Міраслаў Дэмбіньскі: маладыя беларусы раней ці пазьней перамогуць!

Сяргей Абламейка, Прага Ад 1 да 8 сакавіка ў Празе праходзіў Міжнародны фэстываль дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі. Фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы” атрымаў на ім два прызы. Адзін з гэтых прызоў штогод прысуджае адмысловае журы пад ганаровым кіраўніцтвам Вацлава Гаўла – за фільм, які ўносіць надзвычайны ўклад у справу абароны правоў чалавека. Другі прыз – за лепшы фільм у намінацыі “Наступнае пакаленьне Эўразьвязу” прысуджае студэнцкае журы. У апошні дзень фэстывалю Міраслаў Дэмбіньскі даў Беларускай службе Радыё Свабода эксклюзіўнае інтэрвію.
Абламейка: Шаноўны пане рэжысэру, віншую Вас зь дзьвюма ўзнагародамі, атрыманымі на праскім фэстывалі. Дзякуй Вам таксама з зацікаўленьне праблемамі беларускай мовы. Як Вы зацікавіліся беларускай тэматыкай?

Дэмбіньскі: Спачатку я зрабіў фільм аб Аранжавай рэвалюцыі на Ўкраіне. Пасьля гэтага я думаў, што ж можа быць яшчэ больш цікавае і складанае, бо кожны наступны фільм павінен быць вельмі цікавым? І так выглядала, што Беларусь зьяўляецца яшчэ больш цікавай тэмай – тое, што там робіцца, значна больш складанае і заблытанае ў параўнаньні з Украінай. Вось так два гады таму я заангажаваўся ў беларускія справы, і ўжо два гады спрабую праз кіно паказаць, як выглядае сытуацыя ў Беларусі. Асабліва цікава і важна, на маю думку, паказаць, як беларуская сытуацыя выглядае з пэрспэктывы маладых людзей, бо яны сёньня – носьбіты зьмен, носьбіты надзеі на лепшую будучыню для Беларусі.

Абламейка: Ну і вось пасьля гэтай двухгадовай працы, што Вы думаеце аб будучыні Беларусі і беларускай мовы?

Дэмбіньскі: Сытуацыя палітычная і геапалітычная вельмі складаная. Калі падыходзіць да яе рацыянальна, дык цяжка шукаць для Беларусі нейкіх аптымістычных сцэнараў. Разам з тым я думаю, што нават у самых цяжкіх, нават безнадзейных сытуацыях ня трэба здавацца, трэба змагацца. А змагацца трэба дзеля таго, што вы маеце рацыю, што праўда на баку тых маладых беларусаў, якія летась дэманстравалі на Кастрычніцкім пляцы ў Менску, пратэстуючы супраць сфальшаваных выбараў. Яны раней ці пазьней перамогуць, бо нельга вечна хлусіць і хаваць праўду.

Абламейка: Ну і як бы Вы пракамэнтавалі факт атрыманьня тут, у Празе, дзьвюх ўзнагародаў на Міжнародным фэстывалі дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі. А таксама – ці зьбіраецеся Вы далей працаваць над беларускай праблематыкай?

Дэмбіньскі: Гэтыя дзьве ўзнагароды вельмі важныя. Мне прыемна, што фільм, які я зрабіў, быў узнагароджаны. Але я ўспрымаю гэта ня як узнагароды фільму, але як узнагароды той справе, якую я хацеў паказаць у сваім фільме. Справа Беларусі вельмі важная і вельмі актуальная і трэба прыкласьці шмат намаганьняў, каб Беларусь і яе праблему прапагандаваць як найшырэй. І гэтыя ўзнагароды, і гэты фэстываль важныя для мяне таму, што яны зьвяртаюць увагу на праблемы Беларусі. Дзеля гэтага я стараюся паказваць гэты фільм як мага шырэй – наколькі гэта магчыма. Тут, у Заходняй Эўропе, гэты фільм быў ужо шмат разоў паказаны на розных фэстывалях. Але для мяне таксама важна, каб гэты фільм трапіў і ў Беларусь, каб ён прарваў бурбалку лукашэнкаўскай прапаганды. Мы зрабілі 4000 дыскаў, якія прызначаныя для распаўсюджваньня ў Беларусі. Так што я стараюся праз гэты фільм як мага шырэй паказаць беларускую праблему.



Нагадаем, у сваім фільме “Урок беларускай мовы” Міраслаў Дэмбіньскі спалучае гутаркі з маладымі людзьмі пра беларускую мову і пра сёньняшні ды заўтрашні дзень Беларусі з красамоўнымі кадрамі жорсткага разгону міліцыяй пікетаў ліцэістаў, а таксама кадрамі зь леташняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.



Гл. таксама:

Міраслаў Дэмбіньскі: гэта ўзнагароды ня фільму, але беларускай справе Фільм “Урок беларускай мовы” атрымаў спэцыяльны прыз на фэстывалі ў Празе У Польшчы выйшаў дакумэнтальны фільм “Урокі беларускай мовы”