У якім кірунку разьвіваецца рэлігійная палітыка ў Беларусі?

Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 6 краcавіка. Удзельнікі: філёзафы Валянцін Акудовіч і Пятро Рудкоўскі.
Валер Карбалевіч: “Пасьля краху камуністычнай сыстэмы ў Беларусі, як і ў іншых посткамуністычных краінах, пачаўся рэлігійны рэнэсанс. Адчыняюцца новыя храмы, утвараюцца рэлігійныя суполкі. Людзі ідуць туды і падчас народзінаў, і падчас заключэньня шлюбу, і ў часе пахаваньня блізкіх. Паводле сацыялягічных апытаньняў, прыкладна палова насельніцтва лічыць сябе вернікамі. Таксама й царква ідзе ў школы, шпіталі, войска, у месцы зьняволеньня. І нават кіраўнік дзяржавы на Каляды і Вялікдзень наведвае праваслаўны сабор са сьвяточнымі віншаваньнямі. Дык ці павялічылася роля рэлігіі ў грамадзкім жыцьці беларусаў? Ці стала рэлігія, царква рэальным чыньнікам грамадзкага жыцьця Беларусі?

Валянцін Акудовіч: “Безумоўна, рэлігія і яе базавая ўстанова – царква – сёньня зьяўляецца заўважным чыньнікам грамадзкага жыцьця. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць высокі ўзровень даверу да царквы і яе месца ў грамадзтве.

Разам з тым, уплыў рэлігіі на грамадзкае жыцьцё – мінімальны. І практычна нідзе рэальна не выяўляецца. Таму што сёньня царква на Беларусі – гэта служба выкананьня царкоўных рытуалаў. Як вы, сп. Карбалевіч, казалі, яна хрысьціць дзяцей, вянчае маладых на шлюб, выпраўляе аджылых у лепшы сьвет, ладзіць рэлігійныя сьвяты – такія, як Вялікдзень. Але ў штодзённым жыцьці чалавека царква татальна адсутнічае. Яна ня мае каналаў уплыву на людзей. Лякалізаваная сама ў сабе, царква стаіць на гары, як прыгожая цацка, зь якой у адмысловую хвіліну кожны ахвочы можа пацешыць і вока, і сэрца.

Дарэчы, якраз гэтай непрыдатнасьцю царквы ў нашым рэальным жыцьці й тлумачыцца той факт, што ўжо колькі гадоў у краіне ня можа паўстаць хоць якая хрысьціянская палітычная партыя. І гэта натуральна. Бо палітыка ёсьць працай з канкрэтнай рэальнасьцю, а царква ў нас далёка наўзбоч ад яе”.

Карбалевіч: “У чым праглядаюцца прычыны такога становішча – у дзейнасьці самой царквы, у палітыцы дзяржавы ці ў стане грамадзтва?”

Акудовіч: “Тут шмат чыньнікаў. Найперш такое адбываецца таму, што за Саветамі хрысьціянская традыцыя была вынішчана. Але галоўная прычына палягае ў тым, што беларусы – не містычная нацыя. У іх царква і вера не ўнутры, ня ў сэрцы, а недзе звонку.

Я ня зьвязваў бы гэтай сытуацыі з палітычнай уладай. Пры любой уладзе мы мелі б тое ж становішча. На мой погляд, царква ўжо ніколі ня стане на Беларусі штодзённай рэальнасьцю”.

Пятро Рудкоўскі: “Грамадзкае жыцьцё мае розныя вымярэньні – эканамічнае, палітычнае, духоўнае, культурнае, стан разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. І ўплыў рэлігіі на грамадзкае жыцьцё розны на розныя сфэры. Найбольшы ўплыў адчуваецца ў духоўна-культурнай сфэры. У якасьці прыкладу можна падаць шэраг культурных і інтэлектуальных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў цэрквах, касьцёлах, пратэстанцкіх дамах. Можна прыгадаць музычныя фэстывалі, інтэлектуальныя, багаслоўскія канфэрэнцыі. Вось у Віцебску рэгулярна праходзяць Дні хрысьціянскай культуры.

Таксама ўплываюць на мэнтальнасьць беларусаў пропаведзі, мэдыі. А царква сапраўды непасрэднага ўплыву на эканоміку, палітыку не аказвае. Але ж такой задачы яна й ня ставіць. Бо ў гэтай сфэры можа быць толькі апасродкаваны ўплыў”.

Карбалевіч: “Беларускія ўлады імкнуцца ператварыць царкву ў інструмэнт сваёй палітыкі. Кіраўніцтва дзяржавы робіць стаўку на праваслаўе. Назіраецца цеснае супрацоўніцтва дзяржаўных органў і праваслаўнай царквы. Ня толькі Лукашэнка пасьлядоўна кантактуе з саборам, але й мітрапаліт Філарэт асьвячае ўсе важныя палітычныя мерапрыемствы. Некаторыя экспэрты загаварылі пра абдзяржаўленьне праваслаўнай царквы. Ці можна ў такіх варунках сказаць, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі робіць гэтак жа, як і дзяржаўнае кіраўніцтва любой краіны, і што так дзейнічаў бы любы іншы беларускі прэзыдэнт? Ці ў палітыцы Лукашэнкі адносна рэлігіі і царквы відны нейкія асаблівасьці, уласьцівыя адно менавіта яму?”

Акудовіч: “Цяпер у нас хаўрус праваслаўнай царквы і ўлады шчыльны да непрыстойнасьці. А ўвогуле не пералічыць прыкладаў, калі ўлада выкарыстоўвала царкву. Бо, кажучы палітычнай мовай, у царквы і ўлады адзін электарат – савецкія пэнсіянэры. І калі б царква захацела нават заўпарціцца ўладзе, дык савецкія пэнсіянэры яе за гэта моцна не залюбілі б. А значыць – яна ў момант пазбавілася б усіх сваіх высокіх рэйтынгаў”.

Рудкоўскі: “Хачу падкрэсьліць, што ўлады найперш выкарыстоўваюць рэлігійныя пачуцьці людзей. Гэтаму паслугуюць сустрэчы Лукашэнкі зь ярархамі праваслаўнай, каталіцкай цэркваў.

Таксама гэта яскрава выяўляецца ў прапагандысцкіх фільмах беларускага тэлебачаньня. Да прыкладу, як у фільмах “Дарога в никуда”, Конспирология”. У такіх творах якраз моцна эксплюатуюцца рэлігійныя пачуцьці, хоць тое й выварочваецца аж да пачварнасьці. Паводле ж свайго этычнага мэсыджу, фільмы гэтыя зьяўляюцца антыхрысьціянскімі.

Але ня можна казаць, што ўлада зрабіла царкву інструмэнтам палітыкі, як гэта адбывалася ў клясычным выглядзе ў царскай Расеі, Францыі часоў Абсалютызму, Іспаніі часоў Франко. У Беларусі гэта немагчыма з тае простае прычыны, што беларуская ўлада, маючы генэзыс у атэістычнай савецкай мінуўшчыне, арганічна чужародная царкве. І наадварот.

Таму тут выкарыстаньне царквы можа быць толькі ўмоўным, няўстойлівым. Бо царква можа выйсьці (і падчас выходзіць) з-пад уладнага кантролю”.

Карбалевіч: “Насамрэч, як адзначыў, сп. Рудкоўскі, беларуская ўлада мае сваёй асновай савецкую атэістычную спадчыну. Невыпадкова Лукашэнка аднойчы назваў сябе “праваслаўным атэістам”. І, магчыма, улады ставяцца да царквы, як да любой іншай структуры грамадзянскай супольнасьці – як да аўтаномнай, не падкантрольнай дзяржаўным структурам? Альбо абдзяржаўліваюць? Альбо душаць? Структуры, якія паддаюцца абдзяржаўліваньню, набліжаюць да сябе, зь імі сябруюць. На тых жа, хто імкнецца захаваць аўтаномію ды яшчэ мае сувязі з Захадам, ціснуць. Іх абмяжоўваюць. Таму для сёньняшняй беларускай дзяржавы няма асаблівай розьніцы, ці гэта пратэстанцкая суполка, ці нейкая праваабарончая арганізацыя. Вось такі чыста прагматычны падыход да рэлігіі і царквы: што дапамагае ўмацоўваць уладу – тое добра; што не – тое дрэнна”.

Акудовіч: “Я падхапіў бы тэзу сп. Рудкоўскага пра чужароднасьць нашай улады і рэлігіі. Для Лукашэнкі царква – гэтаксама, як НАТА, ЗША, апазыцыя, ёсьць зьявай калі не варожай, дык глыбока чужароднай. Калі б ня прынцып палітычнай мэтазгоднасьці, дык пляжыў бы ён царкву гэтак жа, як апазыцыю.

Але дамінантнай царквой на Беларусі зьяўляецца праваслаўе, падпарадкаванае Расеі. Таму дасюль канфліктаваць зь ёй не выпадала, асабліва з прычыны існаваньня патаемных мараў пра шапку Манамаха.

Але сёньня, падчас пэрманэнтных канфліктаў беларускай улады з Масквой, насьцярога да праваслаўнай царквы ўзрастае. Бо Руская праваслаўная царква на Беларусі – гэта “пятая калёна” Расеі. А Лукашэнку вельмі істотна нэўтралізаваць наперад такі яе патэнцыял, каб у крытычны момант яна не ўзяла ды й ня здрадзіла беларускай уладзе.

Што ж тычыцца стаўленьня да іншых канфэсій, то тут Лукашэнку лягчэй не хаваць сваёй сутнасьці. Таму ў лепшым выпадку ён абыякавы да іх існаваньня, у іншым разе – непрыхавана варожы”.

Рудкоўскі: “На гэтае пытаньне, па сутнасьці, адказаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта сп. Рубінаў. У сваім артыкуле ў газэце “Советская Белоруссия” ён пісаў: “Узмацненьне ўплыву рэлігіі азначае адначасова паслабленьне ўплыву дзяржавы, дзяржаўнай ідэалёгіі”.

Што ўлада відочна насьцярожана ставіцца да рэлігіі ў любой праяве, стала зразумела яшчэ у 2002 годзе, калі быў прыняты сумна знакаміты Закон аб рэлігійных арганізацыях. Гэты акт абмяжоўвае магчымасьць самаарганізацыі рэлігійных суполак.

Сп. Акудовіч зазначыў, што праваслаўе можа ўспрымацца ўладамі як “пятая калёна” Расеі. Я думаю так: калі б праваслаўе было адназначна прарасейскім, то ўлады пачуваліся б куды вальней. Але праблема ў тым, што праваслаўе, як, дарэчы, і іншыя канфэсіі, у сваёй унутранай структуры вельмі неаднароднае. Там ёсьць моцная опцыя прэабражэнская, праэўрапейская. А факт неазначанасьці, невядомасьці – чаго чакаць ад канфэсій? – істотна пабольшвае насьцярожанасьць уладаў”.