У “Доме літаратара” Ніл Гілевіч, Ала Сямёнава, Яўген Буры

Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ала Сямёнава. Рэдактар: Сяргей Абламейка
ЛІТПРАЦЭС

ЯЎГЕН БУРЫ: “СЛОВЫ ЧЭСЛАВА МІЛАША СТАЛІСЯ МАІМІ”

“Іншага канца сьвету ня будзе” — так называецца том выбраных вершаў знанага польскага паэта Чэслава Мілаша, які толькі што выйшаў з друку. Гэта першая беларуская паэтычная кніга ляўрэата Нобэлеўскае прэміі, што нарадзіўся ў Шатэйнях на беларускай Віленшчыне. Да яе колькі гадоў таму па-беларуску выйшла кніга эсэяў Мілаша “Скуты розум”. З адным з перакладчыкаў новае кнігі Яўгенам Бурым гаворыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Яўген, вы яшчэ зусім малады літаратар і перакладчык, узяліся пераствараць па-беларуску ўсясьветна вядомага творцу. Даволі ўпэўнены і сьмелы творчы крок для пачаткоўца. Ня страшна было ставіць сваё імя побач зь імем Нобэлеўскага ляўрэата?”

Яўген Буры: “Так атрымалася, што з дзяцінства ня страшна было ставіць сваё імя, дзе яго ні прасілі ставіць. А зь Мілашам атрымалася так, што маё знаёмства зь ім адбылося, дзякуючы Андрэю Хадановічу, на адным з вечароў ягонай перакладніцкай майстэрні, дзе мне прапанавалі Мілаша ў арыгінале. З польскай мовай я меў справу ў першай, другой, трэцяй клясе, таму штосьці засталося. Я ўзяўся, і так атрымалася, што да глыбіні душы мяне гэта ўразіла. Мілашавы творы былі падобныя да таго, што я сам перажываў, думаў, і таму неяк арганічна ішла работа з ягонымі тэкстамі. Я іх сам перажываў. Таму і імя маё там, як гэта ганарыста ні гучала б, я лічу і выпадковасьцю, і заканамернасьцю”. Аксак: “Вось вы ўжылі слова “перажываў”. А між тым, з двух з паловаю дзясяткаў вершаў, што ўвайшлі ў гэтую кнігу ў вашых перакладах, пераважная бальшыня належыць сталаму Мілашу. Розьніца ва ўзросьце не была перашкодай у дакладнай перадачы эмацыйнага кантэксту твораў?”

Буры: “Напэўна, гадоў праз дваццаць мае пераклады выглядалі б іначай — я буду ўдзячны лёсу, калі такое здарыцца. Але цяпер з першых жа старонак польскага тэксту Мілаша ягоныя словы сталіся маімі словамі, як мне падавалася. Я не разумею, чаму так адбылося, але так адбылося. І сапраўды, Мілаш для мяне, напэўна, найлепшы паэт дваццатага стагодзьдзя. Я вельмі зь ім парадніўся”.

Аксак: “А як даўно вы пачалі чытаць і перакладаць Мілаша?”

Буры: “Асноўныя творы, пэўна, прачытаў гады два з паловай таму. Менавіта тады, калі мы з Андрэем Хадановічам пазнаёміліся, і ён прапанаваў перакладаць. Праца пайшла. Спачатку было дзевяць вершаў перакладзена. Потым была прапанова надрукаваць пераклады ў часопісе “Паміж”, і так атрымаўся яшчэ дзясятак. Потым было каля пяцідзесяці перакладаў, але, на жаль, толькі каля дваццаці пяці зь іх больш-менш задавальнялі мяне. Астатнія, мажліва, калі-небудзь таксама ўбачаць сьвет”.

Аксак: “Беларускую кнігу вершаў Чэслава Мілаша, апроч вашых, склалі пераклады вядомых беларускіх літаратараў Алеся Разанава, Лявона Баршчэўскага, Алега Мінкіна, Алеся Чобата, Андрэя Хадановіча, Яна Чыквіна, Міколы Раманоўскага і Юрася Бушлякова. Многія перакладзеныя імі вершы вы таксама перакладалі, і яны ўвайшлі пераважна ў разьдзел “Іншыя вэрсіі перакладаў”. Вы ведалі, што, скажам, верш “Так мала” ўжо пераклаў Разанаў, ці што “Campo di Fiori” перастварылі да вас Андрэй Хадановіч з Юрасём Бушляковым?”

Буры: “Так атрымалася, што я даведаўся пра гэта, калі пераклаў менавіта гэтыя два вершы. На тую ж майстэрню я прынёс свой варыянт, а мне зачыталі тое, што ўжо было. А калі мне гэта зачыталі, я зразумеў, што ня марна я працаваў з гэтымі тэкстамі. І нават калі яны застануцца толькі для мяне, гэта вялікі досьвед, якім я ў нейкім сэнсе ганаруся. Безумоўна, пазьней выбіраючы вершы для перакладаў, я больш уважліва спрабаваў дазнацца, ці перакладзеныя яны, ці не. Але гэта ня быў вызначальны фактар. Былі вершы, якія адпавядалі майму ўнутранаму стану”.

Аксак: “Дык ці чакаць кніжку Чэслава Мілаша толькі ў вашых перакладах?”

Буры: “Я паспрабаваў перакласьці верш “Дзіця Эўропы”, перакладаю ўжо каля году, і ўсё ніяк не перакладу. Гэта для мяне нейкі паказьнік. Калі гэты верш у мяне атрымаецца ў бліжэйшы год — гэта будзе для мяне знакам, што я перакладу Мілаша. Калі не атрымаецца — значыць, я буду чытаць Мілаша ў перакладах іншых”.

Аксак: “Апроч перакладаў вы пішаце і ўласныя творы, былі адным з пераможцаў конкурсу маладых літаратараў імя Пятраркі. А ці не замінае вам займацца літаратурай прафэсійная праца юрыста? І ўвогуле навошта юрысту паэзія?”

Буры: “Ня ведаю, што адбываецца з гэтым сьветам, са мной што адбываецца, бо ў жыцьці так склалася, што гадоў да пятнаццаці літаратура мяне абсалютна не цікавіла. Потым, напэўна, добрыя кніжкі патрапілі на вочы, сталі маімі ўлюбёнымі, стаў зачытвацца, потым такая цудоўная сустрэча зь Мілашам... Бачу ў гэтым нейкі лёс”.

АЎТАР І ТВОР

НІЛ ГІЛЕВІЧ: “БЕЛАРУСКУЮ СПРАВУ ТРЭБА РАБІЦЬ НА СЛАВУ”

Ці не перашкаджаюць паэту нацыянальныя матывы ўздымацца да ўсясьветных вышыняў творчасьці? Без якіх чыньнікаў паэтычны талент ня зможа разьвінуцца на ўсю сілу? Якія сьвяты пад сумневам у беларускім календары? На гэтыя пытаньні Міхася Скоблы адказаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.



Міхась Скобла: “Ніл Сымонавіч, мне прыгадаўся адзін ваш сатырычны верш: “Паэт на дачы зьеў ранэт, пасьля ўздыхнуў і склаў санэт аб тым, наколькі розны сьвет і розныя паэты: чатырохсоткавы паэт, і паўгэктаравы паэт, зямлі бацькоўскае паэт, паэт усёй плянэты”. Беларуская паэзія ўся заглыбленая, укаранёная ў родную зямлю. Як вы лічыце, хто з нашых творцаў мысьліў катэгорыямі сапраўды плянэтарнымі?”

Ніл Гілевіч: “Вось вы сказалі пра заглыбленасьць беларускай паэзіі ў беларускі дол. А што, вугорская паэзія менш заглыбленая? Ці баўгарская, якую я вельмі добра ведаю, менш заглыбленая? Рэч у тым, што кожны значны паэт, як сын сваёй зямлі, будзе заглыблены ў родны дол каранямі сваёй творчасьці. І, разам з тым, вядома ж, ён будзе належаць усяму сьвету. Бо ўсё тое, што зьяўляецца клопатам усяго чалавецтва, гэта і яго клопат”.

Міхась Скобла: “І ўсё ж, хто з беларускіх паэтаў наўсьлед за Максімам Багдановічам найперш дбаў пра агульначалавечыя каштоўнасьці? Паколькі “ўсе мы разам ляцім да зор”?

Гілевіч: “Найперш Янка Купала. А з маіх сучасьнікаў, каго ня толькі ведаў, але і меў гонар сябраваць, назаву Максіма Танка. Гэта паэт эўрапейскага ўзроўню. Але ці можам мы сказаць, што ён недастаткова нацыянальны? Не. Тое самае Аркадзь Куляшоў — паэт эўрапейскага і сусьветнага гучаньня. Я так лічу: кожнаму сапраўднаму паэту, як бы ён ні быў прывязаны да сваёй малой радзімы, яму абавязкова баліць, павінна балець тое, што баліць усім людзям, дзе б яны ні жылі па ўсёй плянэце”.

Скобла: “Памятаеце Коласава: “Колькі талентаў зьвялося, колькі іх і дзе ляжыць...” А што патрэбна, каб таленавіты паэт адбыўся? Якія дадаткі да таленту неабходныя?”

Гілевіч: “Ёсьць яшчэ нешта вельмі важнае і значнае, без чаго талент ня зьдзейсьніцца, не разгорнецца на ўсю сваю моц. Сапраўдны талент павінен быць і сапраўдным грамадзянскім талентам. Але хачу асабліва падкрэсьліць густ. Я лічу, што густ — гэта нешта надзвычай важнае. Калі няма густу, ня выручыць і талент. І беларуская паэзія можа даць адпаведныя прыклады. Скажам, Антон Бялевіч ці Міхась Машара. Ад Бога, ад прыроды ім быў дадзены паэтычны талент. А густу не выпрацавалі. Значыць: мала вучыліся, не набылі сапраўднай культуры ўвогуле, культуры эстэтычнай, літаратурнай. Чытаеш іх рэчы, бачыш: там-сям мільгане таленавіты радок, удалы вобраз. А ў цэлым рэчы няма. Густ не дапамог, няма густу ў чалавека. І адваротны прыклад: Міхась Стральцоў. Ён меў бездакорны густ”.

Скобла: “Пасьля ўсіх ператрусаў беларускага календара, пасьля адмены адных сьвятаў і ўвядзеньня другіх якія даты вы адзначаеце?”

Гілевіч: “Галоўнае сьвята для мяне — Дзень Волі 25 Сакавіка. Затым — старыя народныя сьвяты — Новы Год, Каляды, Вялікдзень, Радаўніца, Купальле, Дзяды. Сьвята абаронцаў Айчыны... Я б яго сьвяткаваў, але чаму яно прыпадае на 23 лютага? Калі б яно прыпадала на 8 верасьня! Выдатная дата — мы абаранялі Айчыну! Божа мой, якое б гэта было выдатнае сьвята! Я вельмі хацеў бы, каб у нас быў Дзень Жанчыны. Але зноў — чаму нейкія там нямецкія сацыял-дэмакраткі пастанавілі сьвяткаваць 8 сакавіка? Тут ёсьць пытаньні. Таму я стараюся быць ветлівым у такія дні, але не магу гэтых датаў прыняць да сэрца, як я прымаю вялікія нашы народныя сьвяты”.

Скобла: “Якія вершы пачуюць сёньня нашы слухачы ад самога аўтара?”

Гілевіч: “Прачытаю вершы пра тое, што мяне найбольш хвалявала і хвалюе, што найбольш балела і працягвае балець. Мы, беларускія паэты, сёньня апантаныя вось гэтым клопатам, жывем гэтым клопатам і мы абавязаны гэта рабіць у кожную гістарычную эпоху, асабліва ў такую гістарычную эпоху, у якую жывём сёньня мы, беларусы”.

НІЛ ГІЛЕВІЧ. ЗЬ ВЕРШАЎ АПОШНІХ ГАДОЎ

КРЫК ВЫГНАНЬНІКА НА РАДЗІМЕ

Ці ранак, ці поўдзень, ці вечар, Куды ні пайду, ні ступлю — Ні сьледу ад той векавечнай, Што кроўнай любоўю люблю!

Ні слова на мове народа! Ні гуку на мове зямлі! Прыблуды, манкурты, звыроды Амаль даастатку зьвялі.

Ад дум у душы халадзее. Трываньне на частачкі рву. Панове начальнічкі! Дзе я Праз вашую ласку жыву?

Куды, у якую дзяржаву, Наяве, а быццам у сьне, На гібель, на зьдзек і няславу Вы выгналі з дому мяне?

Куды, паяднаўшы ў хаўрусе Усякую погань і гнюсь, З дзяржавы маёй — з Беларусі Вы выгналі прэч Беларусь?

НЕ БЯДУЙЦЕ!..

Не бядуйце, настаўнікі мілыя, Што з праграм і падручнікаў школьных Песьні-думы паэта праўдзівыя Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.

Выдзяўбаюць з той самай нянавісьцю, Як калісь, на крывавым прадвесьні, Каршуны, што віселі тут навісьсю, Выдзяўбалі Купалавы песьні.

Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца? Хто падымецца? Хто абароніць? Белы зайчык пад кусьцікам туліцца. Звон на вежы зьнямелай ня звоніць.

Звон ня звоніць... Ды хоць і панылыя Па калдобінах цягнуцца будні, Не бядуйце, настаўнікі мілыя: Шчырым песьням ня згінуць ад блудні.

З тых праграм, што ваююць, як ратнікі, За свабоду, — ніякім дэкрэтам Іх ня зьняць! Калі нават сьцярвятнікі Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.

ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ

Запраданцы і зноскі! Прадавайце, ды знайце, сычы: Прыйдзе час — Каліноўскі Вас аднойчы падыме ўначы.

Не, ён вас не павесіць, Нават пальцам ён вас не кране. Толькі ў вочы пасьвеціць: На каго вы падобны — зірне.

*** І зноў брыдота слоў пустых! І зноў з экраннай рамкі цеснай Якісь нявысьветлены тып Бялкамі бліскае злавесна.

І зноў крычыць пра Беларусь, Маўляў: люблю і ганаруся, Але ў вачах яго чамусь Зусім ня бачна Беларусі.

Ну каб хоць што ад той зямлі, Што ўся замешана на ласцы, На дабрыні, на цеплыні, На мроях, сьветлых, як у казцы.

Пра Беларусь крычыць, аднак, Як доўга слухаць я ні мусіў — Каб хоць адзін маленькі знак, Што гэта голас Беларусі.

Каб хоць бы што ад той душы, Што ўся збалелася ад болю, За гвалты дзякуй даючы, За крыўды плацячы любоўю.

О, краю мой! Ты столькі зьнёс Абраз — хапіла б на паўсьвету. Яшчэ і гэту ўскінуў лёс. Няўжо зьнясеш яшчэ і гэту?

БАЛЯДА ПРА ВАНЬКУ I МАНЬКУ

Ванька і Манька, Каб не псаваць Адносін з багатай суседкай, Рашылі ёй хату сваю аддаць I жыць у яе пад паветкай. Ну й недарэкі!

Як жыцьмуць яны там? Вядомая рэч: Зімою заенчаць абое: "А дзе ж наша хатка? А дзе ж наша печ? А што ж мы зрабілі з табою? Ну й недарэкі!"

Пасьля — акалеюць. I прыме іх дол. I крыж ім паставяць з паметкай: "Ванька і Манька. Мелі свой дом, А ўмёрлі ў людзей пад паветкай. Ну й недарэкі!"

НАВАТ З АМБОНУ

Божа праведны! Нават з амбону Бласлаўляецца ўладным крыжом — Не Свабода, ня сьвятасьць Закону, А душы беларускай пагром.

Пра якое яднаньне ён кажа — Гэты знаны вялебны сьвятар? Злыдзень рукі вяроўкаю вяжа, Што паклалі вянок на алтар.

Пра якую духоўнасьць вяшчае? Пра якую маральнасьць гудзе? Злыдзень мову народа зьнішчае І на вусны мне плямбу кладзе.

Пад якою харугвай сьвятою Ён пяе — каб і я падхапіў? Злыдзень бруднай, паскуднай пятою На сьвятыні мае наступіў!

Для чаго ж, нібы дыму з кадзіла, Напускае імглы ягамосьць? Каб забыў я, што наша Радзіма — Гэта наша Радзіма і ёсьць?

Марна, марна шчыруе вялебны! Беларусь на плянэце — адна. Нашы продкі ў змаганьнях палеглі Не затым, каб згібела яна.

А затым, каб насуперак гвалту Нейчай волі нялюдзкай, сьляпой, Узрасла і набралася гарту Пад уласнай харугвай сьвятой.

А ПАВІННЫ, А МУСІМ...

Беларускую справу Трэба, хлопцы, рабіць Ня цяп-ляп, а на славу. Справу трэба любіць!

Цяпам-ляпам, пасьпешна, Мы і цэлым гуртом Не збудуем належна Беларускі наш дом.

А павінны ж, а мусім Так яго збудаваць, Каб майстроў Беларусі Сьвет зьяжджаўся вітаць.

А павінны, а мусім Так свой гонар явіць — Каб у дом Беларусі Бог зайшоў блаславіць.

КРЫТЫКА

АЛА СЯМЁНАВА

“МАСТАК — ПРА МАСТАКА”

Віктар Карамазаў. Брама: аповесьць. Мн., “Кнігазбор”, 2006. 126 стар., 16 каляр. ілюстрацый.

Твор жывапісу. Тут мастак спалучае, наслойвае, арганізоўвае процьму задум, схільнасьцяў, уяўленьняў, вызначэньняў, пераўтварэньняў... Жывая і дзейсная шматзначнасьць... Як выславіць сваё ўяўленьне ад выявы? У іншай знакавай сыстэме, у іншай сыстэме вобразаў? Улас Дарашэвіч, крытык таленавіты і іранічны, згадваў, што нават і Вэнэру Мілоскую можна апісаць так: "Дефектов в сложении не имеется, грудь развита нормально, но, к сожалению, не хватает рук".

Патрэбна эстэтычнае чуцьцё. I здольнасьць прамовіць пра свае ўражаньні. I канкрэтныя веды. I ўменьне расчытаць, расшыфраваць мастацкі код — ярка, вобразна, цікава. Адчуць думку і эмоцыі. У кнізе пра мастака, у рамане-біяграфіі, аповесьці-біяграфіі — стварыць постаць мастака, паказаць асобу, распавесьці пра таямніцы творчасьці, вызначыць канкрэтныя выявы, карціны, спалучыць размову пра духоўнае жыцьцё мастака і яго працу, дзе так блізка: і філязофія, і пошук інтэлектуальны, і эмацыянальнае напружаньне, і фізычныя высілкі — часам цяжкія.

Гэта ўдаецца пісьменьніку Віктару Карамазаву. У прыватнасьці — у аповесьці "Брама", што выйшла ў сьвет у выдавецтве "Кнігазбор", аповесьці пра выдатнага беларускага мастака Гаўрылу Вашчанку. “Брама” -- ня першая кніга выдатнага празаіка і бліскучага эсэіста пра майстроў выяўленчага мастацтва. Да таго былі "Крыж на зямлі і поўня ў небе" — пра В. Бялыніцкага-Бірулю, "Антон" -- пра пасьлядоўніка гэтага знакамітага жывапісца Антона Бархаткова. Падрыхтавана да друку кніга пра творчасьць і жыцьцё аднаго з самых вытанчана-паэтычных, неабвержна-чароўных у сваёй настальгіі па рамантыцы фальваркаў і маёнткаў XIX стагодзьдзя — Станіслава Жукоўскага.

Між іншым, прыемна тут адчуваць і нейкія свае "ўкінутыя" "тры грошыкі". У тую пару, калі ў часопісе "Нёман" былі каляровыя ўклейкі, рубрыка “Гісторыя, культура, нацыя”, я замовіла Віктару Філімонавічу тэкст пра Бялыніцкага-Бірулю. А ён напісаў раман... Як высьветлілася, і самому Карамазаву былі таксама знаёмыя натхнёныя штудыі з пэндзлем — на пленэры і ў студыйных умовах. Мабыць, гэта таксама садзейнічала творчым удачам пісьменьніка. Але найперш, мне здаецца, прычынаю іх было ўменьне свой духоўны і творчы вопыт вызначыць у сыстэме каардынатаў іншага творчага досьведу, шукаць мастацкі сэнс у вышыні духоўных зьдзяйсьненьняў, у іманэнтнасьці імправізацый, у жорсткай дысцыпліне прафэсіянала. І ў фактах біяграфіі — зьнешніх і ўнутрана, сьвядомасна вызначаных.

Гэта ўсё датычыць і біяграфічнай аповесьці "Брама", дзе мы знойдзем і канкрэтыку жыцьцёвага і творчага шляху Гаўрылы Вашчанкі, і мастацкі роздум аб прыродзе яго творчасьці, і прафэсійны, пісьменьніцкі (мастацкі) і мастацтвазнаўчы аналіз карцін. Аналіз яркі, вобразны, зьмястоўны, філязафічна насычаны.

Хацелася б падкрэсьліць -- гэта пакуль што адзіны выпадак у нашай беларускай творчай практыцы: майстар слова — пра майстроў выяўленчага мастацтва. Выпадак шчасьлівы. Бо тыя, хто прачытае "Браму", зазнаюць і духоўныя , і генэтычныя вытокі пакліканьня мастака — пра гэта ў кнізе прамоўлена пераканальна і на той высокай ноце, што не сасьлізгвае ў ненатуральную патэтыку, а вядзе аповед на мове душы, калі сутнасьць і форма дасягаюць гармоніі.

Нябесны знак архангела Гаўрыіла быў некалі пачуты. І прачула ўспрыняты срэбны гук яго трубы...

Мы даведаемся і пра паляшуцкія карані Гаўрылы Вашчанкі, і пра яго штудыі ў Кіеве і Львове, пра яго выдатных настаўнікаў. I пра Гаўрылу Вашчанку —настаўніка і мастака адначасова. "я вучыў маладых, а яны вучылі мяне”, -- працытуе Віктар Карамазаў мастака. І пазначыць зноў словамі мастака, зьвернутымі да студэнтаў, тую неаспрэчную суадноснасьць інтуіцыі і прафэсійных ведаў і звычак, натхненьня і разьліку: “Ваш ідэал — мастацкая інтуіцыя, і вы спасылаецеся на Мікелянджэла? Так, гэта геній інтуіцыі... I вы ня бачыце ўсюды дакладна разьлічаных формаў і кампазыцый? Шасьцімэтровы гігант "Давід" стаіць на каркасе адной інтуіцыі?"

Віктар Карамазаў распавядзе і пра "гармонію крыла, зямлі і неба": "Пісаў з натуры, але пісаў і тое, што не ўкладвалася ў канкрэтныя абрысы. Абстрактны роздум. У ім ачышчэньне і прасьвятленьне".

Пісьменьнік красамоўна апісвае і зьяўленьне , стварэньне многіх твораў Г. Вашчанкі. Знакамітыя "Цыклямэны". Ня вельмі шанаваны на тую пару жанр — натурморт. А тым ня менш і мэдаль быў атрыманы, і Трацьцякоўка набыла карціну... І Віктар Карамазаў даў нам адчуць стыхію творчасьці, палон натхненьня, чар, одум фарбаў, палёт думкі і фантазіі, дзе жывыя колеры, "адчуваньне вясны", што ад "улады свайго ўнутранага зроку". "Самапартрэт душы" мастака.

Пісьменьнік Віктар Карамазаў умее ня толькі адчуць, але і зрокава перадаць сэнс твору, водар яго, настрой... Жывапісныя палотны: "Сакавік", "Жніво", "Маё Палесьсе", "Хлеб"... Вітражы Дому кіно (сёньняшняга і былога касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены), росьпіс "Асьветнікі" ў Доме настаўніка... I пазначыць пяром майстра: Гаўрыла Вашчанка -- мастак, мысьляр, асьветнік... А яшчэ часам і дойлід, і прараб, і чорнарабочы...

I сейбіт. Змагар. Той, што скідае маску за маскай з магутнага "падцарка", падсьвечваючы на гадзіньніку на карціне сапраўдныя колеры будучыні. Той, што пазначыць: народ і пушча — узрушаная вайной стыхія. Той, што пабачыць кругі бяды вясковай жанчыны...

I чалавек-вандроўнік... Улюбёны ў Беларусь, у яе зямлю, яе краявіды... Яе неба... Улюбёны ў роднае Палесьсе... Віктар Карамазаў пакажа нам падарожжа мастака па родным краі са сваімі блізкімі, з жонкай і сынам. Згадае па-мастацку пра роднасьць душ, памкненьняў, спакойную неадменнасьць адносін... "Акварэльнае падарожжа"...

Палесьсе... Вечная дума... Вечная радасьць... Палымнеючае хараство Быцьця... Карціна "Брама". I вечны боль — карціна "Зорка Палын".

I думкі... Роздум... Як на гэтай выяве... Дзе "маладыя, гарачыя, у чырвона-белым вольным паветры постаці коней”. Самой прыроды, тоеснай прыродзе мастака Гаўрылы Вашчанкі... Якую таленавіта адчуў і таленавіта прадставіў чытачу мастак Віктар Карамазаў у сваёй аповесьці “Брама”.