамілію”...

Ну а пасьля настала цэлая эпоха аднаго палітыка, з цытатаў якога можна не адну 25-ку запамінальных цытатаў скласьці. Тут ад сьмешных “Толькі ўзяўся за яйкі – масла зьнікла”, “Я эканаміст па паходжаньні” да трагікамічных, кшталту “Скарыны, які ў Піцеры вучыўся” і “Быкава, на вершах якога я выхоўваўся”.

Адкуль бяруцца гэтыя “пэрлы”? Выпадковасьць альбо добра прадуманы “піярскі” ход?

Палітоляг Аляксандар Фядута, які пэўны час знаходзіўся ў блізкім атачэньні беларускага прэзыдэнта, шмат працаваў на выбарчых кампаніях ва Ўкраіне і Расеі, ведае паліттэхналёгіі, выказаў такое меркаваньне:

Фядута: “Я зараз не магу сказаць, тое, што кажа Лукашэнка – гэта падрыхтавана, ці не. Таму што можа быць і так, і так. Аўтара фразы “Чачэнскіх тэрарыстаў будзем мачыць у сарціры” таксама ведаю. А вядомая фраза Барыса Ельцына “Сядзяць 100 снайпэраў і чакаюць” – гэта “ляп”. Таму невядома, што казаць...”

Культуроляг Вацлаў Арэшка мяркуе:

Арэшка: “Я думаю, што гэта ня хітрыкі “піярскія”, а гэта з душы рвецца. А паколькі душа – яна такая, кшталту “толькі ўзяўся за яйкі, дык масла прапала”, яна прыкладна такой глыбіні і ёсьць. І зь яе прыкладна такое ж выплывае, таму мы час ад часу бачым твар без маскі. А што да таго – гэта гумар ці не – яно сьмешна, але, так бы мовіць, скрозь сьлёзы”.

Палітоляг Ўладзімер Мацкевіч лічыць, што спантаннае параджэньне, такі народны крэатыў:

“Шмат якія гэтыя бязглуздыя афарызмы так званыя зьявіліся наступствам непісьменнасьці, мне падаецца. Гэта і пра Скарыну Піцерскага, і пра вершы Быкава. Думаю, што і шмат іншыя якія бязглузьдзіцы маюць такое ж паходжаньне”.

Ільвіная доля пэрлаў, крылатых выразаў належыць Аляксандру Лукашэнку. Аднак некалі, калі Лукашэнка толькі стаў прэзыдэнтам, ягоны паплечнік дэпутат Віктар Кучынскі заявіў, што гатовы з грамнатамётам у руках абараняць свайго прэзыдэнта.

Летась дэпутат Нацыянальнага сходу Васіль Хрол прапанаваў ператварыць мястэчка Глыбокае, што на Віцебшчыне, у эўрапейскі Лас-Вэгас, сканцэнтраваць там ўвесь беларускі ігорны бізнэс. На поўным сур’ёзе ён фактычна цытаваў Астапа Бэндэра: “Уявіце, у Глыбокім зьявяцца хмарачосы, будуць арганізаваныя авіярэйсы з усіх буйнейшых гарадоў сьвету”.

Дэпутат Сяргей Касьцян прапанаваў (цытую) “падвергнуць прымусовай стэрылізацыі безадказнага лавэласа”, дый наагул, усіх асацыяльных элемэнтаў.

Берасьцейскі губэрнатар Канстанцін Сумар так хацеў пагадзіць прэзыдэнту, што сказаў: “Вы вышэй за Бога, Аляксандар Рыгоравіч”.

Палітоляг Аляксандар Фядута цалкам перакананы: у беларусаў няма пачуцьця гумару.

“Адзіны чалавек з пачуцьцём гумару – гэта Рыгор Барадулін. Ва ўсіх астатніх публічных пэрсонаў пачуцьцё гумару адсутнічае. Тое, што яны кажуць – ня сьмешна. Нават калі ўсе потым сьмяюцца. Як, напрыклад, з глупства, якое кажа спадар Касьцян, ці спадар Хрол, ці нават Лукашэнка – ня сьмешна. Яны проста кажуць гэта сур’ёзна. Пачуцьця гумару ў беларускай палітыцы няма”.

Якую фразу вы хацелі б бачыць на расьцяжцы над праспэктам Незалежнасьці?

Апытаньне на праспэкце Незалежнасьці каля мэтро "Кастрычніцкая".