Выйшла на волю прадпрымальніца Ірына Лазоўская (абноўлены)

Алег Грузьдзіловіч, Менск Ленінскі суд Менску апраўдаў прадпрымальніцу Ірыну Лазоўскую паводле большасьці выстаўленых ёй абвінавачаньняў. Уладальніца крамаў моднага адзеяньня ў цэнтры Менску выйшла на волю, але яе адвакаты рыхтуюцца да судовых баталій ужо ў гарадзкім судзе.
Лазоўскую апраўдалі паводле ўсіх абвінавачваньняў, апроч нявыплаты падаткаў

Былая журналістка, уладальніца крамаў “Hugo Boss” і “Эскада” Ірына Лазоўская выйшла на волю. 30 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску апраўдаў яе паводле абвінавачаньняў у махлярстве і авалоданьні маёмасьцю, але прызнаў вінаватай у нявыплаце падаткаў. Дарэчы, гэта адзіная віна, якую прадпрымальніца прызнавала ў судзе. За гэта ёй далі тры гады абмежаваньня волі, але залічылі тэрмін арышту і вызвалілі ў залі.

Нагадаю, Ірыну Лазоўскую арыштавалі напрыканцы 2005 году паводле прэтэнзіяў да яе з боку некаторых інвэстараў крамаў і былога мужа Лазоўскай, прадпрымальніка Алеся Сушы. Яны лічылі, што Ірына Лазоўская праз махлярства з дакумэнтамі авалодала крамамі ў цэнтры горада, на якія яны таксама прэтэндавалі.

Сьледзтва ішло болей за год, потым доўга цягнуўся суд. Пракурор у судовых спрэчках заявіў, што доказаў віны Ірыны Лазоўскай дастаткова для прызнаньня яе вінаватай і прасіў для прадпрымальніцы 8 гадоў зьняволеньня. Але судзьдзя Тацяна Жулкоўская вырашыла інакш.

1,5 года пад вартай – “досьвед, які ніколі ня лішні”

Ірына Лазоўская на волі заявіла, што яе ніколі не пакідала надзея на справядлівы прысуд, а сёньня раніцай яна на 100 адсоткаў была пераканана ў тым, што выйдзе на волю. Просьбу перайсьці ў размове на беларускую мову, на якой раней пісала журналістка, Ірына Лазоўская выканаць не змагла.

Лазоўская: “Лягчэй, відаць, было б сказаць па-ангельску, бо мне зараз цяжка. І, магчыма, адна з прычын у тым, што чалавек, які выканаў пэўную ролю ў беларускім адраджэньні, мяне ў гэтую турму пасадзіў. А я зь ім 14 гадоў пражыла...”

Карэспандэнт: “А ці ня думаеце Вы, што гэтая справа мае нейкую палітычную падаплёку?”

Лазоўская: “Не, яно магло б мець палітычную падаплёку, калі б рашэньне было не на маю карысьць. Бо ў судох стаялі б чэргі розных галадранцаў з былога Савецкага саюзу і казалі, што гэта бізнэс не Іванова, а мой, Пупкіна”.

Ірына Лазоўская не шкадуе, што адбыла 1,5 года пад вартай, бо “набыла досьвед, які ніколі ня лішні”.

Адвакаты рыхтуюцца да паўторнага працэсу

Прадстаўнікі інвэстараў і прадпрымальнік Алесь Суша, прэтэнзіі якіх да Ірыны Лазоўскай суд не задаволіў, пакінулі суд, ня даўшы камэнтароў.

Між тым, адвакаты прадпрымальніцы Ігар Суслаў і Уладзімір Рудзік мяркуюць, што ім варта рыхтавацца да паўторнага працэсу ў Менскім гарадзкім судзе. “Вельмі смачны гэта кавалак – крамы ў цэнтры Менску”, – кажуць адвакаты, якія не выключаюць касацыйнай скаргі з іншага боку.

Таксама не выключаецца, што з прысудам, які вынесла судзьдзя Тацяна Жулкоўская, не пагодзіцца пракуратура. Адвакат Рудзік заўважыў, што на агалошаньне прысуду прадстаўнік пракуратуры нават не зьявіўся.