“Наступны лідэр будзе не простанародным дэмагогам, а рафінаваным інтэлігентам”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 28 сакавіка ў розныя гады мінулага.
Дзень добры! Вось як выглядаў дзень 28 сакавіка розных гадоў мінулага ў публікацыях беларускіх газэтаў.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году зьвяртаецца да часопіса “Камуніст Беларусі”: “Галоўны партыйны ворган адкрыта прызнаецца: “Знайшлося сярод студэнцкае моладзі шмат такіх, якія падпадаюць пад уплыў варожай прапаганды… Яны крытыкуюць наш сацыялістычны лад, загражаюць існуючаму парадку і іхным прынцыпам… Яны малююць савецкую запраўднасьць у чорных хварбах… Такога роду зьявішчы можна заўважыць асабліва сярод некаторай катэгорыі інтэлігенцыі, а асабліва сярод студэнцкай моладзі. Шырыцца там іржа нігілізму і шкоднае крытыканцтва”.

“Вечерний Минск” у 1987 годзе друкуе адказ на запыт адносна магчымага адкрыцьця ў Менску рэчавага рынку: “Арганізоўваць рэчавы рынак у сталічным горадзе нямэтазгодна, таму што гэта выкліча прыток насельніцтва з бліжэйшых населеных пунктаў і іншых раёнаў краіны, будзе спрыяць распаўсюду розных нэгатыўных зьяваў і адмоўна адаб’ецца на падтрыманьні ўзорнага грамадзкага парадку ў горадзе”.

Уладзімер Мацкевіч на старонках “Имени” ў 1997 годзе прагназуе: “Новы лідэр павінен быць у нечым падобны да Лукашэнкі, а ў нечым — быць ягонай поўнай супрацьлегласьцю. Я думаю, што наступны лідэр зьявіцца гэтак жа нечакана, але ён павінен быць падрыхтаваны да таго, каб выскачыць з канапель. Ён будзе не прастанародным дэмагогам, а рафінаваным інтэлігентам. Агульнай у іх павінна быць воля да ўлады. Новы лідэр ня зьявіцца на хвалі народнай любові. Дэмакратычных спосабаў узяць уладу сёньня няма. Таму заручацца народнай любоўю ня трэба. Сытуацыю вырашыць толькі Менск”.