Радыё Свабода Сёлета Вялікдзень разам адзначаюць праваслаўныя і католікі. Да нашых слухачоў са сьвяточным казаньнем зьвярнуўся Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.
Што для нас азначае Вялікдзень
“Радыё “Свабода” правяло апытаньне сярод слухачоў на тэму “Што для вас перш за ўсё азначае Вялікдзень”. Слухачом прапанавалася прагаласаваць за адзін з наступных магчымых адказаў: “пост і малітва, духоўнае сьвята”, “магчымасьць дараваць і прасіць дараваньня”, “фарбаваныя яйкі і булкі” і “я не сьвяткую”. Адкінуўшы апошні адказ тых (а іх, на жаль, аказаўся даволі вялікі адсотак), для каго гэтае сьвята ня мае значэньня, разгледзім тры першыя.
У першым выпадку трэба сказаць, што кожнае рэлігійнае сьвята ёсьць духоўным, а пост і штодзённая (а ня толькі на сьвята) малітва зьяўляюцца неабходнай прадумоваю духоўнага росту верніка. Калі ідзе пра “магчымасьць дараваць і прасіць дараваньня”, дык ці ж мы ў штодзённай малітве, якую навучыў нас сам Госпад Ісус Хрыстос, ня кажам “І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым”?
Такім чынам, для Вялікадня, паводле апытаньня “Свабоды”, характэрнымі застаюцца “фарбаваныя яйкі і булкі”... Насамрэч, гэтая прапазыцыя атрымала найбольш галасоў. Вось да якіх нечаканых вывадаў прыводзяць нас часам апытаньні публічнай думкі.
Што ж тады для нас азначае Вялікдзень? Сьвяты Ян Дамаскін пачынае свой Велікодны гімн наступнымі словамі: “Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяем песьню перамогі”.
Пасха – габрэйскае слова, якое азначала выхад з ягіпецкай няволі да абяцанай зямлі пад кіраўніцтвам Майсея. Для нас яно набыло большае, глыбейшае значэньне: выхад зь няволі сьмерці пад кіраўніцтвам Бога, які стаўся чалавекам, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго боскага жыцьця. Вялікдзень – гэта акт абнаўленьня ўсяго тварэньня ў Богу.
Безумоўна, гэты акт абнаўленьня не прыйшоўся лёгка. Яго апярэджвалі пакуты і крыжовая сьмерць нашага Збаўцы. А паколькі “вучань ня большы за настаўніка”, дык і нам не пазьбегнуць цяжкасьцяў у гэтым жыцьці. Аднак нават у самыя цяжкія хвіліны ў нас не павінна пакідаць упэўненасьць нашай апошняй мэты.
Герой аповесьці Васіля Быкава “Трэцяя ракета”, адзіны беларус у невялікай шматнацыянальнай вайсковай адзінцы, успамінаючы сваю далёкую бацькаўшчыну, разважаў: “І ў гэтым невялічкім разьліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я – беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы ня так якое рускае слова, чую ад Задарожнага абразьлівае “трапка”, – хай сабе не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсьць у мяне свая вартасьць, і ён, як бы ні хацеў, ня можа абразіць мяне”.
Нешта падобнае, але ў далёка шырэйшым кантэксьце нашага Боскага пакліканьня, сустракаем у сьвятога Паўла: “Ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні ўлады, ні сілы... ні якое другое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым” (Рым 8:38-39). Вось гэта і ёсьць сутнасьць сьветлага і радаснага сьвята Вялікадня.
Вялікдзень 2007 г., а. Аляксандар Надсан”