Пахаваньне загіблых у Самалі пілётаў адбудзецца на наступным тыдні

Ігар Карней, Менск Сёньня ўвечары ў менскі аэрапорт “Менск-2” будуць дастаўленыя целы адзінаццаці загіблых тыдзень таму ў Самалі пілётаў транспартнага самалёту Іл-76. Гэтым жа рэйсам на радзіму прыляцяць і дзесяць тэхнічных супрацоўнікаў авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”. Паводле першапачатковага пляну, яны мусілі пачаць дэмантаж рухавікоў іншага Іл-76, які 9 сакавіка гэтаксама быў абстраляны падчас пасадкі ў аэрапорце Магадыша, але экіпаж здолеў пасадзіць самалёт.
Пасьля трагедыі 23 сакавіка кіраўніцтва “Трансавіяэкспарту” прыняло рашэньне прыпыніць камандзіроўку. Сёньня раніцай праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты самалётам Ан-12 прадпрыемства “Гомельавія” у Менск вяртаюцца спэцыялісты кампаніі. На гэтым жа борце і 11 трунаў з парэшткамі экіпажу, зьбітага баевікамі-ісламістамі ў Магадыша.

Як паведамілі сёньня сваякі загіблых пілётаў, заплянаванае ад пачатку на суботу пахаваньне будзе адтэрмінаванае. Перадусім, гэта зьвязана з неабходнасьцю правесьці судова-мэдычную экспэртызу памерлых. Паводле папярэдняй інфармацыі, жалобныя мерапрыемствы адбудуцца ў панядзелак ці аўторак.

Мяркуецца, што ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” Ан-12 прызямліцца сёньня каля 18 гадзіны.

• Загінулыя ў Самалі пілёты застрахаваныя ўсяго на 15 тысяч даляраў?