У 60 гарадах сьвету прайшлі акцыі “Дайце голас грамадзянам Беларусі!”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У ноч зь нядзелі на панядзелак больш чым у 60 гарадах сьвету прайшла акцыя “Дайце голас грамадзянам Беларусі!”. Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, актывісты арганізацыі “Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” з 30 краінаў завязалі раты помнікам у сваіх гарадах.
“Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” заклікалі сваіх сяброў, а таксама актывістаў недзяржаўных арганізацыяў з усяго сьвету ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі паказаць, што моладзі, якая жыве ў дэмакратычных краінах неабыякавы лёс беларусаў.

“Я вельмі задаволеная вынікамі акцыі – калі столькі людзей больш чым у 60 гарадах адначасова робяць такую акцыю, гэта вельмі моцны сігнал аб тым, што моладзь хоча пераменаў у Беларусі”, - сказала нашаму радыё Аса Ганвэн, віцэ-прэзыдэнт Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў.

Паводле яе, лідэры эўрапейскіх краінаў павінны нарэшце зьвярнуць ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Упершыню акцыя “Дайце голас грамадзянам Беларусі!” прайшла летась у 23 гарадах і будзе, як кажа Аса Ганвэн, працягвацца “да часу, калі ў Беларусі скончыцца панаваньне дыктатуры”.



Акцыя ў Бостане



Гётэборг



Парыж



Загрэб