Ігар Карней, Менск Імклівы рост коштаў на зямлю і нерухомасьць у Менску і ваколіцах спараджае барацьбу за зямлю паміж патэнцыйнымі пакупнікамі і забудоўнікамі. Кошт зямлі, з улікам паправак у Зямельным Кодэксе, праект якога знаходзіцца на разглядзе ў парлямэнце, можа вырасьці ў 20-30 разоў.
На пасяджэньні Горадабудаўнічага савету пры галоўным архітэктары Менску разгледзелі праект плянаваньня ў межах вуліц Кісялёва-Чырвонай-праспэкту Незалежнасьці на месцы старога тралейбуснага дэпо №1. Было вырашана: пасьля пабудовы новага дэпо ў мікрараёне Зялёны Луг, расейская кампанія “Маноліюм-працэсінг” пачне ўзводзіць забаўляльны комплекс. Сума інвэстыцыяў складзе больш за 150 мільёнаў даляраў, а агульная плошча забудовы дасягне 190 тысяч квадратных мэтраў. Маскоўскія забудоўнікі мяркуюць правесьці перамовы з групай “Рэдысан” аб удзеле ў будаўніцтве 4-зоркавага гатэлю на 200 месцаў. Апроч таго, тут зьявяцца адміністратыўны блёк, паркінг, офісныя і гандлёвыя будынкі, спартовыя і забаўляльныя аб’екты, нават стацыянарны каток.
Гісторыкі і архітэктары абураюцца, што шмат якія маштабныя менскія новабудоўлі ўзьнікаюць не на ўскрайку, а ў гістарычным цэнтры гораду. Прыкладам, праз гэта менскі Верхні горад для наступных пакаленьняў фактычна страчаны. Гаворыць гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі:
“Ва ўмовах прававога і інфармацыйнага недахопу рэалізуюцца калясальныя праекты. Па-за ўвагай грамадзкасьці, за плячыма Саюзу архітэктараў, знаўцаў архітэктуры, гісторыкаў гэтыя праекты неўзабаве стануць рэальнасьцю. Самыя гучныя зь іх – пабудова хмарачосу на Замчышчы, на месцы кавярні “Рэчанька”. Дагэтуль улады ня могуць уцямна адказаць, хто ж інвэстар калясальнай спаруды, якая груба парушае фактам пабудовы ўсё заканадаўства і статус ахоўнай зоны менскага Замчышча. Іншы праект, так званы Дом Масквы, неўзабаве мае быць рэалізаваны ля гатэлю “Беларусь”. Нарэшце, зьявілася інфармацыя пра буйны інвэстпраект з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Паводле мэра Паўлава, ужо гатовы праект, ён прайшоў усе ўзгадненьні і будзе рэалізаваны ў раёне Кастрычніцкай плошчы”.
Гатэльны комплекс маюць “уціснуць” на падмурак ансамблю кляштару бэрнардынцаў ХVII стагодзьдзя з касьцёлам сьвятога Язэпа. Пасьля чаго, як кажа спадар Харэўскі,фактычна зьнікне цэлы гістарычны квартал паміж вуліцамі Кірыла і Мятоды, Герцэна і Гандлёвай.
Жорсткае змаганьне за зямлю выйшла па-за межы Менскай кальцавой дарогі. У пасёлку Калодзішчах, дзе заплянавана будаўніцтва гольф-клюбу з пяцізоркавым гатэлем, кошт зямельных надзелаў вырас у некалькі разоў. Гэта выклікала спробу датэрміновага пераабраньня старшыні сельсавету, які праводзіць зямельныя зьдзелкі. Двойчы абраная галасаваньнем кандыдатура бракавалася кіраўніцтвам Менскага райвыканкаму.
На нейкі час абвешчаны перапынак у судовых слуханьнях па факту хабару ў 7 мільёнаў даляраў за атрыманьне зямлі ў Менскім раёне. Сьледзтва лічыць, што на лаве падсудных не галоўныя героі, а толькі пасярэднікі. Як кажа супрацоўніца адной зь менскіх рыэлтарскіх фірмаў Алена Бельская, пра памер “адкатаў” у сфэры нерухомасьці можна толькі здагадвацца. А невытлумачальны лёгікай рост коштаў на зямлю і будаўніцтва можа быць цалкам штучны:
“Ёсьць вэрсія: гэты рост цэнаў сплянаваны. Хтосьці на гэтым вельмі добра зарабіў. Апроч таго, ёсьць інфармацыя, што банкі зьбіраюцца павялічыць стаўкі па крэдытах, падвысіць працэнты. Ужо быў пэрыяд у студзені, калі будаўнічыя фірмы не заключалі дамовы на новае будаўніцтва, на долевае і іншае, пераглядалі кошты ў бок падвышэньня коштаў. Ну, і перагледзелі: цяпер кошт аднаго мэтру да 2000 даляраў даходзіць”.
Як кажа Алена Бельская, неўзабаве зямля можа падаражэць у дзесяткі разоў. На веснавой сэсіі Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні разгледзіць новую рэдакцыю Кодэксу “Аб зямлі”, якая прадугледжвае пераход на новы мэханізм выкупу надзелаў ва ўласнасьць. То бок, вырашальную ролю будзе мець не паказьнік “урадлівасьці глебы”, а месцазнаходжаньне, адлегласьць ад гарадоў і наяўнасьць інфраструктуры: вада, газ, электрычнасьць.
Калі дагэтуль намінальны кошт ўчастку на адлегласьці 25 кілямэтраў ад Менску быў каля 90 даляраў за сотку, то новая – прыкладна 330 даляраў. Паводле рыэлтараў, стандартныя 6 сотак у прымесьці Менску раней можна было выкупіць за 250 даляраў. З улікам паправак у Зямельным Кодэксе гэты кошт аўтаматычна падвысіцца ў 20-30 разоў. Кодэкс пачне дзейнічаць ад 2008 году.
***
У лютым 2007 году, паводле аналітычнага цэнтру “Realt”, кошты на нерухомасьць на другасным рынку жыльля ў Менску вырасьлі на 13% у параўнаньні са студзенем. Сярэдні кошт прапановы вырас на 174 даляры, дасягнуўшы 1519 даляраў за квадратны мэтар. У лютым хутчэй за ўсё расьлі цэны на 1- і 3-х пакаёўкі: яны падаражэлі на 14% і 15,4% адпаведна. 2-х і 4-х пакаёвыя кватэры вырасьлі ў кошце на 10% і 12%.
Дзеля параўнаньня: яшчэ ў чэрвені 2006 году кошты на нерухомасьць заставаліся “стабільнымі”, рост складаў 0,13 %, што было ніжэй за тэмпы інфляцыі. За чэрвень 1- і 2-х пакаёвыя кватэры падаражэлі, адпаведна, на 0,26 % і 0,46 % ад пачатку 2006 году. Кватэры ў новых дамах прадаваліся ад 900 да 1200 даляраў за квадратны мэтар. Аднак пад канец 2006-га аналягічныя кватэры ўжо каштавалі 1400-1600 даляраў за квадратны мэтар. А сярэдні кошт долевага будаўніцтва дасягнуў 1250 даляраў. У сярэдзіне году ён не перавышаў 1 тысячы даляраў.