“Аляксандар Лукашэнка выключаны з шэрагаў партыі, у якую рана ці позна запісваюцца амаль усе мужчыны”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Вітаю слухачоў Беларускай Свабоды з газэтных сховаў! Вось што пісалася ў газэтах 6 красавіка ў розныя гады мінулага.
“Адна з найпекнейшых будоўлі Беластока — гэта “Акварыум”, на рагу Мікалаеўскай вуліцы і рынку, — адзначае ў 1917 годзе “Гоман”. — Будоўля гэта пастаўлена ў 1818 гаду местовым архітэктарам Кулікоўскім для багатыра тутэйшаго, Заблудоўскаго. Пасьля яе аддалі пад шляхоцкі клюб, а цяпер у ей знаходзіцца рэстаран. Земля, на якой стаіць “Акварыум”, прададзена гетманам Браніцкім у 1756 гаду жыду Хаіму за 35 залатых, але Хаім заплаціў толькі 3 залатыя і ўцёк, каб яго не высеклі розгамі”.

Гарадзенская “Gwiazda Mlodziezy” ў 1927 годзе паведамляе з Польшчы: “Гімназыя ў Радошкавічах атрымала гэтымі днямі паведамленьне школьнага кураторыюм у Вільні, што ў сувязі з занатаванай сярод моладзі і настаўніцкага пэрсаналу гімназыі “камуністычнай і антыдзяржаўнай агітацыяй”, кураторыюм адклікае канцэсію, выдадзеную Тав. Бел. Школы на бестэрміновую дзейнасьць гэтай гімназыі і дазваляе выкладаньне адно да сканчэньня 1926—27 г. Далей прыведзена пагроза, што калі антыдзяржаўная акцыя будзе працягвацца, то гімназыю зачыняць імгненна”.

“Имя” на гэтым тыдні 1997 году піша: “Да добрай справы міжнароднай ізаляцыі цяперашняга беларускага рэжыму падключаюцца ўсё новыя і новыя замежныя структуры. 27 сакавіка сьвет даведаўся пра тое, што Аляксандар Лукашэнка выключаны з шэрагаў партыі, у якую рана ці позна запісваюцца амаль усе мужчыны. У гэты дзень лідэр Польскай партыі лысых Карэл Кляшаты скіраваў міністру замежных справаў Польшчы Дарыюшу Расаці ліст: “Асоба, якая адмаўляецца ад сваёй партыйнай прыналежнасьці і хавае свой партыйны білет — хоць ён у яго на галаве — ня можа быць дзейснай”... Лідэр ППЛ абвяргае чуткі пра тое, што Польская партыя лысых нібыта ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі”.